У Мінск вярнуліся скульптурнай кампазіцыяй кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Сялянская iдылiя Манюшкi, Марцiнкевiча. I Гумiлеўскiх

Праз паўтара стагоддзя ў старажытны Мінск вярнуліся скульптурнай кампазіцыяй стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Праз паўтара стагоддзя ў старажытны Мінск вярнуліся скульптурнай кампазіцыяй стваральнікі беларускай нацыянальнай класічнай оперы кампазітар Станіслаў Манюшка і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Чатыры гады таму Мінскім гарвыканкамам абвешчаны конкурс на стварэнне помнікаў. Спецыяльная камісія вызначыла макет, створаны народным мастаком Беларусі Львом Гумілеўскім і яго сынам Сяргеем Гумілеўскім.

Гістарычную тэму творчая дынастыя распрацоўвае грунтоўна і паслядоўна. Помнікі іх аўтарства ўсталяваныя ў розных гарадах: Кірылу Тураўскаму  — у Гомелі, Дуніну-Марцінкевічу — у Бабруйску, Францыску Багушэвічу — у Смаргоні, нясвіжскі парк упрыгожвае галерэя скульптурных партрэтаў. За помнік Янку Купалу ў беларускай сталіцы Леў Гумілеўскі у сааўтарстве з Анатолем Анікейчыкам і Андрэем Заспіцкім удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Разам з сынам Сяргеем заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Леў Гумілеўскі за помнік Янку Купалу ў Маскве ўганараваныя прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва. Наш карэспандэнт сустрэўся з Львом і Сяргеем ГУМІЛЕЎСКІМІ.

Архітэктар Яўгеній МЯДЗЬКО, народны мастак Беларусі Леў і скульптар Сяргей
ГУМІЛЕЎСКІЯ ў дзень адкрыцця манументальнай кампазіцыі Станіслава Манюшкі
і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў Верхнім горадзе беларускай сталіцы.


— Гістарычная тэма — галоўная ў нашай творчасці, — адзначае Леў Гумілеўскі. — Кожную раніцу я ўваходжу ў сваю майстэрню і вітаюся з выбітнымі гістарычнымі асобамі, якія пакінулі яркі след у гісторыі Беларусі. Францыск Скарына, Мікалай Гусоўскі, Анджэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка, Міхал Клеафас Агінскі, Кастусь Каліноўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Міцкевіч, Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц сустракаюць мяне. Сын Сяргей пайшоў па маім шляху. Закончыў тэатральна-мастацкі інстытут і стаў прафесійным скульптарам. Чвэрць стагоддзя мы ў чатыры рукі працуем у майстэрні. 

— Леў Мікалаевіч, адкуль такое рашэнне — аб’яднаць у адной кампазіцыі стваральнікаў першай беларускай оперы?

— Былі ідэі паасобна ўсталяваць  помнікі   Станіславу  Манюшцы і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Вядома, што яны сябравалі ў жыцці. Але рознае было ў іх адносінах паміж сабою. Адно з апошніх пісем Станіслава Манюшкі да жонкі сведчыць, што былі ў кампазітара з літаратарам і нейкія недарэчнасці. Але, ствараючы скульптурны твор, для нас не гэта было важным. Творчае рашэнне кампазіцыі заключаецца ў тым, што праз пластыку імкнуліся перадаць адпаведны настрой, адлюстраваць творчы дыялог геніяльных асоб. 

— Мы дасканала вывучылі гісторыю напісання першай беларускай нацыянальнай класічнай оперы і выказалі меркаванне: лепш аб’яднаць яе стваральнікаў, — дадае Сяргей Гумілеўскі. — Аналагічна помнік Мініну і Пажарскаму ўсталяваны ў Маскве, дзе адна з гэтых гістарычных асоб — прасталюдзін, а другая — дваранін. Але ў агульнай справе яны аб’ядналіся, як і стваральнікі оперы “Сялянская ідылія”. У гэтым і ёсць сэнс нашай скульптурнай кампазіцыі. 

Першапачаткова задумвалася, што манумент паўстане паміж будынкамі Беларускай акадэміі музыкі і гасцініцы “Еўропа”. Тут паўтара века таму размяшчаўся Мінскі гарадскі тэатр, у якім у 1852 годзе адбылася прэм’ера гэтай пастаноўкі. Але, як высветлілася, там месца для такога маштабнага помніка не хапае, і вышуквалі большую прастору ў Верхнім горадзе. 

Усталяваннем новага помніка ў цэнтры беларускай сталіцы зацікавілася і грамадскасць. Маладзёжны актывіст Дзяніс Салаш сабраў больш за чатыры з паловай тысячы падпісаў, каб манумент упрыгожыў сквер ля гарадской Ратушы. 

— Прапановы грамадскасці мы ўлічылі, — адзначае генеральны дырэктар камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства “Мінская спадчына” Павел Шыкунец. — Камісія спецыялістаў канчаткова вызначыла пляцоўку і ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі прызначылі на свята горада.

— Сваё творчае рашэнне мы ўвасобілі ў макеце, — удакладняе Леў Гумілеўскі. — Два геніі сустрэліся на лавачцы, спінка якой стылізавана ў вобразе ліры. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч зачытвае лібрэта будучай оперы “Сялянская ідылія”, а кампазітар Станіслаў Манюшка жэстам рукі ўлоўлівае мелодыку твора. 

На наступны дзень пасля зацвярджэння прынятага камісіяй варыянта кампазіцыі прыступілі да працы. Вядома, што Дунін-Марцінкевіч меў фізічны недахоп, і мы літаратара так ўвасобілі на лаўцы, каб выпукласць на спіне не выклікала асаблівай увагі. Кожную дэталь кампазіцыі прадумвалі, адточвалі, стылізавалі і напаўнялі сэнсам. 

Калі браць больш шырока дзейнасць вядомых асоб нашай зямлі таго часу, хацелася сабраць разам трох унікальных дзеячаў культуры Беларусі XIX стагоддзя: аўтара балады  «Паштальён», вядомай у рускім перакладзе як папулярнай песні  «Когда я на почте служил ямщиком» Уладзіслава Сыракомлю, Станіслава Манюшку і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Нават вобразна скампанаваў такую кампазіцыю.  Яны ўсе трое жылі ў адзін час і сябравалі. 

— Хто наступны ваш герой у скульптуры?

— Беларусь багата на выбітныя асобы. Нават у сённяшні не надта эканамічна спрыяльны час улады беларускай сталіцы знайшлі сродкі на такі велічны помнік, які застанецца нашчадкам. Прыйдзе чарга і, хочацца спадзявацца, горад упрыгожаць помнікі заснавальніку Мінска сыну Чарадзея — князю Глебу, вядомаму ўсяму свету кампазітару Міхалу Клеафасу Агінскаму і іншым гістарычным асобам, якімі Беларусь ганарыцца. 

Уладзімір СУБАТ, “СГ"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter