Святы крыж

Адным з галоўных сімвалаў хрысціянаў з’яўляецца крыж.
Адным з галоўных сімвалаў хрысціянаў з’яўляецца крыж. Крыж спадарожнічае чалавеку на працягу жыцця: вернікі носяць яго на сабе, робяць знак крыжа, узгадваючы пры гэтым імёны трох Божых асоб, ставяць на магіле памерлага... Чатырнаццатага верасня католікі адзначылі свята, якое непасрэдна звязана з крыжом.


Пасля спынення пераследу хрысціянства па ініцыятыве святой Алены, маці імператара Канстанціна, пачаліся пошукі крыжа, на якім памёр Хрыстос. У пачатку IV стагоддзя крыж быў знойдзены. З гэтай нагоды ў Ерусаліме на Галгофе былі ўзведзены дзве базілікі — Мучанікаў і Уваскрасення. У 335 годзе 13 верасня яны былі асвечаны. У базіліцы Мучанікаў, пабудаванай над пячорай Гроба Пана, устанавілі знойдзены Крыж Збаўцы, а саму базіліку сталі называць базілікай Крыжа. Каб вернікі, якія прысутнічаюць на ўрачыстасці, маглі добра ўбачыць крыж і пакланіцца яму, мясцовы біскуп 14 верасня некалькі разоў узнімаў яго над іх галовамі. З таго часу 14 верасня пачалі святкаваць Узвышэнне святога крыжа. 


Некаторыя звесткі кажуць пра другое вяртанне крыжа. У 614 годзе персы захапілі Ерусалім і разрабавалі ўсе хрысціянскія святыні. У 628 годзе іх прымусілі вярнуць святы крыж. Калі сам імператар хацеў унесці яго на былое месца, то ён не змог адразу гэтага зрабіць. Толькі пасля таго як ён зняў сваю імператарскую вопратку, яму гэта ўдалося.


Некаторыя лічаць гэтае паданне легендарным, паколькі яшчэ святы Кірыл Ерусалімскі, які памёр у 387 годзе, сведчыць пра тое, што ў IV стагоддзі крыж быў падзелены на часткі, раздадзены розным супольнасцям вернікаў і ўшаноўваўся імі як рэліквія. Аднак з упэўненасцю можна сказаць, што свой штодзённы крыж можа несці толькі той, хто апрануты ў духоўную вопратку пакоры — гатовы адмовіцца ад зацікаўленасці толькі сваёй асобай і імкнення навязваць сваю волю. 


Айцы Касцёла падкрэслівалі, што крыж з’яўляецца сімвалам, у якім сутыкаюцца галоўныя праўды хрысціянскай веры. Паводле святога Яна Дамаскіна, крыжом Хрыста, і нічым іншым, пераможана смерць і падорана людзям уваскрасенне.


У візантыйскім абрадзе Узвышэнне крыжа залічваецца да адной з 12-ці галоўных урачыстасцей, а сам Збаўца на крыжы, пры дапамозе багатых аздабленняў, прадстаўляецца праслаўленым як Першасвятар або як Добры Пастар. Такая традыцыя ўвасаблення Хрыста ўзнікла ў IV стагоддзі. У ХІІ стагоддзі ў лацінскай хрысціянскай традыцыі з’яўляецца іншы матыў — гэта прадстаўленне Хрыста церпячым на крыжы.


Свята Узвышэння крыжа нагадвае пра вялікае значэнне гэтага сімвала хрысціянства, заахвочвае нас не ўспрымаць яго толькі як дэкаратыўны элемент або ўпрыгожанне вопраткі, але бачыць у ім знак канчатковай перамогі дабра над злом. У гэтым хрысціянам дапамагае любоў. Ян Павел ІІ казаў: “Крыжа без Любові не зможаце несці, Любові без Крыжа не зразумееце”.


Айцец Кірыл Бардонаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter