Сяргей ВЫСКВАРКА: «Калі мы беларусы, у прыярытэце павінна быць свая культура»

СЯРГЕЙ ВЫСКВАРКА — асоба сярод дзеячаў культуры і аматараў традыцыйных беларускіх танцаў даволі вядомая. Ужо 20 год ён кіруе Любанскім фальклорным ансамблем «Верабейкі», які выступае амаль што на кожным фестывалі ў нашай краіне. Ведаюць жа калектыў не толькі ў Беларусі — «Верабейкі» выступалі і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расіі. Акрамя таго, узначальвае фалькларыст і гурт народнага гумару «Смехаўё», які склаўся на Любаншчыне некалькі год таму. Сам жа Сяргей Георгіевіч — чалавек цікавы і прыязны. А вось усеагульнай увагі не любіць, бо лічыць сябе звычайным беларусам. Карэспандэнта ж «БН» сустрэў з усмешкай, а пасля з цікавасцю распавядаў пра танцы, фальклор, сваё вясковае жыццё і мары.

Фалькларыст з Любаншчыны даведаўся пра «Танец каваля» ад 102-гадовай бабулі

СЯРГЕЙ ВЫСКВАРКА — асоба сярод дзеячаў культуры і аматараў традыцыйных беларускіх танцаў даволі вядомая. Ужо 20 год ён кіруе Любанскім фальклорным ансамблем «Верабейкі», які выступае амаль што на кожным фестывалі ў нашай краіне. Ведаюць жа калектыў не толькі ў Беларусі — «Верабейкі» выступалі і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расіі. Акрамя таго, узначальвае фалькларыст і гурт народнага гумару «Смехаўё», які склаўся на Любаншчыне некалькі год таму. Сам жа Сяргей Георгіевіч — чалавек цікавы і прыязны. А вось усеагульнай увагі не любіць, бо лічыць сябе звычайным беларусам. Карэспандэнта ж «БН» сустрэў з усмешкай, а пасля з цікавасцю распавядаў пра танцы, фальклор, сваё вясковае жыццё і мары.

— Нарадзіўся я ў вялікай сям’і ў вёсцы Пласток, што на Любаншчыне. У мяне тры браты і тры сястры — у сям’і я чацвёрты. З самага дзяцінства люблю вёску. Мабыць, таму далёка ад дома і не з’ехаў — зараз жыву ў Любані. А горад наш  вясковы. Тут амаль што ўсе адзін аднаго ведаюць, адносіны паміж людзьмі добрыя і сваяцкія. Ёсць толькі адно адрозненне: тут больш умоў для адукацыі і развіцця. У вёсцы ж застаўся ў нас дом. Вельмі люблю яго наведваць, праўда, толькі летам атрымліваецца бываць там часцей, а зімой ужо радзей.

Дарэчы, інтарэс да беларускай культуры, можа, у мяне не з’явіўся — ён са мною нарадзіўся. Мне заўсёды падабаліся народныя песні і танцы — танцаваў у школе, шмат чаго паказвала бабуля. Калі пачаў працаваць, то трэба было знайсці сваю нішу. У нашым раёне шмат таленавітых людзей, кожны выбраў сваю любімую справу. Я не мог займацца эстрадай, бо проста не ўмею спяваць — у мяне не хапае таленту. Вось так і сталася, што пачаў займацца народнымі танцамі. Увогуле, пасля заканчэння інстытута я прыйшоў у Дом культуры як спецыяліст па этнаграфіі і фальклору. Асноўная задача была — збіраць матэрыялы. Аднак не хацелася, каб гэта ўсё проста ляжала ў шафе...

— Сяргей Георгіевіч, я ведаю, што вы займаецеся менавіта адраджэннем беларускага танца…

— Так і ёсць, усе танцы, якія выконвае наш калектыў, — фальклорны матэрыял, дабыты ў экспедыцыях. Раней я ездзіў па вёсках і запісваў па расказах бабуль розныя танцы. Дык вось, паколькі я непрафесійны харэограф, то запісваў так, як разумеў. Каб хто глянуў на тыя запісы, дык і не разабраў бы! Зараз ужо лягчэй — можна здымаць танцы на відэа, дзякуй, тэхніка дазваляе. Увогуле, у кожнай вёсцы можна знайсці шмат фальклорнага матэрыялу. У асноўным я езджу па Любанскаму раёну, дык за пятнаццаць год яшчэ не здолеў аб’ездзіць усе вёскі! Часу не хапае. Мару, каб суткі сталі ўдвая большымі, а спаць не хацелася б зусім, мабыць, тады ўсё паспею.

Увогуле, зараз вядома каля 95 танцаў, якія былі папулярны на Любаншчыне. І гэта не ўсё, таму што, напрыклад, толькі танца «На рэчаньку» існуе каля 25 варыянтаў. А я лічу іх за адзін. Беларускіх танцаў сапраўды невычарпальная колькасць. І ў кожным раёне будуць свае варыянты, нейкія асаблівасці, і будуць гэтыя танцы адраджацца. Напрыклад, мы адрадзілі «Танец каваля» — ніхто не ведаў як яго танцаваць. А я даведаўся пра яго ад бабулі, якой было 102 гады! Яе звалі Аўдоцця Сцяпанаўна, жыла яна ў вёсцы Старыя Юрковічы нашага раёна. А мне ганарова тое, што нарадзілася яна, як і я, у Пластку, а ўжо пасля замужжа пераехала. Вось такая гісторыя. Дарэчы, я магу назваць каля 20 танцаў, якія ніхто больш не танцуе, акрамя нашага калектыву. Цяпер, можа, і танцуюць, паколькі мы сталі іх папулярызаваць.

— А моладзь і школьнікі цікавяцца фальклорнымі танцамі? Ці гэта бацькі прыводзяць сваіх дзяцей у калектыў?

— Я ніколі не працую праз бацькоў — заўсёды іду адразу да дзяцей у школу. У асноўным хадзіць на заняткі пачынае ўвесь клас. А дарослыя задаволены, што дзеці заняты чымсьці цікавым, а не толькі сядзяць за камп’ютарам. Галоўнае ж маё правіла: не адбіраць толькі здольных хлопцаў і дзяўчат. Фальклорным мастацтвам можа валодаць любы. Упэўнены, увогуле кожны чалавек здольны танцаваць або пець.

Дарэчы, зараз у мяне тры групы — у старэйшай каля 25 чалавек. Яны танцуюць ужо больш дзесяці год. З імі мы збіраемся на рэпетыцыі раз на тыдзень альбо перад вялікім канцэртам, ці калі патрэбна некуды ехаць на выступленне. У сярэдняй групе — 20 чалавек. Зараз набіраю малодшую групу — першы год навучання. Іх таксама будзе шмат. На заняткі ходзяць і мае дзеці — Арына, якая зараз у трэцім класе, і Арцём, які ўжо ў дзясятым. Прыходзяць заўсёды з інтарэсам, ды і ў іх атрымліваецца добра танцаваць. Напрыклад, Арцём разам з партнёршай на фестывалі «Берагіня» ўзялі Гран-пры за лепшы танец у сваёй узроставай катэгорыі. Праўда, не думаю, что Арцём альбо Арына пойдуць па маіх слядах. А я не стаўлю такую мэту. У кожнага чалавека свой шлях. Для мяне больш важна, каб яны і ўсе мае вучні сталі добрымі людзьмі.

Ёсць яшчэ і дарослая група, у якой увогуле поўная дэмакратыя. Можна прыйсці на адзін занятак, можна на два, можна пастаянна хадзіць. Цікава, што на сустрэчы прыходзяць людзі розных прафесій і рознага ўзросту — нават сямідзесяцігадовыя ёсць. Усіх аб’ядноўвае любоў да фальклору. Атрымаўся такі своеасаблівы танцавальны клуб. Да слова, зараз усе заняткі бясплатныя. Праўда, не ведаю, як будзе далей — без фінансавання прыходзіцца цяжка.

— У гэтым годзе «Верабейкі» адзначаюць дваццацігоддзе. Чаго атрымалася дасягнуць за гэты час?

— Увогуле, калі калектыў толькі пачынаў сваю дзейнасць, пра фальклорны танец амаль ніхто не гаварыў. Гэты рух толькі распачынаўся. І нават калі мы першы раз танцавалі, гэта было нечым новым… А вось ужо 20 год праляцела. Вельмі хутка. Безумоўна, за гэты час у мяне з’явіўся вопыт. Тое, што раней рабілася доўга, зараз атрымліваецца хутчэй.  Больш ведаю і танцаў. Мабыць, варта ствараць ужо нейкую відэатэку, таму што з кожнай новай групай узнікаюць і новыя танцы. А змянілася ўжо шэсць альбо сем пакаленняў танцораў у ансамблі! І ў кожнага быў свой рэпертуар. А бывала так, што адзін і той жа танец старэйшыя танцавалі адзін варыянт, а малодшыя — другі, больш новы. Пошук танцаў ідзе і зараз — і мы іх знаходзім. Калі казаць пра дзяцей, то, на мой погляд, у іх нічога не змянілася. У ансамбль прыходзяць таленавітыя хлопцы і дзяўчаты.

Безумоўна, за дваццаць год калектыў выступаў на розных фестывалях. А дзякуючы маёй вучаніцы Насці Кухарэнка мы прыдумалі летнюю школу фальклорнага танца — «Пятровіца». На цэлы тыдзень — ад Купалля (7 ліпеня) да Пятра (12 ліпеня) — на Любаншчыну з’язджаецца моладзь з усёй Беларусі, прыязджаюць госці з Расіі і Літвы. Жывуць усе ў палатках і танцуюць увесь тыдзень. Акрамя гэтага, я і мае вучні праводзім майстар-класы ў розных куточках краіны. Яны ўжо праходзілі ў Брэсце, Магілёве, Мінску, Полацку. На працягу ўсіх дваццаці гадоў маёй мэтай было не проста навучыць танцаваць (бо фальклорны танец лёгкі), а менавіта перадаць манеру. Сучасная пластыка другая. Вясковая ж — традыцыйная і асаблівая. І вось, каб пераняць манеру танца, патрэбен час.

Увогуле, цікава атрымалася, што мы працуем даўно, але толькі апошнія два-тры гады з’явілася нейкая вялікая ўвага да нас. Можа, вучні падраслі ды сталі гаварыць пра калектыў. А так я не думаю, што мы намнога лепшыя за іншыя калектывы. Мы проста іншыя, бо кожны калектыў адрозніваецца ад другога — рэпертуарам, касцюмамі, настроем…

— Аб чым марыце?

— Баюся загадваць. Мабыць, хацелася б навучыцца выбіраць галоўнае і менавіта гэтым займацца, а ўсё іншае адграбаць. Трэба паспець апісаць увесь архіў, той матэрыял, які назапашаны. Мару аб’ехаць усе вёскі і сабраць яшчэ больш фальклору. У планах — скласці кніжку па народнаму адзенню Любаншчыны. Яна ўжо ёсць, але ж патрэбна некалькі тыдняў, каб дапрацаваць. Проста ўзяць і скласці яе. Мару стварыць відэаархіў па фальклорнаму танцу нашага раёна. У галаве іх шмат, шмат у маіх запісах. Але без мяне ніхто ў іх не разбярэцца. Як кажуць, пісаў пісака, не разбярэ і сабака. Напэўна хочацца, каб быў яшчэ адзін такі чалавек, які б дапамог ўсё гэта здзейсніць. А наогул, самая галоўная мая мара — з’ехаць у Пласток, у дзедаву хату, і целы год адтуль не вылазіць! Бо менавіта яна мяне і натхняе.

Безумоўна, хочацца, каб прыходзілі ў калектыў новыя дзеці, каб яны цікавіліся традыцыйнай беларускай культурай. Зараз настаў такі час, што ўсіх не загнаць у адну сетку. Сёння ёсць тыя, хто любіць папулярную музыку, тыя, хто любіць рок-музыку, і тыя, каму падабаецца фальклорная. І моладзі, якая б такой музыкай цікавілася, шмат. Напрыклад, на тыя ж майстар-класы прыходзіць заўсёды каля 70 чалавек. Я б, мабыць, зрабіў так, каб у кожнага былі роўныя магчымасці і каб можна было выбіраць. Увогуле ні адзін накірунак не забараняў бы. Безумоўна, калі паглядзець, што мы беларусы, то ў прыярытэце павінна быць свая культура. Напрыклад, у Галандыі ёсць такія дні, калі ўсе жыхары павінны апранаць нацыянальнае адзенне. Аднак я лічу, што культура не павінна насаджацца — гэта глупства прымушаць, напрыклад, беларусаў хадзіць у лапцях і есці драўлянай лыжкай. Зараз іншы час. Нават у маім калектыве, калі мы выступаем, то дзяўчынкі на галаву заўсёды накідваюць хустачкі, таму што ва ўсіх — сучасныя прычоскі. У мяне часта пытаюць: чаго гэта твае дзяўчаты не з косамі, а ў хусцінках. А я адказваю, што кожны сам для сябе выбірае. Вось хочацца ёй быць прыгожай, зрабіць сабе нейкую прычоску, дык няхай робіць. Зараз ужо  не  ўсе дзяўчынкі ходзяць у старэйшых класах з доўгімі валасамі. Хай спрабуюць, эксперыментуюць, бачаць гэта жыццё. Нічога не павінна насаджацца, у тым ліку і народная культура, спевы і танцы. Патрэбна, каб гэта было цікава!

— Дзякуй, Сяргей Георгіевіч, за цікавую размову. Няхай усе мары абавязкова здзейсняцца!

Наталля БАРЫСАВЕЦ, «БН»

Фота з асабістага архіва

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter