Святочны вянок дружбы

У Бабруйску прайшоў фестываль «Вянок дружбы-2011»

Міжнародны фестываль народнай творчасці ў Бабруйску запомніўся непаўторным каларытам, шчырасцю гаспадароў

Фестываль «Вянок дружбы-2011» у горадзе на Бярэзіне праводзіўся дзясяты раз і сабраў чатырнаццаць краін-удзельніц. Разам з творчымі калектывамі з Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы і іншых дзяржаў, якiя «прапісаліся» на гэтым форуме, на ім прысутнічалі навічкі з Аўстрыі, Азербайджана, Венесуэлы.

— Нягледзячы на фінансавыя складанасці, мы і не думалі адмяняць фестываль, — расказваў на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый старшыня гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў. — Бо сяброўства, імкненне пазнаваць адзін аднаго вышэй за грошы. Дзякуючы гэтаму мы прырастаем эканамічнымі сувязямі: ужо заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве з Новамаскоўскам Тульскай вобласці, турэцкім горадам Сідэ, на падыходзе пагадненні з іншымі гарадамі.

Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў спартыўным комплексе «Бабруйск-Арэна». Тут жа прайшоў і канцэрт, у якім прыняла ўдзел і вядомая беларуская выканаўца Ірына Дарафеева. Затым свята выйшла на гарадскія плошчы, вуліцы, адкрытыя і закрытыя пляцоўкі. Удзельнікі фестывалю выступалі на «Белшыне», «Бабруйскаграмашы», «Легпрамразвіцці», гарадскім «Вадаканале», у санаторыі імя Леніна, іншых прадпрыемствах і арганізацыях.

Ансамбль песні і танца «Вішанька» з Уладзіміра выконваў канцэртныя праграмы, а малдаўскія танцоры з ансамбля «Гагаузлар» так эмацыянальна адплясвалі, што хоць сам на сцэну. Артысты з Венесуэлы прадставілі гледачам разнастайнасць музычных рытмаў з дапамогай музычных інструментаў і голасу, а дзяўчаты са славацкага Пухава, між іншым чэмпіёны Еўропы, здзівілі непаўторнымі харэаграфічнымі кампазіцыямі ў тамбурмажарэтках. Турэцкія, польскія, кітайскія, іранскія, эстонскія артысты дэманстравалі не менш высокае выканаўчае майстэрства.

Фестывальны Бабруйск дапаўняў «Горад майстроў», на якім працавала выстава-прэзентацыя нацыянальнага сувеніра, гледачы маглі прыняць удзел у майстар-класах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Гарадскія прафесійна-тэхнічныя каледжы прадставілі на суд бабруйчан і гасцей вырабы сваіх навучэнцаў. Быў падведзены вынік конкурсу «Вянок — у падарунак фестывалю», лепшыя работы ўручылі ўдзельнікам фестывалю.

Ну а напрыканцы — нацыянальныя стравы, якія гатавалі кіраўнікі шасці прадпрыемстваў горада. Гэта навінка прыйшлася даспадобы бабручанам, яны смакавалі ежу і ўносілі пэўныя сумы, якія потым будуць перададзены ў адну з дзіцячых ўстаноў горада. Так што, апрача ўсяго, атрымалася і дабрачынная акцыя.

Фестываль доўжыўся чатыры дні, ён ахапіў не толькі горад, але і сумежныя, больш аддаленыя раёны.

— Мы пабывалі з канцэртам у вёсцы Паўлавічы Кіраўскага раёна, — расказала член аўстрыйскай дэлегацыі Наталля Строк. — Там нас сустракалі хлебам-соллю, а потым старшыня мясцовага СВК «Чырвоны баец» Аляксандр Серакоў правёў па шэрагу аб’ектаў. Бачылі б, як цікава было членам нашай дэлегацыі, бо большасць з іх — фермеры. Яны былі ў захапленні: «У нас такога няма, як тут!» Ну а на канцэрце ў мясцовым ДК было поўна гледачоў, нам радаваліся, і мы былі рады такому прыёму.

— Мы ў захапленні ад сустрэч з Бабруйскам, яго культурай, гледачамі, — дзеліцца ўражаннямі кіраўнік малдаўскай дэлегацыі Віктар Петрыаглу. — Вельмі высокі ўзровень, прыеду дамоў, буду расказваць землякам пра тое, што ўбачыў. Да новых сустрэч на беларускай зямлі!

На здымку: мэр горада Дзмітрый Бонахаў адкрывае фестываль.

Фота: Аляксандр АНТАШКЕВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter