Сын Петруся Броўкі перадаў у дар музею больш за 500 рэчаў, звязаных з жыццём і творчасцю народнага паэта

Сямнаццаць чамаданаў Броўкi

Бягучы Год культуры азнаменаваўся значнай падзеяй для Літаратурнага музея Петруся Броўкі. Сын народнага паэта Беларусі доктар юрыдычных навук, прафесар Юрый Пятровіч Броўка перадаў яму ў дар сямнаццаць чамаданаў асабістых рэчаў і дакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю бацькі, а таксама яго сям’і.


Загадчык сектара ўліку і захоўвання фонду Петруся Броўкі Вольга Іванова расказвае, што пакуль разабрана недзе палова набыткаў. Сярод іх — рукапісы, рэдкія фотаздымкі, аўтографы, посуд, сувеніры… Падлічыць колькасць новых адзінак захаванага на вока складана. А калі прыкладна, то калекцыю музея ўзбагацілі ад 500 да 1000 прадметаў, якія абавязкова з цягам часу будуць выкарыстаны ў пастаяннай экспазіцыі і падрыхтоўцы новых выстаў і праектаў. Адзін у музеі ўжо задумалі — «Броўка на чамаданах». Ён раскажа пра шматлікія вандроўкі пісьменніка.

Падарожнічаць Броўку даводзілася часта. Аб’ехаў усе рэспублікі былога Саюза. Бываў у Польшчы, Чэхаславакіі, ЗША, Германіі, Балгарыі. З кожнага падарожжа прывозіў на памяць нейкія дробязі: вось металічная скрынка ад цыгарэт з подпісам на англійскай ці вось так званыя курортныя бюветніцы — кубачкі для мінеральнай вады з розных санаторыяў. 

У адным з самых вялікіх чамаданаў аказалася многа таго, чым карысталася сям’я Броўкаў у што- дзённым звычаі: рэшткі ад моднага некалі сервіза «Мадонна», салатніцы, вазы, кубачкі, чаркі, талеркі, будзільнік, шкатулка са сціплымі ўпрыгажэннямі жонкі паэта Алены Міхайлаўны… 


— Для нас гэта вельмі каштоўныя рэчы, бо наведвальнікаў музея заўсёды цікавяць нейкія побытавыя падрабязнасці з жыцця паэта і яго дамашніх, — гаворыць Вольга Іванова, беражліва ў пальчатках дэманструючы прадметы.

Яшчэ цікавая рэч — стары сямейны альбом са здымкамі даваенных часоў: Пятрусь Усцінавіч з жонкай і маленькім сынам, родзічы і сябры, падарожжы сям’і ў Крым і на Ушаччыну ў Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся паэт. 

Вельмі каштоўная перапіска гадоў вайны, лісты і паштовыя карткі, адпраўленыя пісьменнікам жонцы і сыну ў Алма-Ату, дзе яны знаходзіліся ў эвакуацыі. Сам жа Броўка быў ваенкорам, працаваў у Маскве, ён адзін з тых літаратараў, хто выдаваў знакамітую газету «Раздавім фашысцкую гадзіну». Дарэчы, ёсць звесткі, што ён і прыдумаў гэтую назву. 

Адзін са значных новых экспанатаў — трафейная пішучая машынка маркі «Кантыненталь» прыкладна 1920—1930 гадоў выпуску. Тут свая гісторыя. Як згадвае сын паэта, пасля вайны бацьку гэтую машынку, а таксама гадзіннік і прайгравальнік падарыў Панцеляймон Панамарэнка. Дарэчы, такія наборы тады, у сярэдзіне 1940-х, атрымалі амаль ці не ўсе беларускія літаратары.


Машынка пакуль адзіная заняла сваё месца ў экспазіцыі — у мемарыяльным кабінеце паэта. Там, дарэчы, усё захоўваецца, як было пры яго жыцці: пісьмовы стол, кнігі, дыван, крэсла, нават кактусы на падаконніку. Адно толькі шторы — другія, гаворыць Вольга.

У доме №30 па вуліцы Карла Маркса, у кватэры нумар 4, дзе цяпер у пяці пакоях размяшчаецца музейная экспазіцыя, Пятрусь Броўка жыў з 1951 года і да сваіх апошніх дзён. Тут знаходзіцца каля 3 тысяч прадметаў, а ў фондах захоўваецца 25 тысяч. Сёлета іх стала значна больш, за што супрацоўнікі Юрыю Пятровічу Броўку шчыра ўдзячныя.

У тэму 


Максім Танк на пахвалы быў не надта шчодры, але ў сваім дзённіку напісаў: «Трэба сказаць, што выданне БелСЭ — сапраўдны подзвіг Петруся Броўкі і ўсяго яго калектыву. Цяжка пераацаніць яе значэнне для нашай культуры…»

Падрыхтоўку і выданне першай нацыянальнай энцыклапедыі Пётр Машэраў даручыў менавіта Броўку невыпадкова. Петруся Усцінавіча вельмі паважаў, добра ведаў як выдатнага пісьменніка і вельмі адказнага, апантанага і шчырага чалавека. У 1967-м Броўка ўзначаліў новаўтворанае выдавецтва «Беларуская савецкая энцыклапедыя». Вынік агульнай працы атрымаўся выдатным: 12 тамоў выйшла за вельмі кароткі тэрмін — з 1969 па 1975 год! У той час, калі ў другіх савецкіх рэспубліках выдаваліся максімум трохтомнікі сваіх энцыклапедый.

Сёння «Беларуская Энцыклапедыя» — адно з вядучых выдавецтваў краіны, якое носіць імя свайго славутага стваральніка.

СПАДЧЫНА

Бывалiца


Расказваюць, знаёмству Броўкі з будучай жонкай у пэўнай ступені паспрыяў яго сябар Пятро Глебка. Ён ажаніўся першым, а Броўка яшчэ быў халасцяком і нават на пісьмах да Глебкі з Ленінграда, дзе нейкі час працаваў, падпісваў «стархол»- стары халасцяк.

Будучая жонка Броўкі сябравала з жонкай Глебкі, праз гэта і завязалася знаёмства Петруся Усцінавіча з Аленай Міхайлаўнай, якая стала яму вернай спадарожніцай на ўсё жыццё.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter