Сябра капiтан

Міколе Адамовічу — брыга­дзіру саўгаса «Залессе»  — прыйшла павестка з’явіцца  ў райаддзел міліцыі ў кабінет нумар 22...

Міколе Адамовічу — брыга­дзіру саўгаса «Залессе»  — прыйшла павестка з’явіцца  ў райаддзел міліцыі ў кабінет нумар 22.

— І што гэта ты вычварыў? — спытала жонка Ганна. 

  Калі б што зрабіў, то ўчастковы сказаў бы, — паціснуў плячамі Мікола. —  Ён жа на мінулым тыдні быў у нас. 

— Не быў, а піў! — з’едліва кінула Ганна. — Грошы схавала, каб сыну чаравікі купіць, дык знайшлі.   

Назаўтра Адамовіч з самай раніцы на рэйсавым аўтобусе паехаў у райцэнтр. У кабінеце райаддзела міліцыі за сталом сядзеў падпалкоўнік, абкла­дзены з усіх бакоў стосамі папер. 

— Я па вызаву, — замест прывітання прамовіў Адамовіч і працягнуў павестку.   

Падпалкоўнік узяў яе і прапанаваў прысесці. 

— Навошта пабілі нашага супрацоўніка, Мікалай Васільевіч? —  спытаў ён. 

— Што? — здзівіўся Адамовіч, у якога ад такіх слоў аж дыханне пераха­піла.  

— Чытайце, — працягнуў паперы падпалкоўнік. — Вось папера  пацярпеўшага, суд­мед­экспертыза і паказанні сведак. 

Гэта была заява ад участковага міліцыянера Сымона Пятровіча Байдука. У ёй чорным па белым значылася, што Мікалай Васільевіч Адамовіч у нецвярозым стане ў мінулую сераду пабіў яго ў цэнтры вёскі. Разбіў нос, правае брыво і лоб. Даныя судмедэкспертызы  прыкладваліся. Таксама і паказанні канторскіх работнікаў, якія бачылі бойку.  

— Справа  крымінальная, — адзначыў падпалкоўнік. — Вас абвінавачваюць у нанясенні цялесных пакалечанняў су­працоўніку міліцыі, які выконваў службовыя абавязкі. І цягне не на адзін год турмы. Справу весці даручылі мне — намесніку начальніка райаддзела,  бо да яе мае дачыненне наш работнік.     

Адамовіч задумаўся. У сераду Байдук прыехаў да яго дадому. З такой нагоды Мікола, які паспеў ужо кульнуць стакан, збегаў у магазін за гарэлкай. Але здалося мала, і яны пайшлі ў краму,  дзе купілі віна, і заглянулі ў сталоўку.    

— Нічога не памятаю, — адказаў Мікола. — Толькі помню, што з Байдуком мы выпівалі. 

— Э, даражэнькі, — усхапіўся намеснік начальніка райаддзела, — не трэба нагаворваць на ўчастковага. Сведкі сцвярджаюць, што Сымон Пятровіч быў цвярозым. Пачытайце, калі ласка. 

Адамовіч чытаў паказанні. Выходзіла, што ён перад канторай гучна лаяўся на ўчастковага. А затым накінуўся на міліцыянера з кулакамі. І калі б не даглядчык жывёлы Міхась Бобка, то забіў бы. Але Міхась паваліў яго на зямлю. А потым падаспелі мужыкі, што выйшлі з магазіна.  

— Быццам ноч цёмная перад вачыма, — прамовіў у адказ Мікола. 

— Гэта не апраўданне,  — міліцыянер дастаў са стала аркуш паперы і паклаў перад сабою. —  Прызнаяце сябе вінаватым?  

— Прызнаю, — ціха адказаў Мікола. — Толькі не разумею, чаму так здарылася?  Мы ж з Байдуком сябрамі былі. 

 — Э-э-э, не трэба пра сяброўства, — замахаў рукамі падпалкоўнік.  — Сымон Пятровіч выконваў службовыя абавязкі. Вам свеціць гады тры турмы.   

— Яно  так, — уздыхнуў Мікола. — Але ж у мяне дзеці, можа, зладзім як? Дурны быў, п’яны. 

— Нічога не магу зрабіць, — развёў рукамі намеснік.   

Узнікла паўза. Міліцыянер пазіраў на Адамовіча. А той сядзеў, апусціўшы вочы долу. Так працягвалася, мо, некалькі хвілін. 

— Добра, — парушыў цішыню падпалкоўнік. — Ідзіце да Байдука. Пагаварыце з ім. Ён цяпер на нашым стрэльбішчы здае залікі. Ведаеце дзе?  

Міколу паўтараць не трэба было.  Ён шпарка накіраваўся на стрэльбішча. 

...Сымон Байдук даўно працаваў участковым. І  шмат год заставаўся капітанам. Па стажы  мог звальняцца на пенсію. Але маладыя не жадалі  працаваць на аддаленым ад райцэнтра ўчастку. Ды і сам Байдук не хацеў пакідаць сваю пасаду. Жыў ён у суседнім сельсавеце.  І  часта дабіраўся да сваіх вёсак на матацыкле альбо ровары. Смешна было глядзець, як таўставаты Сымон выглядае на веласіпедзе. Звычайна на ім былі міліцэйская форма, сумка-планшэт, куды ён складваў паперы, і на рамні вісела кабура. Участковы ставіў сваю тэхніку ў каго-небудзь у двары. І пачынаў, як казаў, прафілактычную работу. Яна заключалася галоўным чынам у тым, каб прайсці па вуліцы і сабраць як мага больш чутак. Байдук валодаў багатай інфармацыяй: хто п’е, хто кра­дзе з саўгаса, хто дома сварыцца... Нават ведаў, якая жанчына каму здраджвае.  

Злачынстваў на яго тэрыторыі здаралася мала. Хіба мужык жонку паб’е, ці хто трапіцца на крадзяжы ў саўгасе.  Праўда, год назад п’яны трактарыст зарэзаў зусім маладога  шафёра. Тады капітан вельмі перажываў.  

— Чаму не даў пятнаццаць сутак, калі ён пабіў жонку і сусе­дзяў ганяў? — гаварыў Сымон. — Можа, за розум узяўся б. А я пашкадаваў — дзеці ў яго малыя...  

Два  гады назад невядомыя абрабавалі сельскі магазін. Байдук заявіў: «Гэта чужыя. Мае не маглі такога зрабіць!» І ўпарта стаяў на сваім, хоць следчыя не менш упарта збіралі ўлікі на мясцовых жыхароў. Праз месяцы чатыры затрымалі групу гастралёраў, якія рабавалі крамы. Участковы тады хадзіў гогалем. 

Аднойчы да дырэктара саўгаса прыехаў са сталіцы госць з сям’ёю.  Гаварылі, ён займаў важную пасаду. У яго жонкі прапалі залатыя пацеркі і пярсцёнкі. Падняўся вялікі вэрхал! З раёна раніцай прыехаў сам начальнік міліцыі са следчымі. Сярод іх піхаўся і таўставаты Байдук. Ён спрабаваў нешта сказаць, але начальнік не слухаў. Тады капітан знік.  

Потым  расказвалі, што ўчастковы зайшоў у магазін, паша­п­таўся з прадаўшчыцай Маняй. Тая дала яму праз чорны ход напавер дзве бутэлькі вермуту і бутэльку піва. Затым капітан узяў у адного з вяскоўцаў ровар і паехаў. 

Гадзіны праз паўтары Байдук зноў з’явіўся ў цэнтры вёскі. Выглядаў значна весялей, чым раніцай. Участковы накіраваўся  ў дом дырэктара саўгаса, дзе сядзелі прыезджыя. Там са свайго планшэта дастаў прапаўшыя залатыя вырабы і заяву ад мясцовага жыхара Чэслава Вайцяхоўскага, у якой было напісана, што Вайцяхоўскі ўчора знайшоў усё гэта каля магазіна. Хадзілі чуткі, быццам капітан нутром адчуў, што Вайцяхоўскі, які ўчора туляўся ля гасцей, украў іх золата. А віном міліцыянер развязаў яму язык, прымусіў напісаць заяву і аддаць крадзенае.     

Байдук пастаянна насіў кабуру, аднак у ёй пісталета ніколі не было. Аднойчы дзеці  ўкралі ў адной з хат радыёлу. І, на іх бяду, праходзіў участковы. Капітан аказаўся спрытным і адрэзаў шлях да адступлення. Малым ліхадзеям нічога не заставалася, як пабегчы да вадаёма і забрацца на астравок метрах у дваццаці  ад берага. Сымон лезці  ў ваду не захацеў.   

 — Марш сюды, а то страляць буду! — крычаў ён.  

— Страляйце! — асмялелі ўцекачы. — У вас пісталета няма! 

 — Як гэта няма? Вось дастану — заплачаце! — І ён інстынктыўна расшпіліў кабуру. З яе тырчаў зялёны агурок і нешта ў газеце,  відаць, сала... Смяяліся не толькі дзеці, але і дарослыя, якія падышлі сюды.  Кажуць,  аднойчы ў Байдука  жартам выцягнулі пісталет. Участковы вельмі перапалохаўся. І пасля гэтага зброі з сабой не браў. 

Сымон Байдук рэдка перадаваў справы ў раён. Вырашаў сам. Калі хто з кім  пабіўся, мірыў. Калі хто ўкраў, прымушаў вярнуць. Нікому дрэннага не жадаў. За гэта яго і паважалі вяскоўцы. Мікола з Сымонам сустракаліся часта. У каго, як не ў брыгадзіра, можна было атрымаць свежую інфармацыю. Таму Байдук рэдка абыходзіў хату Адамовіча. Бывала, сядзелі  і за чаркай. А тут крымінальная справа  аб бойцы... 

Мікола на стрэльбішчы здалёк убачыў участковага. Шчыра кажучы, Адамовіч ніяк не мог уявіць сабе Байдука з пісталетам. У вёсцы многія пасмейваліся і гаварылі, што ён нават не ўмее страляць. Але цяпер капітан страляў з сапраўднай зброі. Мікола з гадзіну чакаў, пакуль Сымон вызваліцца. Бо той ніяк не хацеў пакідаць агнявы рубеж — адчуў смак.  

— Слухай, як гэта было? — спытаў ён капітана, калі той нарэшце падышоў. 

— Ат,  — махнуў рукой у адказ Сымон, у якога пад правым вокам быў бачны сіняк. — Ты сам зразумей: я прыходжу на працу з пабітым тварам. Не стану ж  гаварыць, што мы з табой па п’янцы счапіліся. Выганяць адразу. Вось і напісаў.   Пайшлі да намесніка. Уладзім як-небудзь.  

...Падпалкоўнік, убачыўшы ў дзвярах Байдука і Адамовіча, адразу спытаў:      

— Што скажаце? 

— Можа, не трэба даваць ходу гэтай справе? — пачаў капітан. — У яго ж трое дзяцей. Сядзе — хто ж іх карміць будзе? 

— Твая заява зарэгістравана,  — запярэчыў намеснік начальніка райаддзела. — І мне трэба прымаць меры. Супрацоўніка міліцыі пабілі! Начальства з вобласці  даведаецца, абавязкова пацікавіцца. Тут трэба ўсё законна. 

— Можа, штраф? — пачасаў патыліцу Байдук. 

 — Штраф? Можна і штраф, — згадзіўся падпалкоўнік, якому, відаць, таксама не хацелася даваць усяму гэтаму ход. 

У Адамовіча быццам камень з душы зваліўся.  І дадому адпраўляўся ў добрым настроі. Прапанаваў Сымону выпіць. 

— Не магу, — адмовіўся той.  — Мне яшчэ страляць трэба. Навошта там пахнуць? Я да цябе прыеду.                        

І сапраўды, праз тры дні ўчастковы грукаў у дзверы дома брыгадзіра. Адамовіч сустрэў яго  як лепшага сябра. Сіняк хоць і не так ярка, але красаваўся на твары Байдука. Жонка з працы дамоў яшчэ не вярнулася. Гаспадар на скорую руку накрыў стол. Пасля пацягнуліся ў цэнтр, бо Адамовічу трэба было атрымаць зарплату. Пасля зайшлі ў сталоўку, купілі яшчэ спіртнога і прыкусіць... 

— Вось вы дзе! — пачуўся голас жонкі Міколы Ганны. — А то мне як сказалі, што пайшоў з участковым, дык чуць не абамлела: што ён яшчэ нарабіў?  

— Сядай, сядай, Ганулька, — твар Сымона расплыўся ва ўсмешцы. Участковы  ўсадзіў яе  і наліў у чарку  гарэлкі.   

Мікола, у якого ўжо розум крыху памутнеў ад алкаголю, аб нечым задумаўся. А Сымон працягваў гутарыць з кабетай. Ён абняў яе і нешта шаптаў на вуха. Тая смяялася. Адамовіч перакуліў стограмоўку і прыкусіў каўбасой. Ганна з Сымонам, здавалася, і не заўважалі яго. І тут Міколу быццам ударыла токам. Ён успомніў, чаму яны пабіліся з Байдуком. Тады, калі пілі ў хаце, вярнулася Ганна, і  Сымон таксама стаў заляцацца. А потым, калі ўжо са сталоўкі выйшлі на вуліцу, загаварыў пра яе, абазваў яго ёлупнем, маўляў, такая маладзіца можа ўцячы да іншага. Мікола не вытрымаў, пусціў у ход кулакі. І цяпер яго твар аж пачырванеў.  

— Што ж вы, сволачы, — устаў ён з-за стала, — робіце?! Пры жывым мужыку абнімаецеся. А хутка і цалавацца будзеце?  

— Напіўся, дык маўчы! — адазвалася жонка. — Дурань!           

— Хто?! Гэта я дурань? — павысіў голас Мікола, і ўсе ў сталоўцы павярнуліся ў яго бок. — Я?! Капітан! Я —  дурань?! 

  Чаго крычыш? — махнуў той рукою. — Хочаш быць дурнем, дык будзь! 

 — Ах, так! Ты з маёй жонкай тралі-валі! А я  — дурань! Не! —  І Мікола з усяго размаху заехаў сваім здаровым кулаком Байдуку па фізіяноміі. Той зваліўся са стула на падлогу. З носа Байдука пырснула кроў,  было відаць, што ў яго яшчэ рассечана і левае брыво...   

Адамовіч схапіў са стала недапітую бутэльку гарэлкі і шпарка выскачыў са сталовай. Ён ішоў па вуліцы, пацягваючы на хаду спіртное і барматаў:  

— Сябар называецца! Я да яго з усёй душою, а ён... Не, не сябар мне Байдук, не сябар! Гад паўзучы! Вось хто! 

Мікола дайшоў да агарода Васіля Букі. Каля яго плота, паміж зараснікам кустоў і лопухаў,  вілася сцежка, па якой можна было зрэзаць шлях да вуліцы, дзе жыў Адамовіч. Ён ступіў на яе, дапіў гарэлку і адкінуў бутэльку. 

— Эй, мужык! — пачулася за спінай. — Гані грошы! 

Мікола абярнуўся. За ім стаялі чатыры хлопцы. Ён адзначыў, што гэта не мясцовыя, прыезджыя. І ўспомніў, што гэта чацвёрка выйшла за ім са сталовай. 

— Ты ж атрымаў зарплату, — сказаў малодшы, якому было гадоў дваццаць. — А ну давай хутчэй, а то кухталёў атрымаеш!   

— Што ты сказаў, шчанюк? — Мікола кінуўся да плота, вырваў кол і агрэў  ім хлопца. Аднак на яго наляцелі трое іншых. Ад балючага ўдару па галаве Адамовіч зваліўся на зямлю. Білі яго нагамі. Брыгадзір адчуў, як з носа пацякла кроў, як заныла нага, адчуў і тое, што разбілі яму галаву... 

 — Рукі ўгору! Страляць буду! — пачуў знаёмы голас Мікола. 

Нападаўшыя перасталі яго біць і абярнуліся. Прыпадняў галаву і Адамовіч. Скрозь кроў, што цякла яму на вочы, ён убачыў Байдука, які стаяў, трымаючы руку на кабуры. 

— Я сказаў: рукі ўгору! Усім стаць ля плота! — скамандаваў участковы. 

Хуліганы крыху разгубіліся, бо перад імі стаяў міліцыянер у форме. Першым апамятаўся малады, якога ўдарыў калом Адамовіч:  

— Дык гэта ж мясцовы пінкертон! — засмяяўся ён. — Хлопцы, у яго ніколі не было пісталета, ён нават страляць не ўмее, — і зарагатаў.  

— Я цябе, шчанюк, і без пісталета скручу ў хамут! — вылаяўся капітан. 

— І гэты шчанюком абазваў! — у маладога, здаецца, аж сліна выступіла на губах. — Ён у мяне атрымае! — і маланкай сігануў на ўчастковага. Але хутка адляцеў пасля ўдару Байдука. «Адкуль такі спрыт у Сымона? — здзівіўся Адамовіч. — Ніколі не бачыў, каб ён з кім біўся». 

Тройка нападаўшых кінула брыгадзіра і насела на міліцыянера. Але той не адступаў.   

 — Я табе пакажу шчанюка! — ускочыў з травы малады. У яго руках Мікола заўважыў нож. Ён хацеў папярэдзіць ка­пітана, але ў роце быццам перасохла, і пачуліся толькі нейкія рыкі. Хуліганы адбеглі ад Байдука, і той павольна пачаў апускацца на зямлю.  

Хлопцы кінуліся наўцёкі. Мікола падпоўз да капітана, які ўжо ляжаў на зямлі. З яго гру­дзей цякла кроў.  

— Байдук, ты што? — прамовіў Мікола. 

Але Сымон нічога не гаварыў,  толькі глядзеў на брыга­дзіра і, здавалася, хацеў ус­міхнуцца. 

— Байдук, не дуры, чуеш? Я цябе дацягну да хаты Васіля. Патэлефануем фельдшарцы, выклічам «хуткую». 

І Мікола пацягнуў міліцыянера. Ён то падаў, то зноў уставаў, то поўз на каленях, цягнучы за сабой участковага.   

— Пацярпі. Хутка будуць веснікі. Васіль нас убачыць. Гэта ж ты спецыяльна прыйшоў мяне выручыць? А я табе ў морду даў! Эх, капітан, капітан! Дурань я, дурань!  

Байдук нічога не адказваў.  Яго правая рука прыціскалася да раны, а левая цягнулася па сцежцы. Мікола ж не змаўкаў: 

— Мы з табой яшчэ пасядзім. Сябра, ты чуеш?  Не памірай!.. Сябра!   

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter