Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Размовы на Кансультатыўным савеце па справах беларусаў замежжа становяцца ўсё больш канкрэтнымі ды канструктыўнымі

Сяброўскі дыялог

Веча дыяспары — так называюць яшчэ Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў. З розных краін раз на год збіраюцца на Бацькаўшчыне разам актывісты дыяспары: парадзіцца, абмяняцца досведам, падзяліцца ідэямі-прапановамі. Тры гады МЗС ладзіць такія рады, і яны ўжо сталі каштоўнай пляцоўкаю для кантактаў паміж прадстаўнікамі дзяржавы й дыяспары. Прычым кожнае з пасяджэнняў, заўважаю, мае свае адметнасці, душэўныя, запамінальныя моманты. Вось і трэцяя мінская сустрэча пачалася не ў МЗС, а пры рэчцы Свіслачы, ля Траецкага прадмесця: там, у цэнтры сталіцы, адкрылі памятны знак “Беларусам замежжа”. Кампазіцыя ў выглядзе кола, перавітага ручніком, сімвалізуе, паводле народных павер’яў, вечны рух наперад, ход самога жыцця. Да таго ж аўтары, доктар архітэктуры, прафесар Армэн Сардараў і скульптар, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Аляксандр Фінскі, такім чынам вырашылі нагадаць пра нялёгкі шлях сыноў і дачок Беларусі, якія па розных прычынах адарваліся-выехалі з яе, ды збераглі ў сэрцах любоў да Бацькаўшчыны.

І для ўраджэнкі Віцебска, заслужанай артысткі Кыргызкай Рэспублікі Юліі Руцкай адкрыццё памятнага знака — важная падзея. Прызналася, што мае моцнае пачуццё этнічнай прыналежнасці да Беларусі: “Гэта вельмі хвалюе: на такой вялікай адлегласці Радзіма памятае пра цябе, ганарыцца...” А старшыня Савета рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы” Аксана Солапава заўважыла: Беларусь — першая краіна ў свеце, якая ўшанавала такім знакам сваіх супляменнікаў за мяжой. На што Міністр замежных спраў Уладзімір Макей адказаў: “Калі гэта так, то Беларусь, магчыма, закладвае вельмі добрую сусветную традыцыю”.

Уладзімір Макей адказвае на пытанні журналістаў

Дарэчы, у такім сяброўскім дыялогу й праходзіла сёлетняе веча дыяспары. І кожнаму з удзельнікаў, а іх было 35 чалавек з 19 краін, было што сказаць, занатаваць, на нешта звярнуць увагу. Напрыклад, кіраўніца суполкі “Родныя карані” з Арменіі Ірына Пагасян заклапочана: як перадаваць народныя традыцыі, культурныя каштоўнасці беларусаў тым, хто нарадзіўся і выхоўваецца ўдалечыні ад зямлі продкаў? І прапануе праводзіць у Беларусі моладзевы фэст беларусаў свету. Гэта, упэўнена Ірына, стане добрым стымулам для хлопцаў і дзяўчат, каб і далей вывучалі мову, культуру, традыцыі этнічнай радзімы. І яшчэ для вучняў беларускіх нядзельных школ у розных краінах Ірына прапануе праводзіць у інтэрнэце сумесныя відэаўрокі, брыфінгі, круглыя сталы, конкурсы і алімпіяды.

Старшыня Германска-беларускай грамадскай ініцыятывы “Belarus Forum”, дактарант Рурскага ўніверсітэта Дзмітры Раманоўскі на пасяджэнні КС быў упершыню. Расказваў пра дзейнасць суполкі, пра тыя культурныя, навуковыя, адукацыйныя мерапрыемствы, што праводзяць аднадумцы. Сам Дзмітры — гісторык, шмат гадоў даследуе гісторыю эканамічных стасункаў між Беларуссю і Германіяй. Упэўнены: Германія — адзін з галоўных гандлёвых партнёраў нашай краіны ў Заходняй Еўропе. Але як павялічыць экспарт беларускай прадукцыі? Ён лічыць: беларускім вытворцам варта даваць больш інфармацыі пра свае тавары на замежных мовах, смялей выкарыстоўваць сучасныя ІТ-тэхналогіі, новыя рэкламныя хады. “Многія беларускія тавары па якасці не саступаюць нямецкім, некаторыя — яшчэ лепшыя, — упэўнены Дзмітры, — ды ў Германіі пра іх мала хто ведае”. Ідэю збірацца беларусам з розных краін на Кансультатыўным савеце ў МЗС ён лічыць вельмі карыснаю: на ім людзі дзеляцца досведам, напрацоўкамі. Так і ўмацоўваюцца сувязі паміж краінамі.

Душэўным святам назваў сёлетні свой візіт у Мінск старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскі. Беларусь для яго — самая мілая і важная дзяржава ў свеце. Таму й надаецца столькі ўвагі ў беларускіх суполках Польшчы выхаванню нашых маладых супляменнікаў — у беларускіх традыцыях. “Калі ж мы не будзем прывіваць дзецям любоў да роднай мовы, культуры, літаратуры, песень, то праз некаторы час перастанем існаваць як нацыя на Беласточчыне”, — упэўнены Ян Янавіч. А сустрэчы ў МЗС, лічыць ён, спрыяюць інтэграцыі беларусаў у свеце: “Мы гаворым як пра нашы поспехі, дасягненні, так і акрэсліваем праблемы. Бачым, каму што трэба паправіць, каму дапамагчы”.

Памятны знак на набярэжнай Свіслачы
 
Пра тое, што беларусам з розных краін трэба адзін аднаго чуць і вучыцца працаваць супольна, казаў і Міністр замежных спраў Уладзімір Макей: “Кансультатыўны савет набірае моц, размовы становяцца больш канкрэтнымі. Атрымліваецца сапраўдны дыялог паміж дыяспарай і дзяржавай. І ў гэтым поспех: мы рухаемся адзін аднаму насустрач”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 36 (3540), чацвер, 21 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter