У Давыд-Гарадку калядуюць двойчы — на Раство і на стары Новы год

Сядлайце “конікаў”

7 студзеня гарадчукі носяць калядную зорку і спяваюць традыцыйныя песні. Свята Божага нараджэння тут называюць “Рождэством”. А праз тыдзень, увечары 13 студзеня, дзеці і моладзь “выводзяць” на вуліцы сваіх калядных белых “коней”.


Абрад шчадравання пачынаецца ў той момант, калі сонца хаваецца за дахі давыд-гарадоцкіх дамоў і змрок пачынае ахутваць гарынскія берагі. У гэтыя хвіліны старажытны горад цішэе і замірае. Але ненадоўга. Цішыню абуджае сігнал паляўнічага рога — хрыплы, хвалюючы і яшчэ нясмелы. Яму адгукаюцца больш пранізлівыя і галасістыя рагі і горны. Пачуўшы іх, першыя “конікі” выходзяць на вуліцы. І вось з усіх бакоў ужо даносяцца гукі гармонікаў, бубнаў, трашчотак, песень:

Там стояла cосна
Тонка, вусока —
Шчодры вэчор.
Тонка, вусока,
Лісцэйком шырока —
Шчодры вэчор.
А на той сосонцы
Золота корыца —
Шчодры вэчор...


З канца ў канец горада — ад Юраўскай царквы да Казанскай, ад ракі Гарыні да возера Сцешкі, ад замкавай гары да Радзічаў і Каморы — паўсюль чуюцца песні “конікаў”. Аж да самой ночы не сціхаюць галасы каляднікаў. А ў Давыд-Гарадку асаблівыя гурты, такіх масак і ў такой колькасці нідзе не ўбачыш. Тут і Дзед з Бабай, Мядзведзь, Буська (бусел), Баран і Казёл, Смерць і Чорт — у шчадроўныя гурты ўваходзіць да дзесяці ўдзельнікаў. Прыбраныя, размаляваныя, у масках, яны скачуць пад гармонік і бубен, наперадзе — “конь”: галоўная персона ўсёй дружыны і шчадроўнага вечара, завадатар.


На ролю вершніка “каня” выбіраюць самага вясёлага і смелага хлопца. Ён першы заходзіць у двор, заглядае ў акно і пачынае спяваць. За ім падхопліваюць усе астатнія. Задаволеныя гаспадары выносяць пачастункі, запрашаюць “конікаў” у дом — павесяліць, паспяваць, патанчыць. Усе хочуць паглядзець, як “конь” дае дыхту пад гукі гармоніка. Калі ёсць малыя дзеці, “конь” абавязкова катае іх на сабе. У гэты момант у хаце весела і шумна. Гарадчукі вераць, што разам з “конікамі” прыходзяць у іх дамы шчасце і дабрабыт.


З нядаўняга часу гэты палескі абрад выходзіць за межы свайго традыцыйнага “спяваць, віншаваць і жадаць”. Да яго дабаўляецца імправізаванае начное шэсце па начным горадзе пад феерверкі і гучную музыку. Калісьці калядоўшчыкі хадзілі па сваіх і суседніх вуліцах, цяпер жа яны паказваюць сябе ўсяму гораду. На начным свяце каля ўпрыгожанай ёлкі збіраюцца сотні гарадчукоў, каб паглядзець на гэты незвычайны шумны карнавал.


Тут можна ўбачыць самыя нечаканыя касцюмы і маскі, але “коніка”, як правіла, робяць на стары манер. Два лазовыя кашы мацуюць паміж сабой дубцамі альбо дошкай, каб паміж іх мог улезці хлопец, якому выпала выконваць ролю вершніка. Да канструкцыі далучаюць вялікі стары валёнак з доўгай халявай — гэта конская морда і шыя. Валёнак абшываюць белай тканінай, малююць фарбай альбо вугалем вочы і губы. Зверху кашы накрываюць подсцілкай. На галаву “каня” накідваюць вяроўку альбо аброць — каб вершнік мог кіраваць ім. Некалі вершнікі апраналіся ў белыя адзежы, цяпер — пераважна ў салдацкія шынялі і фуражкі. На шыі “каня” абавязкова прымацоўваюць званочак альбо “шаркуны”. Па гэтым звоне можна вызначыць, дзе “пасуцца конікі”. І адбываецца гэта толькі ў адну ноч — на Шчадраца, і толькі ў гэтым гарынскім горадзе.


ГІСТАРЫЧНАЯ ДАВЕДКА

Традыцыя адзначаць “Конікі” нарадзілася ў Давыд-Гарадку больш за сто гадоў таму. Падчас Першай сусветнай вайны тут стаяў эскадрон казакоў. Лінія фронту праходзіла далёка, таму асаблівых клопатаў у іх не было, хіба што коней накарміць ды напаіць. А пацешыцца ж трэба! Вось хтосьці з казакоў і змайстраваў “каня”. Зрабіў галаву з валёнка, хвост — з лёну, накрыў канструкцыю доўгімі поламі шыняля. Ну і пайшлі салдаты з “канём” па Давыд-Гарадку людзей весяліць. Для мясцовых жыхароў гэта было сапраўднае дзіва! Ім “конь” спадабаўся, так ён і стаў сімвалам свята.

Іван ЛУЖЫНСКІ

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter