У Паўночных Афінах зноў ладзяцца балі, квітнеюць туберужы і лунае водар кавы

Сядзіба муз Агінскага

Доўгія дзесяцігоддзі рэзідэнцыя вядомага кампазітара і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі Смаргонскага раёна зарастала травамі і хмызняком. Успамінаю, як гадоў шэсць таму прыязджалі сюды з сябрамі, заглядвалі ў забітыя грубымі дошкамі вокны, а затым, папіваючы на беразе зарослага возера гарбату з тэрмаса, разважалі, што наўрад ці гэтыя мясціны, што натхнялі кампазітара на стварэнне музычных твораў (у тым ліку вядомага на ўвесь свет паланэза “Развітанне з Радзімай”) і якія часта параўноўвалі з Яснай Палянай Талстога і Міхайлаўскім Пушкіна, чакаюць радасныя перспектывы. На шчасце, памыліліся.

Фота БЕЛТА

Другое нараджэнне

Прайшло яшчэ некалькі гадоў — і сядзіба дачакалася рэстаўрацыі. Дзякуючы фінансаванню па дзяржпраграмах з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, а таксама са сродкаў Еўрапейскага саюза па праекце трансгранічнага супрацоўніцтва Паўночныя Афіны, як ахрысцілі ў свой час палацавы ансамбль пачатку ХІХ стагоддзя, перажылі другое нараджэнне. Аднавіліся фасад і ўнутранае ўбранне палаца, прывабны выгляд набыў палацавы дворык, узбагаціліся рарытэтнымі экспанатамі музейныя экспазіцыі. І самае галоўнае — сядзіба зажыла. Тут зноў іграе музыка, ладзяцца балі, адбываюцца літаратурныя вечарыны і тэатральныя прадстаўленні.

Вядома, вялікая заслуга ў гэтым супрацоўнікаў Дзяржаўнай гісторыка-культурнай установы “Музей-сядзіба М.К. Агінскага”. Праца калектыву неаднаразова адзначалася на розных узроўнях, у прыватнасці на ІІІ Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”. А цяпер ён яшчэ атрымаў і спецыяльную прэмію Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

— Гэта прэмія азначае для нас вялікую адказнасць, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар музея Людміла Градзіцкая. — Мы проста працавалі — шчыра і аддана. А зараз трэба працаваць яшчэ лепш. Гэта і вялікі гонар. У тым ліку асабіста для мяне, мясцовага чалавека — я нарадзілася і вырасла ў вёсцы Вётхава, пабудаванай на надзеле, які падарыў сваім сялянам сын Міхала Клеафаса Агінскага Ірэнеуш.

Пад гукі паланэза

Дзевятнаццаць супрацоўнікаў музея стараюцца зрабіць усё магчымае, каб наблізіць цяперашняе жыццё сядзібы да эпохі таго часу, калі тут жыў і тварыў славуты гаспадар. Яшчэ на стадыі рэстаўрацыі палацавага ансамбля гаварылася пра тое, што сядзіба не павінна стаць чарговым статычным музеем, у які будуць прыязджаць на аглядныя экскурсіі. Ставілася задача захаваць значэнне Залесся як культурнага цэнтра з галоўным гаспадаром — музыкай.

Агінскі быў унікальнай фігурай у еўрапейскай музычнай гісторыі. Гэта, напэўна, адзіны музыка-аматар, творы якога яшчэ пры яго жыцці атрымалі вядомасць. Унікальныя і музычныя кантакты Агінскага — ён быў знаёмы з самім Паганіні, сябраваў з Марыяй Шыманоўскай. Акрамя таго, любіў арганізоўваць канцэрты, балі і вечарыны — тут, у Залессі. У свой час у сядзібе Агінскага пабывала нямала знакамітых пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў. Каб гэта месца палюбіла і сучасная інтэлігенцыя, быў распрацаваны праект канцэртна-тэатральнай залы, хаця першапачаткова яе ў сядзібе не было. Цяпер у ёй ладзяцца канцэрты, ставяцца тэатральныя прадстаўленні, чытаюцца займальныя гістарычныя лекцыі, адбываюцца многія іншыя цікавыя дзеі.

— Вось і сёлета запланавана некалькі брэндавых мерапрыемстваў, — расказвае Людміла Уладзіміраўна. — Летам павінен прайсці дзіцячы баль з танцамі, гульнямі і салодкімі сюрпрызамі. Чакаюцца свята камернай музыкі “Вяртанне Паўночных Афін” і касцюміраваны баль “Поры года”, які праводзіўся пры Агінскім у ХІХ стагоддзі. З найбліжэйшых падзей — “Калядныя сустрэчы” 14 студзеня з удзелам ансамбля “Класік-Авангард”, паэтэсы Вольгі Роўнай, спявачкі Вольгі Плотнікавай, а таксама з майстар-класам “Мова веера” і танцамі ХІХ стагоддзя.

Ёсць чаму падзівіцца

Але каб па-сапраўднаму адчуць дух “Сядзібы муз”, неабавязкова чакаць менавіта гэтых гучных мерапрыемстваў. У любы дзень супрацоўнікі музея гатовы правесці тэатралізаваную экскурсію па музеі і парку з удзелам “родных і сяброў” Міхала Клеафаса. А для дзяцей — арганізаваць гістарычны квэст па сядзібе, не горшы за займальную камп’ютарную гульню.

Да таго ж тут ёсць што паглядзець. Усе памяшканні — усяго ў сядзібе працуе 13 залаў — узноўлены дакладна па архіўных дакументах і інвентару. У большасці з іх размяшчаюцца тэматычныя экспазіцыі. Да прыкладу, зала “Музыка Агінскага” знаёміць гасцей сядзібы з музычнымі інструментамі ХІХ стагоддзя. У Каміннай зале перад наведвальнікамі адчыняецца галерэя партрэтаў роду Агінскіх. У Вялікай гасцінай можна ацаніць, як яна выглядала пры жыцці Міхала Клеафаса. У Малой гасцінай адноўлены куток рабочага месца сакратара кампазітара Леанарда Ходзькі. А ў більярднай ёсць магчымасць натхніцца мэбляй, габеленамі, гравюрамі, картамі і, вядома, вялікім більярдным сталом ХІХ стагоддзя — традыцыйным атрыбутам сядзіб таго часу.

Асаблівы куток музея — уласная аранжарэя.

— Міхал Клеафас пісаў у мемуарах, што вельмі ганарыўся сваёй аранжарэяй, не горшай, па яго словах, за санкт-пецярбургскую. Мы таксама ганарымся ёю, — не хавае пачуццяў Людміла Градзіцкая. — У тым ліку і тым, што самі набылі для яе толькі дзве кветкі. Астатнія расліны падарылі неабыякавыя людзі, якія пажадалі зрабіць сваё ўнясенне у аднаўленне сядзібы. Мы ведаем па інвентару, якія расліны былі пры Агінскім, і будзем старацца аднавіць аранжарэю ў тым жа стане. У нас ужо ёсць апельсіны, лімоны, фінікавыя пальмы, персікі, нават здолелі вырасціць з зерня фігавае дрэва. А найбольш цікавыя кветкі ў сядзібе — туберужы. Водару ад аднаго бутона хапае на ўсю аранжарэю. Спадзяёмся, што нам удасца і ананасы вырасціць, як гэта было пры Агінскім.

Той яшчэ рамантык

Міхал Клеафас вельмі любіў сваю аранжарэю, піў каву і гарбату з гасцямі пасярод незвычайнага саду — ён быў яшчэ тым рамантыкам! Пісьменнікі, паэты і кампазітары, якія часта бывалі ў “Сядзібе муз”, казалі, што “такого кофею, как в Залесье, в мире нет”. Вядома, не толькі з-за смаку напою, але і той атмасферы, якая панавала ў сядзібе.

Сёння ў музеі можна паўтарыць любімыя звычкі кампазітара. У зале “Аранжарэя. Часовыя выставы” — натхніцца экзатычнымі раслінамі і экспанатамі гістарычных і мастацкіх выстаў, а ў былой знакамітай летняй сталовай кампазітара “Аранжарэя. Кавярня” — выпіць кубачак кавы за адным з плеценых столікаў, якія стаяць сярод высокіх белых калон. У перспектыве — стварэнне яшчэ адной паўнавартаснай кавярні ў будынку былога млына, дзе, па ідэі дырэктара музея, можна будзе пакаштаваць не толькі кавы ды гарбаты, але і арыгінальных страў ХІХ стагоддзя.

У супрацоўнікаў музея наогул яшчэ шмат планаў і жаданняў: прывесці ў парадак возера, парк, аднавіць альтанку і стойла на тэрыторыі комплексу, займець уласную карэту з коньмі. Карацей кажучы, зрабіць усё так, як было пры Міхале Клеафасе Агінскім. Інакш няма сэнсу — у сучасным свеце і так зашмат дадуманага, фальсіфікаванага і гэтак далей. Калектыў музея рухаецца ў правільным напрамку. Аб гэтым сведчыць і тое, што госці едуць сюды з розных куткоў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы і іншых краін. Ім хочацца не проста ўбачыць Агінскага на партрэтах і копіях старых дакументаў. Ім важна яго пачуць і адчуць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter