Чым жыве ўнікальны комплекс у Гомелі, які святкуе 30-годдзе закладкі першага каменя

Сябры па «сонечнай» сiстэме

Сацыяльны рух па будаўніцтве моладзевых жылых комплексаў зарадзіўся ў СССР у 1970-х гадах. Гэта быў шырокамаштабны сацыяльна-эканамічны эксперымент. Сваё жыллё будучыя кватэраўладальнікі будавалі самі, адзін аднаго пад канец работ добра ведалі, а жыць планавалі па наступным прынцыпе: праблемы вырашаем самі і разам, праводзім агульныя святы, маем падобныя інтарэсы. У Гомелі інфармацыя аб паспяховым вопыце ўзвядзення такіх комплексаў у 1984 годзе прагучала на камсамольскім сходзе канструктарскага бюро «Прамень». Актывісты гэтага прадпрыемства і дабіліся таго, каб у 1988 годзе пачаліся работы па стварэнні аднаго з самых утульных куточкаў горада.

Святкаванне 30-годдзя закладкі першага каменя.

Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

Шэсць карпусоў вакол астраўка сасновага бору, на першых паверхах крамы, банк, цырульня, ёсць падземны паркінг — гэта сённяшні выгляд МЖК «Сонечны». Прайшло тры дзесяцігоддзі, але і зараз большасць з мясцовых ведаюць адзін аднаго.

Кацярына Мартыненка ўжо даўно вырасла, паспела выйсці замуж і перасяліцца, але дагэтуль называе сябе ўраджэнкай МЖК. Дзіцячыя гады, праведзеныя ў комплексе «Сонечны», успамінае з замілаваннем:

— Вось выйшлі з пад’езда, перад намі вялікі ўчастак лесу. Мы тут заўсёды гулялі ў разведчыкаў. Рэльеф няроўны, хаваліся за пагоркамi, з’язджалі з горак на пятай кропцы. А па вечарах амаль заўсёды хлопцы ладзілі кастры, і мы смажылі  сардэлькі, хлеб — у каго што было. Магчыма, небяспечна тут было паліць, але мы сачылі за агнём.

Усе жыхары комплексу мелі добрыя зносіны і сябравалі. Дзеці бегалі адзін да аднаго ў госці. Ніхто не скардзіўся, не патрабаваў супакоіцца, усім было весела. Кацярына iграла на піяніна, з розных куткоў дома даносіліся гукі баяна, цымбалаў. Але па-за весялосцю дзяўчына ўспамінае галоўнае — была ўпэўненасць, што сусед заўсёды прыйдзе на дапамогу:

— Памятаю, дах гарэў. Пажарныя прыязджалі тушыць, залілi ўсё, што толькі было магчыма. І ўсе як адзін выйшлі вычышчаць пад’езд з вёдрамі, анучамі і швабрамі.

Неяк мясцовы хлапчук трапіў у рэанімацыю — праз гадзіну дзясяткі суседзяў рынуліся ў бальніцу здаваць кроў для пералівання.

Сумесныя мерапрыемствы тут норма.

Свае метры сваімі рукамі

Без аніякіх пытанняў тут і дагэтуль ладзяць суботнікі і навагоднія ёлкі. Такой супольнасці і дабіваліся тыя, хто стаяў ля вытокаў «Сонечнага». Старшыня моладзевага жыллёвага комплексу Уладзімір Макараў успамінае, як захапіла ідэя стварыць калектыў па месцы жыхарства яго калег-радыёфізікаў:

— Прыйшлося пераконваць начальства, адшукваць сродкі і нават з’ездзіць за вопытам у Свярдлоўск, дзе ўжо быў такі МЖК. У той час як людзі стаялі ў чэргах на жыллё дзесяцігоддзямі, у нас з’явіўся рэальны шанц атрымаць свае «метры» ў некалькі разоў хутчэй, прычым бясплатна.

Уладзімір Макараў праводзіць экскурсію па музеі МЖК. Тут і статут комплексу, анкеты для будучых членаў і будаўнічыя каскі першых жыхароў. Дамы ўзводзілі ўласнымі рукамі. Было арганізавана сацспаборніцтва са складанай сістэмай балаў. Тыя, хто ўвайшоў у будатрады, павінны былі на паўтара года пакінуць асноўную працу, асвоіўшы любую будаўнічую спецыяльнасць. За гэты час трэба было ўзвесці дзве кватэры: адну для сябе, другую для тых, хто стаяў на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Лепшыя «атрадаўцы» атрымлівалі права выбіраць і пад’езд, і паверх. Засяляліся з цвёрдай думкай, што паняцце «дом» не заканчваецца за парогам, з агульнай адказнасцю за двор і суседзяў. У 1990-я гады Уладзімір Мікалаевіч правёў сацдаследаванне.

— У нас нараджальнасць была вышэй, чым у сярэднім па краіне, 95 працэнтаў нашых дзяцей вучыліся на добра i выдатна. Не было дзіцячай злачыннасці. А як нашкодзіць, калі ўсе суседзі ведаюць цябе і тут жа паведамляюць бацькам?


Калектыўны дух

У першыя гады тут працавалі ўласныя вячэрні дзіцячы садок, нядзельная школа, спартзала, жаночы клуб, гурткі і секцыі па інтарэсах. Потым складаныя эканамічныя ўмовы і недахоп жылля запатрабавалі аддаць плошчы сацкультбыту пад кватэры. Гадоў дзесяць таму прыпыніла работу мясцовае кабельнае тэлебачанне. Не ўдалося прыняць ва ўласнасць гандлёвыя плошчы, іх будавалі па долевай сістэме. А вось украінскія «калегі» ў адным са сваіх МЖК змаглі нават адкрыць кафэ і адвесці плошчу пад казіно.

З фінансамі праблемы ёсць, не ўтойвае Уладзімір Макараў. А вось калектыўны дух не знік.

— Зараз нашы жыльцы-архітэктары прапрацоўваюць новую схему двара з дзіцячымі забавамі, трэнажорамі для паркура і зонай для бацькоў. Дзяўчына-падлетак з мясцовых падтрымлівае зносіны з выратавальнікамі, арганізавала экскурсію ў ліцэй МНС. А наш новы жылец арганізаваў сход, каб увесці правіла не ставіць на стаянку больш за адну машыну з кватэры.

Напрыканцы Уладзімір Макараў праводзіць мяне па шостым корпусе, які ўвялі ў 2005 годзе ўжо не народнай стройкай, а з дапамогай будаўнічых арганізацый і крэдытаў.

— У распрацоўцы праекта мы ўдзельнічалі асабіста, таму ён і ўвабраў у сябе лепшае. Тут працуе аўтаматычная пажарная сігналізацыя ў месцах агульнага карыстання. У кожнай кухні ўсталяваны датчык, які адсочвае павышаны ўзровень газу і перадае сігнал трывогі на пульт кансьержа. Укаранёна дыстанцыйная сістэма счытвання паказанняў электралічыльнікаў, а таксама цэнтралізаваная сістэма дадатковай ачысткі вады.

Утульнасць у пад’ездах МЖК забяспечвае ўласная камунальная служба. Рамонт у тэрмін і чысціня на пляцоўках яшчэ раз пацвярджаюць актуальнаць дэвіза «Сонечнага»: «Свае праблемы вырашым уласнымі рукамі!»

Фота аўтара і МЖК «Сонечны»

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter