Сустрэча Сі Цзінпіна і Аляксандра Лукашэнкі прайшла ва ўрадавай рэзідэнцыі “Дзяаюйтай”

Сяброўства ўмацоўвае адносіны

На ўрачыстасцях у Пекіне з нагоды заканчэння Другой сусветнай вайны і перамогі Кітая ў антыяпонскай вайне, куды з’ехаліся кіраўнікі і прадстаўнікі амаль паўсотні дзяржаў, старшыня КНР Сі Цзінпінь знайшоў час і месца для сяброўскіх зносінаў з кіраўніком Беларусі — усебаковага стратэгічнага партнёра. Сустрэча Сі Цзінпіна і Аляксандра Лукашэнкі прайшла ва ўрадавай рэзідэнцыі “Дзяаюйтай”.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзінпінь
Фота: БелТА


Кіраўнікоў дзяржаў звязвае моцная шчырая дружба. Гавару пра гэта не як пра ўласнае ўражанне. Пра тое, што цёплыя і даверныя адносіны паміж КНР і Беларуссю цэментуе дружба кіраўнікоў краін, гаварыў першы намеснік Прэм’ера Дзяржсавета Кітая Чжан Гаалі. З ім Аляксандр Лукашэнка сустрэўся некалькімі гадзінамі раней. На гэтых перагаворах прадстаўнік кітайскага ўрада, які курыруе эканоміку, запэўніў, што зробіць усё для выканання дамоўленасцяў кіраўнікоў дзяржаў.

А іх ужо было нямала. За апошнія 4 месяцы Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзінпінь сустракаліся тройчы. Надзвычай рэдкі выпадак у дыпламатычнай практыцы, які сам па сабе красамоўна сведчыць аб высокім узроўні ўзаемаадносінаў. Гэтым разам суразмоўцы гаварылі не толькі пра агульнасць поглядаў на вынікі Другой сусветнай вайны. Хоць гэтая тэма праходзіць чырвонай ніткай праз усе юбілейныя мерапрыемствы. Рэтраспектыва вызначае перспектыву. Нашы дзве краіны нацэлены на сур’ёзнае развіццё ўзаемадзеяння. Чжан Гаалі назваў Беларусь “жалезным” партнёрам. З гэтым азначэннем пагадзіўся і Старшыня Сі Цзінпінь.

У такой ацэнкі ёсць і непарушная гістарычная логіка. Свой першы візіт у Кітай беларускі Прэзідэнт здзейсніў у 1995 годзе. Гэта было яго першае на пасадзе афіцыйнае наведванне дзяржавы па-за межамі былога СССР. Таму сёння Аляксандр Лукашэнка з поўным правам гаворыць аб тым, што Мінск для Пекіна не сітуатыўны партнёр. І Пекін гэта цэніць. Асабліва з улікам таго, што сёння, калі Кітай усё больш набывае вагу аднаго з цэнтраў прыцягнення ў аднаўленні палітычнай і эканамічнай шматпалярнасці свету, жадаючых з ім хутчэй пасябраваць хоць адбаўляй. Мы ж свой выбар зрабілі даўно і сумленна. І ён у чарговы раз пацверджаны яшчэ адным знакавым момантам.

31 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў Дырэктыву № 5 “Аб развіцці двухбаковых адносінаў Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай”. Дакумент, звярнуў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў, не прымеркаваны менавіта да візіту. Ён рыхтаваўся ў развіццё майскіх рашэнняў, прынятых падчас знаходжання ў Мінску Сі Цзінпіна. Так супала. І гэта добры знак. Тут, на Усходзе, да знакаў асаблівая ўвага. Ды і мы, беларусы, да іх ставімся з павагай і разуменнем. Значыць, на гэтай дарозе светлая будучыня, будзем лічыць, гарантавана.

Звярну толькі ўвагу на тое, што сам факт прыняцця Дырэктывы № 5 гаворыць аб тым, што Мінск надае вялікае значэнне развіццю адносінаў з Пекінам. І Кітай тут адказвае абсалютнай узаемнасцю.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзінпіну за гэта. За кітайскія інвестыцыі, за крэдыты, прадастаўленыя для важных інфраструктурных праектаў. Ужо нямала зроблена па будаўніцтве Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. Старшыня КНР назваў яго пярлінай ініцыятывы “Шаўковы шлях”.

— Гэта будзе ўнікальны праект, — сказаў на гэты конт беларускі Прэзідэнт.

— “Вялікі камень” — сумесны праект. Мы зможам зрабіць узорны прыклад ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху, — з натхненнем падтрымаў меркаванне калегі Сі Цзінпінь.

Кіраўнік Кітая павіншаваў Беларусь з прыняццем у статус назіральніка ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, сказаў аб рашучасці Кітая ўсяляк падтрымліваць рэгіянальныя інтэграцыйныя праекты і запэўніў:

— Разумею вашу заклапочанасць абстаноўкай у свеце. Яна няпростая. Для большасці краін узніклі цяжкасці развіцця. Для нас сітуацыя ў краіне некалькі лепшая. Зыходзячы з прынцыпаў стратэгічнага партнёрства мы гатовыя падтрымліваць Беларусь.

Сі Цзінпінь пажадаў Аляксандру Лукашэнку перамогі на маючых адбыцца выбарах, выказаўшы ўпэўненасць, што наш народ прыме мудрае рашэнне, і сказаў, што чакае новага афіцыйнага візіту беларускага Прэзідэнта ў КНР.


Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Мікалай Снапкоў аб Дырэктыве №5:


— Дакументы такія рэдкія, і яны вызначаюць асноўныя стратэгічныя напрамкі развіцця грамадскага ладу. Яна прынята ў развіццё рашэнняў па выніках візіту Сі Цзінпіна ў маі ў Беларусь. У яе аснову леглі асноўныя тэзісы перагавораў, і Дырэктыва разгортвае тыя напрамкі стратэгічнага партнёрства, якія павінны быць паглыбленыя на карысць развіццю дзвюх краін

Віктар Бура, пасол Беларусі ў Кітаі:

— У гэтым візіце шмат увагі нададзена пытанням развіцця эканамічнага ўзаемадзеяння: у якіх плоскасцях эканомікі мы можам быць узаемадапаўняльныя і цікавыя адзін аднаму. Перагаворы са Старшынёй КНР і першым намеснікам Прэм’ера Дзяржаўнага савета паказалі, што такія пункты судакранання ёсць. І Сі Цзінпінь яшчэ раз пацвердзіў, што нашы краіны ўзаемадапаўняльныя і Кітай гатовы аказваць садзеянне Беларусі ў развіцці эканомікі

Мікалай Іваноў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter