Строительство параллельно с проектированием, пивоварня и гостевой дом вскоре примут гостей – дворцово-парковый комплекс «Святск» под Гродно будут сдавать поэтапно

Свяцк: гісторыя ажывае на вачах

Рэканструкцыя палацава-паркавага комплексу «Свяцк» пад Гроднам набірае абароты. Гэта адзін з самых важных аб’ектаў у рэгіёне для развіцця турызму. Яго аднаўленне пачалося тры гады таму, і з тых часоў работы не спыняліся ні на адзін дзень. У працэсе рэканструкцыі з’яўляюцца новыя задачы, некаторыя рашэнні даводзіцца прымаць на хаду. Будаўніцтва ідзе паралельна з праектаваннем. Комплекс «Свяцк» плануюць здаваць паэтапна. Што зроблена за гэты перыяд і для каго будзе адчынена брама гісторыка-культурнага аб’екта?


Што хавала парадная лесвіца

Архітэктурны ансамбль у стылі барока і класіцызму размешчаны недалёка ад Гродна, па дарозе да Аўгустоўскага канала. Чакаецца, што частка адрэстаўрыраванага комплексу пачне працаваць сёлета, астатняе адкрыюць у 2021-м. Рэстаўрацыя на многіх аб’ектах ужо выйшла на фінішную прамую. Гэта флігелі з гасцінічнымі нумарамі, піваварня, гасцявы дом і рэстаран. Пакуль невядома, што з іх адкрыецца першым. Увод у эксплуатацыю будзе паэтапным. Пра гэта і шмат што іншае расказаў галоўны архітэктар ААТ «Гроднажылбуд» Анатоль Пархута, які курыруе аб’ект:

— У сярэднім на будоўлі працуе да 40 чалавек. Побач з жылбудаўцамі на аб’екце працуюць спецыялісты ААТ «Белрэстаўрацыя». Заключаны дагаворы падраду ўсіх 5 пускавых комплексаў. З выдзяленнем сродкаў праблем няма. Складана было чакаць цікавых знаходак падчас правядзення работ, улічваючы стан, у якім мы атрымалі аб’ект. Але сёе-тое знайсці ўсё-ткі атрымалася. Цяпер у нас захоўваюцца старадаўнія дзверы, кафля, фрагменты ляпніны, люстры. Проста ля параднай лесвіцы, што вядзе на другі паверх, падчас даследавання слаёў тынкоўкі былі раскрыты фрагменты старадаўняга роспісу. У будучым яго адновяць.

Галоўны архітэктар ААТ «Гроднажылбуд» Анатоль ПАРХУТА задаволены вынікамі.

Аўтэнтычна і тэхналагічна

Архітэктурную каштоўнасць палаца складана пераацаніць. Асаблівая ўвага да ансамбля ў Свяцку абумоўлена тым, што ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей ён мае ўзровень аб’екта нацыянальнага значэння.

— Як бачыце, комплекс вельмі вялікі па памерах: сам палац, да якога прылягалі бакавыя галерэі, шэраг гаспадарчых пабудоў, англійскі парк у пейзажным стылі на плошчы 12 гектараў у атачэнні каскада сажалак, — пачынае экскурсію кіраўнік аб’екта.

У 2005-м палацава-паркавы комплекс апусцеў і паступова прыходзіў у сумны стан. Толькі пасля таго, як аб’ект перадалі санаторыю «Азёрны», тут пачаліся перамены да лепшага. Ход рэстаўрацыі падрабязна абмяркоўваецца на штомесячных нарадах Міністэрства культуры.

Вось такой была левая галерэя палаца да пачатку рэканструкцыі.

— Перад намі шматфункцыянальны гаспадарчы блок. Ён уключае ў сябе кацельню, стайню, карэтную, пральню, адміністрацыйны комплекс і піваварны блок, — працягвае архітэктар. — Будынкі, апранутыя ў тынкоўку, завершаны на 90 працэнтаў. Не здаюцца яны толькі таму, што комплекс усё роўна павінен працаваць як адзінае цэлае. Зараз поўным ходам ідзе рэстаўрацыя піваварні, на першым паверсе якой размесціцца тэхналагічная частка, на другім — рэстаран. Закуплена чэшскае абсталяванне. Будынак цалкам аўтэнтычны, таму стараемся яго максімальна захаваць. Гэта і стварае некаторыя цяжкасці. Напрыклад, для пакрыцця будзе выкарыстаны гонт. Гэта такія колатыя дошчачкі. Няма практычных дапаможнікаў або падручнікаў, як зрабіць дах такім, як 200—300 гадоў таму. Шукаем тых, хто нам яго змайструе. Паспрабуем справіцца з задачай да канца года.

На любы густ і кашалёк

Практычна насупраць піваварнага блока размешчаны гасцявы домік. Там будзе ўсяго чатыры нумары з більярднай і банкетнымі заламі, басейнам, лазняй і саўнамі.

Зараз тэрыторыя актыўна добраўпарадкоўваецца.

— Хочацца адзначыць, што палацава-паркавы комплекс «Свяцк» прызначаны для ўсіх катэгорый грамадзян. Размяшчэнне, экскурсійная праца, аздараўленне — усё павінна быць прапанавана на любы густ і кашалёк. Скажам, для студэнтаў на ўездзе будзе абсталяваны кемпінг з тэрыторыяй для ўстаноўкі палатак альбо машын з домiкамі з кантрольна-інфармацыйным пунктам. Побач пабудуюць навес, вогнішча. Пры гэтым усе рэстараны, кафэ і нават чарачная з традыцыйнымі напоямі будуць для такіх падарожнікаў у вольным доступе.

Музейная экспазіцыя размесціцца ў левым флігелі комплексу, дзе, згодна з праектам, будуць працаваць гасцініца і рэстаран. У будучым, калі работы ў палацы завершацца, пад невялікі музей адвядуць адзін з пакояў цэнтральнай часткі будынка.

— Узровень аздаблення інтэр’ераў у нумарах флігеляў адрозніваецца на першым і другім паверхах, — адзначае Анатоль Пархута. — Зноў жа, кожны можа выбраць па сваім гусце. У правай частцы акрамя гасцінічных нумароў будзе працаваць лячэбна-аздараўленчы блок.

Пытанні і адказы

Паралельна з рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй будынкаў праводзіцца добраўпарадкаванне тэрыторыі.

— Можна было б выкласці ўсё пліткай, але ў выніку атрымалася б звычайнае ўрбаністычнае асяроддзе. Гістарычна тут ляжала пакрыццё з каменя, таму і вырашылі выкласці ўсе пад’язныя дарогі каменем. Працэс працаёмкі, ды і патрэбных спецыялістаў знайсці складана. Давялося навучыць брыгаду рабочых ААТ «Гроднажылбуд». Па магчымасці стараемся захаваць дрэвы.

Гасцінічныя нумары выкананы ў класічным стылі.

— Сёння работы ў палацы практычна прыпынены, — наракае архітэктар. — Мы дамагліся галоўнага: палац захаваны. Праблема цяпер у адсутнасці праектнай дакументацыі па інтэр’ерах. І справа зусім не ў недахопе грошай або спецыялістаў. Хутчэй, у каласальнай загружанасці праектных арганізацый. У краіне адначасова адраджаюцца дзясяткі гісторыка-культурных аб’ектаў еўрапейскага, а можа, і сусветнага ўзроўню. Адсюль і затрымкі. Сёння работы па аднаўленні фасадаў вядуцца на паўночнай частцы палаца.

Сама архітэктура палаца Валовічаў, на думку Анатоля Пархуты, досыць лаканічная. Цэнтральны кампазіцыйны элемент прадстаўлены ў выглядзе невялікага рызаліту. Аднак палац, галерэі, флігелі, брама, прылеглы парк — усё гэта стварае адзіны ансамбль узроўню знакамітых палацаў Еўропы.

— Добра, што вялікіх змен за доўгае жыццё палацава-паркавы комплекс не зведаў, — заўважае Анатоль Сяргеевіч. — Найбольш сур’ёзныя работы праводзіліся ў 30-я гады мінулага стагоддзя, і яны закранулі флігелі, прыстасаваныя пад лячэбна-аздараўленчыя памяшканні і палаты. У савецкі час тут быў шпіталь для афіцэрскага складу, пазней перапрафіляваны пад санаторый для хворых на сухоты. Усё тут было перабудавана, але архітэктурнае аблічча засталося практычна некранутым.

Не так даўно перад палацам з’явілася агароджа з уязной брамай. Глядзіцца вельмі эфектна. Але ці была яна задумана італьянскім майстрам Джузэпе дэ Сака, які ў 1773 годзе распачаў будаўнічыя работы па просьбе гродзенскага магната Юзэфа Валовіча?

— Гэта, калі можна так выказацца, тыпавое рашэнне, — раскрывае сакрэт суразмоўца. — Як правіла, да такіх комплексаў прыкладаліся падобныя агароджы. Аднак пры правядзенні работ мы нідзе не знайшлі фрагментаў фундамента. Можна цалкам сцвярджаць, што яго ніколі тут не было. А вось на эскізных работах архітэктара ўязная група ёсць. Гэта дало нам маральнае права ўзвесці гэтую ўязную групу, рэалізаваўшы праектную задуму майстра да канца. Як бачыце, вядзецца добраўпарадкаванне цэнтральнага партэра. У цэнтры будзе зялёны газон без залішне пышнай расліннасці. Ён падкрэсліць натуральныя колеры будынка. Па контуры агароджы выклалі гранітную шашку для зручнасці пешаходаў з водаадводным латком. 

З’езд са «жнівеньскай» трасы да палацава-паркавага ансамбля заасфальтаваны, і ў планах на перспектыву — завяршыць асноўныя работы па перыметры палаца, перайсці да добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі. Паэтапны запуск аб’ектаў комплексу дазволіць хутчэй пачаць прыём турыстаў. 

kondratsieva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter