Навошта Каляду на дуба цягнуць?

Сядзі высока, глядзі далёка!

У некаторых мясцінах калядныя святы заканчваюцца адразу пасля Вадохрышча, але не паўсюль. Напрыклад, на ўсходнім памежжы Міншчыны з Магілёўшчынай дагэтуль існуе старадаўні звычай завяршэння Каляд. Назва абраду гучыць крыху нязвыкла — “Каляду на дуба цягнуць”. А праводзіцца ён 21 студзеня — на чацвёрты дзень пасля вадзяной куцці.


У Чэрвеньскім, Бярэзінскім, Асіповіцкім, Бялыніцкім, Клічаўскім і Магілёўскім раёнах праводзіны Каляд былі абавязковай фінальнай часткай двухтыднёвага каляднага святкавання і суправаджаліся вясёлымі гульнямі-забавамі, карагодамі і ўсцягваннем Каляды на самае высокае дрэва. Звычайна ім абіраўся дуб. Маглі быць і іншыя дрэвы — бяроза, елка. Пажадана, каб на дрэве вяліся буслы, бо гэта сімвал працягу роду.

Мінулі Раство, Шчадрэц, Вадохрышча. Былі бедная і багатая куцця. Калядоўшчыкі, якія яшчэ тыдзень таму шчадравалі пад вокнамі, вадзілі казу, сцягвалі на край вёскі брамкі і веснічкі, цяпер зноў гуртаваліся, каб весела адзначыць развітанне, наладзіць незабыўныя калядныя провады. У вёсках Новіны, Чыжаха, Любушаны, Глухі Кут, Святліца, Якшыцы, Бычын Бярэзінскага раёна аднавяскоўцы па-суседску рыхтавалі ў складчыну застолле, спявалі песні, танчылі, праводзілі і вясёлыя гульні.


Перад тым як выпраўляцца да дуба на ўскраіну вёскі, у поле ці на ўскрай лесу, рыхтавалася куцця. Гаршчочак з кашай мацавалі на старым драўляным коле альбо драўлянай баразне, на крыжы ў раме, збітай з дошак. Каляду абкладвалі саломай, упрыгожвалі каляровымі стужкамі ці паперай. Уволю пагуляўшы і добра падсілкаваўшыся, моладзь выбіралася з хаты і пачынала цягнуць Каляду — ці па снезе, ці на санках, а найчасцей на руках, спяваючы:

Каляда, Калядзіца!
Мы цябе адгулялі, добра шанавалі!
Цяпер цягнем да дуба, сядзі там люба!
Сядзі там высока і глядзі далёка!..


Звычайна святочнае развітанне адбывалася па абедзе, яшчэ завідна. Але нярэдка гульні і бяседы зацягваліся, і тады Каляду цягнулі да дуба позна ўвечары, а то і апоўначы. Часта ролю Каляды выконвала антрапаморфная лялька з саломы альбо жытнёвы снапок, які пасля зажынак займаў сваё пачэснае месца на покуці. Гэтыя дахрысціянскія сімвалы роду і ўраджаю павінны былі нарэшце апынуцца як мага вышэй на дрэве і добра замацаваныя чакаць і сустракаць вясну.

Абрад каля дрэва пачынаўся рытуальным знішчэннем зімы. Куцця, як і старое кола ці старая барана, таксама ўсцягвалася на вяршыню дуба — гэта ахвяра Сонцу. Каля дрэва раскладвалася вогнішча, каб маладое, зноў уваскрэслае Сонца набірала сілу, а наеўшыся куцці, магло растапіць снягі і “пусціці на зямліцу травіцу”. Вакол вогнішча спявалі калядныя песні і вадзілі заключны карагод.


“Да абеду Каляда — і чакай Масленіцу”, — кажуць, развітваючыся з Калядамі. І сапраўды, пасля Каляд наступным вясёлым часам былі першае гуканне вясны і Масленіца. Добра адсвяткаваўшы, нашы продкі шчыра верылі, што зіма будзе нядоўгая і Сонца хутка пераможа маразы і завеі.

Іван ЛУЖЫНСКІ

Фота Максіма ВЕЧАРА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter