Сябра маладосці.

Хто шукае: Ірына Міхайлаўна Кленверт, г.п. Ждановічы.
Каго шукае: Галіну Міхайлаўну Абрамчык.
“Шукаю сваю сяброўку Галіну Міхайлаўну Абрамчык, 1938 года нараджэння, — піша Ірына Міхайлаўна. — Мы разам выхоўваліся ў Капыльскім дзіцячым доме, разам вучыліся ў педвучылішчы, разам працавалі ў вёсцы Новы Быхаў Быхаўскага раёна. Потым Галя выйшла замуж за Анатоля Канаваленку і паехала жыць у Мазырскі раён. Вельмі прашу дапамагчы ў пошуку сяброўкі дзяцінства і маладосці”.

Хто шукае: Мікалай Мікалаевіч Сівуха, Рэчыца.
Каго шукае: Анатоля Шэдава (ці Шадова).
“Я з вялікай цікавасцю чытаю “Народную газету”, асабліва суботнія нумары, дзе ёсць рубрыка “Помні імя сваё”, — пачынае сваё пісьмо Мікалай Мікалаевіч. — Пад уражаннем вашых матэрыялаў і я вырашыў знайсці свайго армейскага сябра Анатоля Шэдава (ці Шадова). Мы з ім служылі ў 1956—1957 гадах на ваенным складзе 4393—148—ОМСР, які дыслацыраваўся каля вёскі Прыбар Гомельскага раёна. Анатолій нарадзіўся ў 1935 годзе ў Мінскай вобласці. Ён быў жыццялюбам, душой любой кампаніі, вельмі добра граў на гармоніку. Я з ім сябраваў на працягу ўсёй службы, але потым нашы сцежкі разышліся. Зараз, праз шмат гадоў, хочацца знайсці свайго саслужыўца і ўспомніць маладосць”.

Хто шукае: Іван Георгіевіч Абрамчук, Івацэвіцкі раён.
Каго шукае: Анатоля Іванавіча Басава.
“Да вас звяртаецца Іван Георгіевіч Абрамчук, — піша жыхар вёскі Соміна Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. — Спадзяюся на вашу дапамогу ў пошуку майго сябра па службе. Гэта Анатоль Іванавіч Басаў, 1949—1950 года нараджэння, ураджэнец Казахстана. Я служыў з 1967 па 1969 год у вайсковай часці нумар 08628, якая знаходзілася ў пасёлку Луастары Мурманскай вобласці. Гэта была Ленінградская ваенная акруга. У маі 1969-га камандаванне прызначыла мяне старшыной каранціну. Там пачынаў сваю службу і Анатоль. Ён быў добрасумленным байцом, яго паважалі аднапалчане. Пасля заканчэння службы я перапісваўся з Анатолем, але з часам сувязь абарвалася чамусьці”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter