
Мала хто ведае, што традыцыя фарбаваць яйкі існавала яшчэ ў дахрысціянскі перыяд і была звязана з веснавымі святамі. Фарбаваныя яйкі сімвалізавалі абуджэнне прыроды і выкарыстоўваліся ў разнастайных абрадах. З імі, да прыкладу, выганялі першы раз на пашу жывёлу, каб засцерагчы ад злых чараў ведзьмакоў. Качалі яйкі па зямлі, каб тая хутчэй абудзілася ад зімовага сну, а таксама закопвалі ў першую баразну ці на ўскрайку нівы, каб яна добра ўрадзіла. З прыняццем хрысціянства яйка стала важным атрыбутам велікодных дзён. У ім бачаць сімвал жыцця, пачатку ўсякага адраджэння і, як і ў дахрысціянскія часы, прыпісваюць яму цудоўныя ўласцівасці.
Нашы продкі заўважылі, што яйка, хаця і нагадвае мёртвы камень, але фантастычным чынам дае пачатак новаму жыццю, а значыць, мае цудадзейныя якасці. Таму нашы бабулі і дзядулі трымалі велікоднае яйка за абразамі, верачы, што яно можа выратаваць ад пажару. Праводзілі ім па твары, лічачы, што гэта можа пазбавіць чалавека ўсялякіх хвароб і сурокаў. А правяраючы яечнае шкарлупінне на моц, выпрабоўвалі ўласныя дабрабыт і здароўе на трываласць.
Раней яйкамі пачыналі запасацца задоўга да самога свята. Гэтая звычка і сёння захавалася ў многіх вясковых сем’ях. Яйкі фарбавалі цэлымі вёдрамі, бо пры хрыстосаванні імі трэба было пачаставаць і родных, і сяброў, і суседзяў.
Паводле падання, звычай абменьвацца фарбаванымі яйкамі ў Вялікдзень быў усталяваны Марыяй Магдалінай, якая падарыла чырвонае яйка імператару Ціберыю са словамі: “Хрыстос уваскрэс!”. Менавіта чырвоны колер, у якім бачаць сімвал адраджэння вернікаў крывёй Хрыста, лічыцца традыцыйным у фарбаванні яек на Вялікдзень. Аднак нашы продкі афарбоўвалі яйкі ў іншыя колеры — блакітны, зялёны, жоўты і гэтак далей.
Былі распаўсюджаныя не толькі аднакаляровыя яйкі — так званыя крашанкі, але і яйкі з нанесенымі ўзорамі, сімваламі, знакамі. Да дэкарыравання яек адносіліся з вялікай адказнасцю. Загадзя рыхтавалі сыравіну для вырабу фарбаў, прадумвалі малюнкі, адводзілі на падрыхтоўку велікодных яек асобны час. Гэта сёння ў крамах можна знайсці безліч гатовых фарбаў і аздабленняў, з дапамогай якіх можна хутка і без лішніх намаганняў аформіць яйка. Напэўна, яно атрымаецца прыгожае, але будзе пазбаўлена мастацкай вобразнасці. А вось нашы бабулі без усялякіх наклеек і тэрмаплёнак умелі зрабіць з яйка сапраўдны твор мастацтва. Паспрабуем паўтарыць.
5 спосабаў аздаблення
У прыродных фарбах

Часцей за ўсё яйкі фарбуюць у моцным адвары з цыбулевага шалупіння, якое загадзя запарваюць у вадзе і даюць настаяцца каля сутак. Перад тым як пакласці ў адвар яйкі, яго крыху падсольваюць, каб не трэснулі яечныя шкарлупіны. Вараць яйкі на малым агні ад 10 хвілін і больш — у залежнасці ад колеру, які хочуць атрымаць. А цыбуля можа пафарбаваць яйкі і ў руды, і ў барвовы, і у карычневы, і нават у чырвона-фіялетавы колер — апошняе адценне дае шалупінне ад чырвонай салатнай цыбулі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі яек, прытрымліваючыся вопыту продкаў, і шэраг іншай сыравіны: сок гародніны і ягад, кару дрэў, зёлкі і гэтак далей.
З натуральнымі ўзорамі

Шкрабанкі, ці драпанкі

Пісанкі

Аздабляюцца пісанкі традыцыйнымі знакамі сонца, зямлі і паветра, разеткамі і паўразеткамі, галінкамі і кветкамі. Калі ўзоры адыходзяць ад традыцыі, яйка называецца ўжо не “пісанкай”, а “маляванкай”. З дапамогай пісака, цвічка ці нават звычайнай шпількі малюнкі наносяцца воскам, які загадзя растопліваецца ў місцы. Калі воск застывае, яйка кладуць на нейкі час у фарбу, чакаюць, пакуль яно пафарбуецца, пасля чаго даюць падсохнуць. Затым падносяць яйка да агню (як правіла, ад свечкі) і праціраюць мяккі воск сухой анучкай. Можна фарбаваць пісанкі адзін раз, а можна некалькі разоў, паступова здымаючы воск, — тады яйка атрымаецца цалкам рознакаляровае. Гатовую васкоўку націраюць алеем і паліруюць кавалачкам шарсцяной тканіны.
Капанкі

Без хіміі
Як атрымаць неабходны колер з дапамогай раслінных адвараў
• Жоўтую фарбу могуць даць рамонак, насенне кмену, шафран, куркума, кара маладой яблыні, парасткі таполі, бярозавае лісце, корань крапівы, сок морквы.
• Сіні і фіялетавы колеры забяспечваюць шалупінне чорных зерняў сланечніка, каташкі таполі, кветкі мальвы, пралесак, ягады чарніцы і бузіны, вінаградны сок і, як ні дзіўна, чырвоная капуста.
• Зялёную фарбу можна атрымаць, калі выкарыстаць мох, кару крушыны і ясеня, лісце ландыша, прымулы, крапівы, шпінату, пятрушкі, плюшчу, зеляніну жыта і пшаніцы.
• Чырвоны колер, акрамя шалупіння цыбулі, даюць ягады чаромхі, кветкі і насенне зверабою, кветкі чырвонай мальвы, кара і галінкі вішні.
• Карычневую фарбу падораць кара яблыні, дуба, крушыны, альхі, яловыя шышкі, лісце грэцкага арэха, бярозы, конскага каштана, чорная гарбата і кава, шалупінне цыбулі.
Для падрыхтоўкі фарбы сыравіну заліваюць халоднай вадой (1 л на 100 г сухой сыравіны), настойваюць 5—6 гадзін, а затым кіпяцяць на павольным агні: кару — 3 гадзіны, кветкі і лісце — 30—40 хвілін. Адвар працэджваюць і дадаюць 1 ч. л. воцату. Сокі для афарбоўкі награюць і падтрымліваюць высокую тэмпературу, не даводзячы да кіпення. Афарбоўка яек у раслінных адварах можа заняць ад 10 хвілін да некалькіх гадзін.
mila@sb.by