Сялянка-царыца
Неверагодная гiсторыя эпохi ПятраI, якая нашы днi магла б прэтэндаваць на сусветную сенсацыю
Напэўна, у любой фантазіі ёсць нейкая доля праўды. Нават у вядомай кожнаму пушкінскай казцы пра залатую рыбку.
І ўсё ж маем гонар засведчыць, што часам у рэальным жыцці здараюцца падзеі не менш фантастычныя, чым у казцы.
Нікому не вядомая шматдзетная сям’я прыгоннага селяніна Сямёна Скаўрона жыла-была сабе ў Віцебскім павеце. Папоўнілася яна 6 красавіка 1684 года нараджэннем дзяўчынкі, якую назвалі Мартай. Калі яна вырасла, аддалі замуж за хлопца-латгала такога ж простага паходжання. У хуткім часе яго забралі ў рэкруты, адтуль малады драгун трапіў на вайну, дзе і склаў галаву. Маладая ўдава аказалася ў Марыенбургу прыслугай у пастара Глюка.
Праз нейкі час горад быў узяты рускімі войскамі. І тут ужо няйначай як па волі лёсу прывабная ўдавіца патрапіла ў высокае акружэнне: спачатку да графа Шарамецьева, потым – да пятроўскага фаварыта Меншыкава. Але гэта былі толькі “кветачкі” поспеху. Пётр I, заўважыўшы Марту, закахаўся ў яе з першага позірку. Малады цар, які ні ў чым не ведаў паражэнняў, з годнасцю скарыў і сардэчную крэпасць.
Знаёмства іх адбылося ў 1705 годзе. Па-за шлюбам (цяпер гэта называюць грамадзянскімі адносінамі) Марта нарадзіла цару дзвюх дачок – Ганну і Лізавету. Нечаканы флірт-лямур Пётр пажадаў замацаваць законным шлюбам. Гэта і было зроблена ў 1712 годзе.
Факт сам па сабе неверагодны. Бадай, гэта адзіны ў айчыннай гісторыі выпадак, калі простая сялянка з прыгонных “выбілася” ў жонкі імператара. Дарэчы, у 1724 годзе цяпер ужо не Марта Сямёнаўна, а Кацярына Аляксееўна сама атрымала імператарскі тытул.
Чаму ў яе з’явілася зусім іншае імя? Каб стаць афіцыйнай жонкай цара, неабходна было прыняць праваслаўную веру. Вось так Марта і стала Кацярынай.
Дзякуючы сапраўды казачнаму лёсу Марты-Кацярыны яе родныя пазбавіліся ганебнага звання прыгонных сялян. Выкупленыя з памешчыцкай уласнасці Пятром I, у далейшым яны сталі графамі Скаўронскімі.
Зразумела, што каханне і жыццё “сялянкі-царыцы” больш прыдатныя для пяра раманіста. Таму мы адхілімся ад так званых лірычных адступленняў. Застаецца меркаваць, што ў якасці жонкі знакамітага цара Кацярына Аляксееўна аказалася не толькі таленавітай каханкай, але і разважлівай спадарожніцай у дзяржаўных, палітычных пытаннях. У пэўнай меры яна неаднаразова спрыяла нават выратаванню Расіі.
9 ліпеня 1711 года турэцкія войскі напалі на рускую крэпасць Азоў. У час асады ўзнікла эпідэмія, ад якой памерла 23 тысячы рускіх воінаў. Ды яшчэ не меней тысяч пяці склалі галовы ў сутычках з янычарамі. Ёсць звесткі, што не заўсёды ўдавалася дабіцца перамогі ваеннай сілай. Вось тады ў самы крытычны момант Кацярына падку-піла турэцкіх паслоў. У хуткім часе турэцкія войскі былі выведзены з-пад Азова.
У гонар такой падзеі Пётр I нават зацвердзіў спецыяльны ордэн Святой Кацярыны. На ім быў выгравіраваны рэдкі і шматзначны дэвіз — “За Любовь и Отечество!”.
Пражыла Кацярына Аляксееўна нядоўга, а дакладней усяго 43 гады. Дарэчы, імператрыцай яна стала толькі ў 39 год (1725—1727 гады).
Больш шчаслівы і доўгі манаршы лёс выпаў на долю Лізаветы Пятроўны, той самай, якая нарадзілася да замацавання шлюбных адносін Пятра I з Мартай-Кацярынай. Лізавета Пятроўна кіравала расійскай дзяржавай 20 гадоў (1741—1761). Яна праславілася не толькі як мудрая правіцельніца, палітык-дыпламат, але і здольны эканаміст. Пацвярджэннем таму — падарунак ад рускіх купцоў у 1754 годзе брыльянта вагой у
56 карат з удзячным надпісам “В благодарность за уничтожение внутренних таможен в России”.
А яшчэ ў час праўлення Лізаветы Пятроўны ў 1755 годзе адкрыты Маскоўскі універсітэт, а ў 1758 годзе – Акадэмія мастацтваў...
Такі вось незвычайны след у вялікай гісторыі пакінула наша далёкая зямлячка Марта-Кацярына. Многае сцёрлася за стагоддзі не толькі з памяці, а наогул з твару зямлі. А вось на самым каштоўным банкноце захавалася пацвярджэнне поўнага таямніц кахання грознага цара Пятра I i загадкавай жанчыны-сялянкi з-пад Віцебска. На тое яно і каханне, каб супярэчыць законам кароткага зямнога жыцця.