
Фота Сяргея ЛАЗЮКА
— У кожным раёне распрацаваны праекты юбілейных кветнікаў, вызначаны месцы, дзе яны будуць знаходзіцца, — расказвае Анжаліка Пузанкова, кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі КУП «Мінскзелянбуд». — Кветкавыя пано з’явяцца на Лагойскім тракце, праспектах Дзяржынскага, Незалежнасці, Пераможцаў, Ракасоўскага і іншых цэнтральных магістралях горада. Яны будуць выглядаць як прыгожыя паштоўкі — толькі з кветак.
Так, Фрунзенскі раён Мінска ўпрыгожаць два новыя тэматычныя кветнікі. Адзін, на адкосе каля МКАД, будзе выкананы ў выглядзе беларускага арнаменту памерам 13 на 31 метр. Пры афармленні гэтай кампазіцыі выкарыстаюць толькі чырвоную бягонію. Белы колер створаць мармуровая крошка і галька. Другі кветнік размесціцца на вуліцы Прытыцкага, побач з гасцініцай «Арбіта». Ён будзе ўяўляць сабой герб горада з надпісам «950 гадоў Мінск».
Беларускі арнамент з надпісам «Мінск 950» і васількамі можна будзе ўбачыць на пано, якое плануецца стварыць у парку адпачынку «Уручча». Праўда, ролю васількоў будуць выконваць іншыя сінія кветкі, садовыя.
А каля Палаца спорту з’явяцца даволі экзатычныя расліны — сінія цюльпаны.
— У гэтым годзе будзем выкарыстоўваць у асноўным тыя ж кветкі, што і звычайна: бягоніі, цынерарыі, тагецесы, сальвіі, — пералічвае Анжаліка Пузанкова. — Адзінае — кожны год пераглядаем асартымент, каб выбраць больш устойлівыя сарты, якія лепш адчуваюць сябе ва ўмовах горада. А неспрыяльных фактараў для кветак тут хапае: і загазаванасць, і павышаная з-за нагрэтага асфальту тэмпература.
У гэтым годзе ў Мінску высадзяць каля 1,9 млн каліў кветак. Пакуль што рабіць гэта рана, могуць яшчэ ўдарыць замаразкі. А вось падрыхтоўчыя работы вядуцца ўжо зараз. У бліжэйшы час супрацоўнікі «Зелянбуда» павінны прыбраць смецце і пясок, якія за зіму назапасіліся на клумбах і вакол кустарнікаў, перекапаць і разрыхліць глебу вакол, каб раслінам лягчэй дыхалася, прачасаць мінулагоднюю траву, каб даць магчымасць росту новай, аформіць контуры будучых пано і кветнікаў.

Фото myplanet.u-k-r.info
Завяршаюцца работы па фармовачнай і санітарнай абрэзцы дрэў і кустоў. Пры спрыяльных умовах надвор’я работнікі пачысцяць, пафарбуюць, а пры неабходнасці адрамантуюць садовую мэблю. Пасля таго як тэмпература паветра падымецца да 8 градусаў і зямля прагрэецца, пачнецца падсеў газонаў.
Акрамя таго, падчас суботнікаў у Мінску высадзяць некалькі соцень новых дрэў. У прыватнасці, у Лошыцкім парку разаб’юць сапраўдны вішнёвы сад: з двух бакоў на цэнтральнай алеі высадзяць 30 маладых дрэўцаў. Зараз вядзецца работа па падрыхтоўцы для іх пасадачных месцаў. Размяшчэнне кожнай вішанькі павінна адпавядаць плану, і майстар вызначае яго з дапамогай калочкаў, вяроўкі і мернага кола. Пры спрыяльных умовах некаторыя з гэтых юных прыгажунь могуць расквітнець ужо сёлета.