Апусцела ніва: пайшоў з жыцця патрыярх старшынёўскага корпуса Герой Сацыялістычнай Працы Васіль Маісеевіч Гарошка

Сялянскі сын Палесся

Не існуе на свеце такога чалавека, якому няма чаго губляць. Губляем родных, блізкіх, сяброў… У вечны вырай адыйшоў слынны беларускі хлебароб Васіль Маісеевіч ГАРОШКА, Герой Сацыялістычнай Працы, кандыдат сельскагаспадарчых навук, ганаровы грамадзянін Пінскага раёна. Калядны вечар мне выпала шчасце правесці з гэтым унікальным чалавекам. Аўдавелы чатыры гады таму гаспадар дома ў пінскай вёсцы Вішавічы таксама шчыра абрадаваўся госцю. Нам было пра што пагутарыць…

Пра Васіля Гарошку, галоўнага агранома пінскага калгаса «Аснежыцкі», вядомага на ўсю былую вялікую нашу краіну, яшчэ школьнікам часта чуў па радыё. Бачыў яго іскрамётныя выступленні па тэлебачанні, якія нікога не пакідалі раўнадушнымі. Не думаў, што праз гады руплівы аграном стане героем маіх тэлепраграм. Потым ён эфектыўна і таленавіта працаваў старшынёй калгаса імя Горкага на гэтых жа пінскіх землях. 

Да апошніх дзён Васіль Маісеевіч жыў справамі гаспадаркі, якой кіраваў амаль чвэрць стагоддзя, справамі грамадства, роднай Беларусі. Багатым на ўспаміны выдаўся той студзеньскі вечар. 

Васіль ГАРОШКА на аснежыцкім полі. 1976 год.
Фота Юрыя Іванова

Крутыя віражы лёсу не песцілі сялянскага сына, а кавалі яго характар. Праца загартоўвала. У палескай вёсцы Селішча, што прытулілася да пясчанага ўзгорка перад разлогам прыпяцкай поймы, пасляваенная разруха супала з калектывізацыяй. Бацька Маісей Захаравіч перадаў у калектыўную гаспадарку каня, вупраж і сельгасінвентар. Вялікая сялянская сям’я Гарошкаў, як і ўсе вяскоўцы, трымалася няпісаных правілаў. У нядзелю і святы ўсёй сям’ёю ўпраўляліся па гаспадарцы і крочылі за чатыры кіламетры ў царкву, дзе бацька прыслужваў, а ў будні круглы год шчыравалі ў працы. Узгадаў Васіль Маісеевіч, як у снежныя зімы бацька раненька ўставаў і пратопваў яму са старэйшым братам Міхаілам сцяжынку праз поле і ўзлесак да школы. Браты Гарошкі першымі з вялікай палескай вёскі Селішча атрымалі вышэйшую адукацыю. Усё гэта дзякуючы бацьку, які ў 1917 го­дзе штурмаваў Зімні, меў два Георгіеўскія крыжы, але быў непісьменны. Ён зарокся сваіх дзяцей вывучыць. 

Цікава было слухаць пра прыгоды Васіля Маісеевіча ў юнацкія гады. У чатырнаццаць ён задумаў падацца ў невядомую далячынь. Употайкі ад родных адправіўся ў Пінскі райкам камсамола і папрасіў пуцёўку на маладзёжную будоўлю. Вярнуўся дамоў, сабраўся ў дарогу, падабраў момант і перад самым развітаннем заявіў пра свой намер. Збянтэжаная маці згубіла прытомнасць. Васіль хуценька адпаіў яе валяр’янкай, супакоіў і вярнуўся ў хату. Пачакаў трохі і праз вакно ўцёк.

— Я быў камсамолец і гарэў жаданнем праявіць сябе дзеля радзімы, — узгадваў у той калядны вечар Васіль Маісеевіч. — На ўсю краіну грымела слава пра ўдарныя камсамольскія будоўлі. Паехаў на сібірскую новабудоўлю. Холад, неабжыты край хутка астудзілі пыл. Схуднелы, вярнуўся дамоў. Але не супакоіўся. Яшчэ два разы адпраўляўся ў пошуках рамантыкі. Асвойваў цаліну, пакараў калмыцкія стэпы. 

Потым была служба ў арміі, вучоба ў Белдзяржсельгасакадэміі. Пасля атрымання дыплома вярнуўся на родную Піншчыну. Працаваў эканамістам, а потым узначаліў у калгасе «Аснежыцкі» агранамічную службу. Многаму вучыўся малады спецыяліст у аснежыцкага старшыні Уладзіміра Ралько, двойчы Героя Сацыялістычнай Працы. «Аснежыцкі» і іншыя перадавыя гаспадаркі Беларусі трымалі еўрапейскі ўзровень па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. 

Васіль Маісеевіч узгадваў, як быў апантаны працоўнымі справамі. Дзяцей бачыў толькі тады, калі яны спалі. З дому выходзіў у пяць гадзін раніцы і позна вечарам вяртаўся. Праца ў «Аснежыцкім» пад кіраўніцтвам мудрага старшыні ды ўрадлівая зямля дазволілі праявіць свае здольнасці і ў 36 гадоў атрымаць высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы, а потым і абараніць кандыдацкую дысертацыю. Аснежыцкі вопыт спатрэбіўся таленавітаму аграному ў калгасе імя Горкага. Амаль чвэрць стагоддзя Васіль Маісеевіч паспяхова кіраваў гэтай гаспадаркай. Адной з першых на Піншчыне цэнтральная сядзіба калгаса атрымала статус аграгарадка…

У  той калядны вечар Васіль Маісеевіч жартаваў, узгадваў цікавыя моманты з перажытага. Яго памяць трымала ўнікальныя факты, як разам з калгаснымі спецыялістамі стваралі ўмовы для працы вяскоўцаў, каб заробак быў, дастатак у сем’ях. Дзеля гэтага каля кожнай вёскі дзе аднавілі, а дзе пабудавалі жывёлагадоўчыя фермы. Стварылі рабочыя месцы. Імкнуліся падтрымаць нават самыя дробныя вёсачкі гаспадаркі. Заасфальтавалі вуліцы, правялі водаправоды, адкрылі некалькі магазінаў. І зараз жывуць і развіваюцца. Будавалі жыллё раўнамерна па населеных пунктах, і гэта затрымала людзей на зямлі. 

Пасля старшынёўства Васіль Маісеевіч узначаліў Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум імя Кляшчова, а потым, на заслужаным адпачынку, працаваў намеснікам дырэктара Пінскага філіяла Белдзяржсельгасакадэміі. Не забываў альма-матэр у Горках. Часта наведваўся туды, выступаў на навуковых канферэнцыях, семінарах, сустракаўся са студэнтамі. Вопытнаму аграному заўжды было чым падзяліцца з будучымі тэхнолагамі палёў. 

Ён расказваў, як у «Аснежыцкім» сталі вырошчваць трыцікале і выйшлі на незвычайна высокую ўраджайнасць. У жніво гаспадарку наведаў Пётр Міронавіч Машэраў, якому на полі галоўны аграном падарыў сноп з ядранымі каласамі. На кожным каласку па сотні налітых зярнят. Важкі сноп уразіў дзяржаўнага кіраўніка. Васіль Маісеевіч расказаў яму пра плён супрацоўніцтва з вучонымі. Пётр Міронавіч адзначыў, што такой шчодрай нівай па праве можна ганарыцца. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па рэспубліцы не перавышала 25 цэнтнераў, а аснежыцкае поле ў той год дало амаль па 70 цэнтнераў трыцікале з гектара. Для беларускіх хлебаробаў гэта была вяршыня. 

Праз невялікую паўзу Васіль Маісеевіч адзначыў: за спінай такога слыннага кіраўніка, як Уладзімір Ралько, яму было спакойна. Але планку патрабаванняў аснежыцкі старшыня ніколі не зніжаў. З гадамі выпускнік сельгасакадэміі Васіль Гарошка набраўся вопыту не толькі ў аграноміі, але і ў арганізацыі працы. У Пінскім райкаме партыі яму сказалі, што льву і тыгру цяжка разам ужыцца. Васіль Маісеевіч шчыра прызнаўся, што ў параўнанні са слынным Уладзімірам Ралько ён сябе ўяўляў усяго толькі тыграм. Некаторыя пагаворвалі, што пад крылом аўтарытэтнага старшыні галоўны аграном атрымаў Зорку Героя. Вось таму і вырашыў даказаць сваю самастойнасць. Прыняў адсталую гаспадарку Піншчыны, каб перанесці туды назапашаны вопыт. Праз нейкі час на раённых нарадах калгас імя Горкага пачаў атрымліваць пераходныя Чырвоныя сцягі. У гаспадарку ехалі з розных куткоў Беларусі за перадавым вопытам.

У сваіх працоўных заслугах вялікую долю Васіль Маісеевіч аддаваў мудрасці і працавітасці жонкі Вольгі Міхайлаўны. Яна амаль тры дзесяцігоддзі да выхаду на заслужаны адпачынак узначальвала эканамічную службу ў «Аснежыцкім». На яе плячах была сям’я, але і службовыя абавязкі выконвала бездакорна. Роўна чатыры гады таму яе раптоўна не стала… Сыны Васіль і Аляксандр, дачка Алена, зяць Андрэй, а за імі і ўнукі атрымалі дыпломы спецыялістаў у Белдзяржсельгасакадэміі. 

Да апошняга свайго дня Васіль Маісеевіч Гарошка сябраваў з «Сельской газетой», падпісчыкам якой быў на працягу амаль паўстагоддзя. Яго фотаздымак таксама ўпрыгожыў юбілейны выпуск, прысвечаны 100-годдзю выдання. 

Будучае аграпрамысловага комплексу Беларусі знакаміты хлебароб бачыў у буйнатаварнай вытворчасці. Запомніліся яго словы: «Само жыццё выкрышталізоўвае асноўныя напрамкі». Ён лічыў, што на сучасным этапе развіцця аграпрамысловага комплексу няма асаблівай неабходнасці ў раённых, абласных упраўленнях сельскай гаспадаркі. Ва ўсе вякі селянін ведаў, што, калі і як рабіць на зямлі. Нездарма ж яго так і называюць — земляроб. 

Няхай жа пухам будзе родная палеская зямелька слыннаму хлебаробу Беларусі Васілю Маісеевічу Гарошку.

subbat50@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter