Якая яна, сучасная дзіцячая бібліятэка?

Сяброўства з кнігай — з малых гадоў

Якая яна, сучасная дзіцячая бібліятэка? Як трансфармавалася ва ўмовах паскоранага камп’ютарызаванага жыцця? І што сёння ў ёй прапаноўваюць дзецям?
Як выхоўваць нашых дзяцей — будучыню Беларусі, гэты пласт “чыстых лістоў”? Вядома ж, дзіця падобнае да кнігі, у якую запісваецца ўсё, створанае намі сёння. Заўтра яно стане яго асабістай гісторыяй. І што ў сувязі з гэтым даюць дзецям сучасныя бібліятэкі? У іх, на мой погляд, асаблівая місія: паспець данесці да чыстага розуму дзіцяці, які яшчэ фарміруецца, прапісныя ісціны пра дабро і зло раней, чым у дзіцячых ручках загарыцца дысплей, які будзе адлюстроўвацца ў раскрытых вачах — здзіўленне, захапленне…



Прызнаюся, у дарослай бібліятэцы не была даўно. У дзіцячай — тым больш. Але аднойчы пачула ад маладых маці, якія гуляюць з каляскамі: кожны аўторак у чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі №10, што ў Першамайскім раёне Мінска, праводзяцца развіваючыя заняткі для маленькіх дзетак. Запрашаліся ўсе жадаючыя, прычым плата за гэта не бралася. Сам факт: у наш час існуюць яшчэ гурткі па інтарэсах на абсалютна бескарыслівых пачатках — мяне і збянтэжыў, і ўзрадаваў. Захацелася пазнаёміцца з энтузіястамі бліжэй і высветліць, што ж гэта за “клуб аматараў чытання”. Што я і зрабіла.

Аказалася, заняткі там прахо­дзяць у дружалюбнай форме. Нават не ведаю, для каго ў большай ступені створаны гэты клуб: для непаседлівых дзетак, якія, паспрабаваўшы пластылін на зубок, імчацца да кошыка з цацкамі, або для маці, якія робяць арыгамі і тым часам абмяркоўваюць надзённыя жаночыя пытанні.

Безумоўна, падобныя ўрокі абуджаюць у дзяцей вялікую цікавасць да кніг. Пры выглядзе мноства рознакаляровых паліц нават малыя, што толькі ўсталі на ногі, цягнуць маці за руку, каб яна ўзяла з паліцы што-небудзь пачытаць. Дарэчы, я ні разу не бачыла, каб хтосьці з маленькіх дзяцей нядбайна абыходзіўся з кнігай. Відаць, падсвядома яны адчуваюць павагу да “маўклівага суразмоўцы”. 
Займаецца з дзеткамі сама загадчыца дзіцячай бібліятэкі — Юлія Сярмяжка, мілы і ветлівы чалавек з мяккай, добрай усмешкай і бясконцай энергіяй. Неяк у перапынку паміж заняткамі яна запрасіла ўсіх нас прайсці ў канферэнц-залу і палюбавацца экспазіцыяй карцін. “Дарэчы, — дадала яна, — вы можаце прыняць удзел у іх абмеркаванні. Да нас хутка прыйдзе аўтар выставы”. А аднойчы, праходзячы па калідоры, я звярнула ўвагу на расклееныя аб’явы пра запуск новага праекта “Кінаманія”, запрашэнне ў мультымедыйны цэнтр, а таксама на майстар-клас па скрапбукінгу… Потым даведалася, што ўсё гэта — ідэі дырэктара бібліятэкі.


Энтузіяст бібліятэчнай справы Юлія Сярмяжка

А потым і пагутарыла з Юліяй Мікалаеўнай. Бо не кожны дзень сутыкаешся з чалавекам, які фантануе крэатывам, нічога не просіць узамен. Хіба што прапануе пачытаць якую-небудзь кнігу. 

— Юлія Мікалаеўна, як узнікла ідэя стварыць “клуб аматараў чытання” для маленькіх дзетак, ды яшчэ і на добраахвотных пачатках? Вас жа да гэтага ніхто не абавязваў?

— Каля дваццаці гадоў назад у мяне самой былі маленькія дзеці, якім я з задавальненнем дапамагала асвойваць навакольны свет. Затым у іх наступіў падлеткавы перыяд, і мне захацелася паглыбіцца ў праблемы гэтага складанага ўзросту. Я стварыла гурток для падлеткаў на базе адной з мінскіх бібліятэк, дзе раней працавала. Ім вельмі спадабалася займацца з намі. А не так даўно ў мяне нарадзілася трэцяе дзіця, з якім я ізноў стала праходзіць першыя жыццёвыя этапы. Да гэтага часу з’явілася шмат дзіцячых навучальных цэнтраў. І якое ж было маё здзіўленне, калі я выявіла, што большасць з іх не цікавіцца дзіцячым развіццём самім па сабе! Пры гэтым базу яны выкарыстоўваюць стандартную. І такая база ў пераважнай колькасці ёсць у мяне ў бібліятэцы! Тут фонд, які налічвае 58 тысяч асобнікаў, укамплектаваны так, што любая пісьменная маці можа прыйсці, узяць кнігу і пазаймацца са сваім дзіцем. Іншая справа, што самой маці гэта рабіць не вельмі цікава. А калі разам? Вось адсюль і ўзнікла ідэя работы з маленькімі дзецьмі. Што датычыцца аплаты, то ёсць такі закон “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь”, які гарантуе доступ да кніжных фондаў бясплатна. 

— Але ж, як гаворыцца, на “голым энтузіязме” далёка не паедзеш...

— Лічу, што гэта памылковае меркаванне, і на “голым энтузіязме” можна заехаць вельмі далёка. Як мы пабудавалі Савецкі Саюз, на чым? На “голым энтузіязме” і на арыенцірах, прапануемых зверху. У мяне ён таксама ёсць — гэты энтузіязм, да якога я падключаю сваіх супрацоўнікаў, якіх са свайго верху арыентую.

Прывучыць юных да чытання — гэта вельмі цікавая гульня!
Прывучыць юных да чытання — гэта вельмі цікавая гульня!

— Наколькі я ведаю, спецыяльнай базы ў вас няма. Пластылін, алоўкі ды іншыя атрыбуты з сабою прыносяць маці? 

— Так, у нас ёсць толькі кнігі і жаданне працаваць. Летась я ўсё прыносіла з дому. Ды і працягваю гэта рабіць. Таму мы вырашылі папрасіць бацькоў браць з сабою што-небудзь: рознакаляровыя сурвэткі, клей, кардон, мячыкі... 

— Раскажыце, у чым, па-вашаму, асаблівасць заняткаў?

— Па-першае, мы не педагогі і не псіхолагі. Мы бібліятэкары. І наша задача — не даць веды, а навучыць працаваць з кнігай, паказаць дарогу да яе, а значыць, і да ведаў. Цяпер у свеце назапашана вялікая колькасць інфармацыі. У ёй можна згубіцца нават даросламу. А мы можам арыентавана накіроўваць людзей паводле іх інтарэсаў. Па-другое, нашы заняткі — гэта яшчэ і адаптацыя да кнігі дзяцей ясельнага ўзросту. У пясочніцы мы з кімсьці гуляем, з кімсьці не сходзімся…. Часам нам не дазваляе пагуляць з дзецьмі рэжым, які трэба выконваць, каб дзеці раслі здаровымі. А тут ты прыходзіш да прызначанага часу: гэта мабілізуе і дае вынік. 

— Памятаеце сваіх першых вучняў?

— Вядома! Першыя часам ніхто не ішоў, хоць мы размясцілі рэкламу ў сацыяльных сетках і не толькі. А потым з’явіліся Ян і Марына. За імі адразу ж падцягнуліся яшчэ пару чалавек. Потым яшчэ і яшчэ… Я зразумела, што самы эфектыўны спосаб прыцягнення ўвагі — гэта “сарафаннае радыё”. Летась у нашай групе займалася ўсяго толькі 16 чалавек, сёлета — ужо каля 60 дзяцей. Прагрэс відавочны, хоць на рэкламу я ўжо не трацілася
 
— Якія яшчэ праекты і праграмы ёсць у бібліятэцы, што плануеце ў будучыні?

— Наведванне бібліятэкі ўваходзіць у абавязковую школьную праграму, таму падчас канікул у нас “жыццё кіпіць”. Акрамя сямейнага развіцця, куды ўваходзяць развіваючыя заняткі для самых маленькіх, мы арганізуем мастацкія выставы з аўтарамі карцін, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Нядаўна прыходзілі ў госці беларускія пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі, Яўгенія Пастэрнак і Марыя Бяршадская. Пасля сустрэчы з імі з паліц бібліятэкі размялі ўсе іх кнігі. Да кожнага свята ў нас абавязкова праходзіць нейкі ранішнік. Ёсць і камерныя мерапрыемствы. Гэта калі збіраюцца тры чалавекі і мы ім гаворым: “Дзеці, а вы ведаеце, які сёння дзень? Не? Зараз раскажам”. У зале з літаратурай для старшакласнікаў ёсць паліца з абгорнутымі ў белую паперу кнігамі. Гэтая своеасаблівая латарэя называецца “спатканне ўсляпую”. Якую кнігу ўзяў, тую і прыйдзецца прачытаць. А потым трэба адзначыць, спадабалася яна ці не, на сэрцы, якое вісіць побач. Так мы вывучаем, што называецца, чытацкі попыт. Яшчэ мы вяжам шалік дружбы. Кожны можа прыняць удзел у гэтай справе. Калі дзіця або бацька не ўмее працаваць са спіцамі, то побач ляжыць даведнік “Тэхніка вязання”. А вы бачылі нашу лесвіцу, дзе на розных мовах напісаны словы прывітання — привет!, прывітанне! hello…? Вось так візуальна мы спрабуем данесці думку, што дарога да ведаў, да поспеху па­чынаецца з малога, вось з гэтых самых кніжачак. 

У планах — развівацца ў зададзеных напрамках: мадэрнізаваць наш мультымедыйны цэнтр. Запусціць новы праект “Гуляй, кампанія!”: бу­дзем разам вывучаць папулярныя маладзёжныя гульні накшталт “Мафіі” або “Свінтуха”. У працэсе такіх забаў дзеці вучацца мець зносіны адзін з адным, расказваем аб карысці чытання, паказваем, якая яна — інтэлектуальная асоба. Мне падаецца, гэта больш цікавы і карысны метад, чым, скажам, чытаць дзіцяці натацыі. 

Шалік дружбы можа  прадоўжыць вязаць кожны наведвальнік
Шалік дружбы можа прадоўжыць вязаць кожны наведвальнік

— Усе праекты, сустрэчы, заняткі з дзецьмі — гэта ваша ноу-хау або падобныя ідэі рэалізуюцца і ў іншых бібліятэках Мінска? 

— Усё добрае і цікавае, безумоўна, дзесьці падгледжана і кімсьці падказана. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ёсць дзіцячы пакой, дзе маці можа спакойна пакінуць свайго малога на час сваёй працы ў чытальнай зале. Там жа праводзяцца экскурсіі па музеі кнігі, ёсць аглядная пляцоўка на даху будынка, адкуль бачная ўся сталіца. Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Янкі Купалы па суботах праводзіць мерапрыемствы сямейнай накіраванасці. Гэта што тычыцца паслуг, якія прадастаўляюцца дарослымі бібліятэкамі для дзяцей. З арыентацыяй на школьны і дашкольны ўзрост у нас у Мінску налічваецца васямнаццаць бібліятэк. Многія з іх таксама прыдумляюць нешта для прыцягнення чытачоў. Напрыклад, бібліятэка №13, што ў пасёлку Сосны пад Мінскам, з’яўляецца адзіным культурна-адукацыйным цэнтрам. Адпаведна, на ёй ляжыць уся нагрузка падобнага роду. У бібліятэках №14 і №17, ведаю, таксама прыдумляюць розныя карысныя “фішкі”. Кожны імкнецца чымсьці зачапіць, каб вы­жыць ва ўмовах рынку. Мы павінны ўвесь час даказваць сваю значнасць, сацыяльную ролю ў грамадстве, улічваць запатрабаванні кан’юнктуры, шукаць і знаходзіць сваю нішу ў гэтым зменлівым свеце, у якім назіраецца тэндэнцыя чытаць усё менш кніг. 

— Але ў нас яна праяўляецца, мне падаецца, у меншай ступені. Чаму, як думаеце?

— Ды таму, што моцная яшчэ памяць савецкіх часоў, калі лепшым падарункам была кніга, калі не ведалі пра літаратурныя навінкі толькі лузеры, як цяпер гавораць. Але пры гэтым заўсёды, ва ўсе часы былі людзі, якія чытаюць і якія не чытаюць. Усе мы розныя. І я не лічу, што новыя тэхналогіі, гаджэты, інтэрнэт і падобныя атрыбуты сучаснага жыцця адбіваюць ахвоту да чытання. Да прыкладу, мая дачка, якой цяпер 21 год, чытала заўсёды і ўсюды. Спачатку папяровыя кнігі, потым запампоўвала на тэлефон электронныя, потым на рыдар, на планшэт... А сыну цяпер 22 гады, і ён як не чытаў у дзяцінстве, так і цяпер не хоча чытаць. Затое ён любіць аўдыякніжкі. Ёсць дзеці, якія чытаюць усё запар “запоем”. А ёсць і такія, якія не чытаюць, але аднекуль жа ўсё ведаюць. 

— Можа быць, з мультфільмаў?

— Можа быць. У нас, дарэчы, ёсць праект “Кінаманія”. Сутнасць яго ў тым, што мы прапаноўваем пагля­дзець фільм па нейкім творы. Затым яго абмяркоўваем, праводзім віктарыну. Напрыклад, знаёмім з творчасцю А. С. Пушкіна праз прагляд мультфільма “Залаты пеўнік”. Чаму б і не? Чаму б і так не даведацца аб класіку? Калі экранізавалі “Ідыёта” і “Братоў Карамазавых” Дастаеўскага, раман “Майстар і Маргарыта” Булгакава, у бібліятэцы на гэтыя кнігі попыт проста ўзляцеў. Я не лічу, што гэта дрэнна, калі чытач аддае перавагу традыцыйнай “крыніцы ведаў” перад іншымі спосабамі атрымання інфармацыі. Яны ўсе дапаўняюць адна другую. 

— А вы чытаеце ўсё, што трапляе на паліцы вашай бібліятэкі?

— Ужо не. Сёння ў свеце столькі інфармацыі, што чалавечы мозг не здольны ўсё пераварыць. Можа быць, маладому пакаленню гэта пад сілу, але мне — на жаль. Таму я, як кніжны гурман, выбіраю сабе мастацкую літаратуру. Астатняе чытаюць супрацоўнікі бібліятэкі, згодна са сваімі інтарэсамі. Потым мы абмяркоўваем прачытанае. Але змест любой кнігі павінен ведаць кожны бібліятэкар, які паважае сябе, і ўмець адказаць на каверзнае пытанне. Быў у мяне ў маладосці выпадак. Хлопчык папрасіў кнігу Белкіна “Аповесці”. Я сумленна пашукала па каталогу, паглядзела на паліцах, у сховішча зазірнула. Няма такой кнігі! Праз нейкі час да мяне даходзіць, што ён пытаўся пра кнігу “Аповесці Белкіна” А.С. Пушкіна! Заўсёды трэба дакапацца да сутнасці і зразумець, пра якую, да прыкладу, “сіненькую кніжку з сабачкамі” гаворыць юны чытач. Нядаўна пыталі кнігу “50 адценняў шэрага”, па якой ужо зняты фільм. Я ж пра яе не чула. У такім разе дапамагаюць бібліяграфічныя агляды, пошук у інтэрнэце. 

— Як вы думаеце, сучасная проза можа стаць класікай і якія ўмовы для гэтага павінны быць выкананы?

— Вядома, можа. Уся справа ў якасці літаратуры. Калі ёсць якасць, то і твор будзе жыць доўга. 

— Якая літаратура карыстаецца попытам, што сёння папулярнае?

— Часцей сталі прасіць “што-небудзь якаснае”, гэта значыць, не на патрэбу дня. Лёгкай літаратурай ужо насыціліся. Гэта не значыць, што ўсе кінуліся чытаць Чэхава, Дастаеўскага. Але задумвацца пра сур’ёзную літаратуру ўжо пачалі. 

— Мне падаецца, вялікія пісьменнікі мінулых эпох ахвотней разважалі пра вечнае, чым цяпер. Ды і ў цэлым, у людзях было больш духоўнасці. Хіба не?

— Духоўнасць у людзях ёсць і цяпер. Мне падаецца, не варта ўсё ўспрымаць у манахромным колеры. Гэты свет вельмі шматгранны. І жыць у ім, ды яшчэ калі з кнігай, цікава.

Аліса Красоўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter