Больш за тры с паловай мільёна беларусаў жыве сёння ў розных краінах свету

Сябры запрашаюць

Больш за тры с паловай мільёна беларусаў жыве сёння ў розных краінах свету


Людміла Анус нарадзілася ў Мазыры Гомельскай вобласці, адвучылася ў Санкт-Пецярбурзе, потым паехала працаваць у эстонскі горад Нарва. Там жа пазнаёмілася са сваім будучым мужам, які, што дзіўна, таксама родам з Гомельшчыны. У пачатку 1990-х сотні такіх жа, як яны, амаль адначасова сталі беларусамі замежжа, успамінае Людміла:

— Фактычна апынуліся за мяжой. У такія моманты пераацэньваеш паняцце малой радзімы. Яна адна. І туды заўсёды хочацца прыехаць.


Менавіта гэта і паслужыла адной з прычын стварэння ў канцы 1990-х нарвскага беларускага таварыства “Сябры”, якое цяпер узначальвае Людміла Анус. Ужо больш за 15 гадоў яго ўдзельнікі знаёмяць эстонцаў з беларускай культурай і традыцыямі, садзейнічаюць захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. І, вядома, часта прыязджаюць у Беларусь. Вось і напярэдадні 9 мая “Сябры” разам са сваімі калегамі, прадстаўнікамі Саюза беларусаў у Латвіі, наведалі Мінск. У беларускую сталіцу іх запрасіў апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, які па магчымасці падтрымлівае цесныя сувязі з беларусамі замежжа, дапамагае землякам з нацыянальнымі строямі, літаратурай, арганізацыяй сустрэч рознага ўзроўню.

Толькі па афіцыйных дадзеных, больш за 3,5 мільёна нашых суайчыннікаў сёння пражывае ў іншых краінах. Гэта амаль трэцяя частка цяперашняга насельніцтва Беларусі. Аднак калі палічыць іх нашчадкаў, то колькасць тых, хто жыве за межамі гістарычнай радзімы, перавысіць дзевяць мільёнаў. Многія з этнічных беларусаў увахо-дзяць у розныя аб’яднанні землякоў. Па ўсім свеце дзейнічае больш за 200 такіх арганізацый, якія падтрымліваюць дзелавыя і культурныя сувязі з Беларуссю, дапамагаюць прадстаўнікам сваёй дыяспары, праводзяць канцэрты калектываў, выставы і кірмашы, выпускаюць друкаваныя выданні, арганізуюць паездкі на гістарычную радзіму. Краіны Прыбалтыкі — не выключэнне. Там жыве больш за 130 тысяч прадстаўнікоў нашай, дарэчы, вельмі актыўнай дыяспары.

У латышскай сталіцы адкрыта Рыжская беларуская асноўная школа імя Я. Купалы. Там жа працуе Беларускі інфармацыйны цэнтр, у якім можна даведацца абсалютна пра ўсё аб нашай краіне — ад законаў да турыстычных паездак. У Вільнюсе ёсць школа імя Францыска Скарыны, дзе выкладаюць на беларускай мове, у Вільнюскім педагагічным універсітэце створана кафедра беларускай мовы і этнакультуры. У Таліне дзеці наведваюць нядзельную беларускую школу імя У. Караткевіча.

Акрамя гэтага ў Латвіі па традыцыі будуць арганізаваны Дні беларускай культуры, у гэтым годзе прысвечаныя юбілею Францыска Скарыны. А падчас саміту “Усходняга партнёрства”, які праходзіў у Рызе, прайшла канферэнцыя аб ролі нацыянальных таварыстваў у развіцці дзяржавы. На яе былі запрошаны, у прыватнасці, удзельнікі з Беларусі, якія падзяліліся сваім досведам з суседзямі.

Старшыня праўлення Саюза беларусаў Латвіі Людміла Піскунова падкрэсліла:

— Мы любім Латвію, таму што тут жывём. Але дыяспара таксама любіць і родную Беларусь. Мы заўсёды пра яе памятаем, мы цікавімся тым, што адбываецца ў краіне. Таму вельмі хочацца, і мы да гэтага імкнёмся, каб нас успрымалі не проста як беларусаў замежжа, а як неад’емную частку Беларусі.

Ірына Судас
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter