Святло сунічных бароў Лёзненскага памежжа.

Лёзненскі раён — тэрыторыя беларусскага памежжа. Зямля гераічнага мінулага. Адсюль у франтавым 1943-м пачалося вызваленне нашай краіны ад фашысцкай навалы. Тут нараджаюцца сапраўдныя героі мірнай працы, стваральнікі шчаслівай будучыні. З кожным годам мяняецца твар лёзненскай вёскі: працаўнікі сельскай нівы — у авангардзе новага жыцця, на малочныя фермы прыходзяць новыя тэхналогіі.

Лёзненскі раён — тэрыторыя беларусскага памежжа. Зямля гераічнага мінулага. Адсюль у франтавым 1943-м пачалося вызваленне нашай краіны ад фашысцкай навалы. Тут нараджаюцца сапраўдныя героі мірнай працы, стваральнікі шчаслівай будучыні. З кожным годам мяняецца твар лёзненскай вёскі: працаўнікі сельскай нівы — у авангардзе новага жыцця, на малочныя фермы прыходзяць новыя тэхналогіі.

Крынкі

Фельдмаршал Гурка

Крынкі — радавое гняздо Гуркаў—Рамейкаў. Лёсы адзінаццаці пакаленняў прадстаўнікоў старажытнага беларускага шляхецкага роду звязаны з крынкаўскай зямлёй. У ХІХ стагоддзі ў фамільнай капліцы крынкаўскага фальварка знайшлі спачын тры генералы. Хутчэй за ўсё, менавіта ў Крынках нарадзіўся самы знакаміты палкаводзец з роду Гуркаў—Рамейкаў, апошні фельдмаршал Расійскай імперыі Іосіф Уладзіміравіч Гурка.
З усіх палкаводцаў, што нарадзіліся на беларускай зямлі, толькі І.У.Гурку было прысвоена званне генерал-фельдмаршала. Несмяротную славу набыў ён як герой руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Яму належаць бліскучыя стратэгічныя ідэі, якія прывялі да поўнага разгрому туркаў на балканскім тэатры ваенных дзеянняў. Два сыны Іосіфа Гуркі таксама сталі генераламі. Старэйшы Васіль у 1916—1917 гады ў час Першай сусветнай вайны выконваў абавязкі начальніка штаба Вярхоўнага галоўнакамандуючага рускай арміяй. Лёс не быў міласцівы да гэтай галіны роду Гуркаў—Рамейкаў. Усе сыны фельдмаршала апынуліся ў эміграцыі.

Лёзна

Малая радзіма Шагала

Сусветна вядомы мастак Марк Шагал лічыў Лёзна сваёй малой радзімай. Тут жылі яго бабуля і дзядуля, родныя. Шагал любіў прыязджаць сюды ў дзяцінстве і маладосці. Малой радзіме прысвечаны старонкі аўтабіяграфічнай кнігі “Маё жыццё”. Мастак і яго сям’я з задавальненнем бавілі летні час у вёсцы Завольша. Адна з яго работ так і называецца “Завольша. Від з акна”. А вось знакаміты “Дом у мястэчку Лёзна” (так названа яго карціна), на жаль, не захаваўся. На яго месцы зараз знаходзіцца раённы Дом культуры. Шыльда на будынку гаворыць: на гэтым месцы знаходзілася сядзіба сям’і, з якой паходзіў мастак Марк Шагал.

Уна

Першая запалкавая фабрыка

Даўней тут было пасяленне латышоў. Да вайны нават было дзве школы: латышская і беларуская. Хаты адных і другіх адрозніваліся флюгерамі: у латышоў быў жалезны ці драўляны певень, у беларусаў — зорка.
Першая на Беларусі запалкавая фабрыка з’явілася менавіта ў маёнтку Уна ў 1863 годзе. Праіснавала да 1885 года. Яна належала Рыжскаму акцыянернаму таварыству. З асіны выраблялі шведскія запалкі, якія прадавалі па ўсёй Расіі. Працавала на фабрыцы 74 чалавекі. За год яны выраблялі да пяці мільёнаў пачкаў запалак. І зараблялі ў сярэднім за год 120 рублёў (для параўнання: карова тады каштавала 15 рублёў).

Вечны агонь

Пошукавы клуб “Памяць”

З 1974 года пры лёзненская СШ №1 працуе пошукавы клуб “Памяць”, які стварыла настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Канстанцінаўна Ціхамірава.
— Наша пошукавая работа пачалася з памятнай сустрэчы з Героем Савецкага Саюза Леанідам Паўлавічам Ціхмянавым, — расказвае Ніна Ціхамірава. — Гэта ён арганізаваў кругавую абарону батарэі на безымяннай вышыні каля Дабрамысляў у лютым 1944 года. У гісторыі Вялікай Айчыннай гэтую вышыню назавуць Ціхмянаўскай.
Клуб “Памяць” дакладна аднавіў храналогію вызвалення Лёзненскага раёна ад фашысцкіх захопнікаў. Адметная рыса: менавіта ў Лёзне быў узняты першы сцяг Перамогі пры вызваленні Беларусі — 10 кастрычніка 1943 года. Дзякуючы энтузіястам пошукавага клуба “Памяць” устаноўлены сотні новых імён вызваліцеляў Лёзненшчыны, сабраны матэрыял пра пакуты мірных жыхароў у час вайны. Штогод актывісты школьнага клуба прыязджаюць на злёт удзельнікаў Лёзненска-Віцебскай стралковай дывізіі.

Бабінавічы

Свістулькі Траяноўскага

Сакрэты ганчарнага рамяства Міхась Траяноўскі (1927 — 1990) пераняў ад свайго бацькі. Жылі Траяноўскія ў Бабінавічах. Бацька памёр перад самай вайной. А трое яго сыноў, каб выжыць, вазілі гліняны посуд па вёсках, выменьваючы яго на ежу. Малодшы Міхась любіў ляпіць з гліны свістулькі, атрымліваліся яны ў выглядзе танкаў з фігуркамі нашых байцоў. Нават выляпіў “Кацюшу”, якую ніколі не бачыў, а ведаў толькі па аповедах дарослых. Калі прыйшла перамога, Міхась дарыў свае свістулькі салдатам-вызваліцелям.
Да 1952 працаваў Міхась у ганчарнай арцелі, навучыў майстэрству і жонку сваю Марыю. Траяноўскі гаварыў: абпаліць посуд — справа тонкая, а каб зрабіць свістульку, трэба мець навыкі і багатую фантазію.
У 80-я гады ХХ стагоддзя Міхася Траяноўскага запрашалі і на фестываль польскай песні, і на выстаўкі ў Мінск і Маскву. За свае работы знакаміты ганчар атрымаў шмат узнагарод: прэмій, дыпломаў, ганаровых грамат.
Майстар ляпіў дзікіх і свойскіх жывёл, персанажаў з народных казак, фантастычнага трохгаловага змея, дракона, чарцей розных. Сярод лялек, што захоўваюцца зараз у Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі, можна ўбачыць конніка ў бурцы на кані і індыйца-паганятага на слане. Усяго ў музеі сабрана калекцыя з 59 цацак-свістулек Траяноўскага. Музыкант выканае на любой з іх чароўную мелодыю або цудоўны пошчак.

Выдатныя сучаснікі

Наш Уладзімір Паўлавіч

Сярод выдатнай плеяды выбітных землякоў Лёзненшчыны імя Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі тут прыгадваюць з асаблівай цеплынёй.
Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся ў 1949 годзе ў вёсцы Мар’янова Лёзненскага раёна. Пасля заканчэння Лужаснянскага саўгаса-тэхнікума пачаў працоўны шлях аграномам у Верхнядзвінскім раёне. Але неўзабаве вярнуўся ў родны раён, дзе адпрацаваў 18 гадоў: ад старшага агранома райсельгастэхнікі да  старшыні Лёзненскага райвыканкама. З лістапада 1994 года па кастрычнік 2008 года — старшыня Віцебскага аблвыканкама. З’яўляўся членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь першага, другога, трэцяга скліканняў.
Сёння — Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Айчыны III ступені.
Лёзненцы ганарацца сваімі працавітымі і таленавітымі землякамі. Дзякуючы самаадданай працы людзей гэты край квітнее з кожным годам.

Выдрэя

Дзе комін ажанілі

Выдрэйская дзіцячы сад—сярэдняя школа працуе па выхаваўчай праграме “Этнашкола”. Тут з маленства далучаюць да народнай мудрасці, выхоўваюць у дзяцей павагу да гісторыі і культуры родных мясцін. Дырэктар этнашколы Галіна Чачуева сама паказала прыклад, як трэба шанаваць бацькоўскую спадчыну: прынесла ў школьны этнакуток дарагія рэчы з бабулінага куфра: даматканае адзенне, ручнікі. З першага класа тут вучаць лічылкі і забаўлянкі, пацешкі, заклічкі і песні.
Снег-сняжок, сейся на лужок,
Сыпся на палі, каб мы з хлебам былі.
Нядаўна школьнікі з Выдрэі ладзілі старадаўні абрад “Жаніцьба коміна”. Комін рабілі так: да адтуліны ў столі прымацоўвалі невялікую трубу з мешкавіны ці лазы. Яе абмазвалі глінай і бялілі да кожнага свята. Ніжэй трубы прымацоўвалі металічную рашотку, на якой гарэла лучына. Пад ёй ставілі начоўкі з вадой, каб вугельчыкі падалі і тухлі. На Сямёнаў дзень комін абвязвалі новымі ручнікамі і ўпрыгожвалі кветкамі, стол накрывалі новым абрусам і ставілі каля печы. Прыходзілі госці. Гаспадар акрапляў комін і прыгаворваў: “Дай Божа, каб нашаму роду  не было пераводу, каб рэкі цяклі навекі”. На рашотку ставілі міску з журавінамі, гарбузовымі семкамі, мёдам. Моладзь весялілася, спявала і гуляла. Напрыканцы жаніху-коміну спявалі вясельную песню:
Ой, прыйшлі ночанькі доўгенькі,
Пасвяці нам, коміну беленькі.
Мы ж цябе кветкамі ўбіралі...
Свяці ж, коміну, ясненька!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter