Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Нататкі пра Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” і выставу “Францыск Скарына і яго эпоха”

Святло праз стагоддзі

Газета ўжо коратка паведамляла, што Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” прайшоў 14-15 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, быў зладжаны ёй сумесна з Міністэрствам культуры, праходзіў пад патранатам ЮНЭСКА. Мяркую, чытачам будзе цікава даведацца пра падзею больш падрабязна. У Мінск жа прыехалі як навукоўцы, так і вядучыя спецыялісты бібліятэк, музеяў, архіваў, выдавецтваў, адукацыйных і навукова-даследчых установаў з 24 краін. Цікавасць да кангрэса выказалі пісьменнікі ды кнігавыдаўцы, бібліёграфы і бібліятэкары, мастакі ды журналісты, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Удзельнікі кангрэса ў Нацыянальнай бібліятэцы
Фота: Эла Оліна

Ва ўступным слове пра значэнне выдавецкай дзейнасці Францыска Скарыны ў еўрапейскім, славянскім і беларускім кантэксце гаварыў доктар філалагічных навук, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец. Ён адзначыў: беларускае пісьменства мае працяглую традыцыю, а беларуская літаратурна-пісьмовая спадчына — гэта важная частка сусветнай культуры. Дарэчы, 15 верасня, у Дзень бібліятэк, святкавалася 95-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ХХI стагоддзі яна пераўтварылася ў буйнейшы навукова-даследчы цэнтр, актыўна ўдзельнічае ў стварэнні адзінай інфапрасторы. Даследчыкі Скарынавай спадчыны з Польшчы, Чэхіі, Расіі, Беларусі, Латвіі на пасяджэннях у секцыях расказвалі пра свае знаходкі, абмеркавалі спрэчныя пытанні. Пра свае манаграфіі, даследванні распавялі кандыдат культуралогіі Алесь Суша і доктар гістарычных навук Георгі Галенчанка з Мінска, доктар філалагічных навук Юры Лабынцаў і кандыдат філалагічных навук Ларыса Шчавінская з Масквы, Зоя Ярашэвіч з Ольштына, іншыя навукоўцы.

Вось некаторыя з меркаванняў, што прагучалі на кангрэсе. “Францыск Скарына паўстае перад сучаснікамі як велічная асоба праз творы мастацтва: скульптуру, графіку, жывапіс. Ён звязвае беларускую культуру з заходнееўрапейскай традыцыяй”, — пра тое нагадаў Алесь Суша. “Асобу першадрукара па гэты час акружаюць гіпотэзы, загадкі, легенды. Не пацверджаныя дакументамі факты часам прызнаюцца за ісціну”, — канстатаваў Ігар Котаў з Чэхіі. “Чалавек кніжнай культуры, доктар лекарскіх навук, багаслоў і філосаф, садоўнік і батанік з’яднаныя ў асобе Францішка Скарыны. Але для хрысціянаў ён, у першую чаргу, перакладчык і выдавец Бібліі,” — падкрэсліў пастар царквы “Ян Прадвеснік” Антоні Бокун.

Прадстаўнік Лонданскай Скарынаўскай бібліятэкі айцец Сергій распавёў пра лёс асобнікаў кніг, якія там знаходзяцца. Прафесар БДУ, доктар навук Вячаслаў Рагойша прааналізаваў малітваслоўны вершаваны стыль тэкстаў Францыска Скарыны.

Экспанаты з выставы. Фота: Эла Оліна
Дацэнт кафедры з Магілёўскага дзяржуніверсітэта Алена Башаркіна вывучала педагагічныя ідэі ў творах асветніка, падкрэсліла: важна выкарыстоўваць іх у працы з моладдзю. Вобраз нацыянальнага героя, напрыклад, можа быць сёння запатрабаваным. Як і вобраз асобы дасканалай, мудрай, адукаванай. Скарына канцэнтруе ўвагу на значнасці кнігі як крыніцы ведаў і душэўнага спакою. Першадрукар сведчыць пра патрэбу жыць адпаведна закону дабрыні, міласэрнасці.

Мацвей Вячорэк з Польшчы, Ясна Малешыч са Славеніі, Вераніка Косаван з Малдовы ўзялі ўдзел у Міжнародным круглым стале “Дакументальная спадчына ў Цэнтральна-еўрапейскім рэгіёне”.

У першы ж дзень працы кангрэса ў Нацыянальнай бібліятэцы было і ўрачыстае адкрыццё выставы “Францыск Скарына і яго эпоха” — на яе запрасіў гасцей дырэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Матульскі. У адкрыцці экспазіцыі паўдзельнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр і прадстаўнікі Катэдральнага капітула ў Мінску. Выставу наведалі  прадстаўнікі дыпкорпуса, ганаровыя госці, прадстаўнікі духавенства, даследчыкі, навукоўцы, пастаянныя чытачы бібліятэкі.

У светлым прасторным памяшканні на шкляных паліцах размешчана 61 кніга — усе яны выйшлі са скарынаўскіх варштатаў у Празе й Вільні. Тыя скарбы перадалі для часовага экспанавання архівы й бібліятэкі Расіі, Польшчы, Германіі ды іншых краін. Прадстаўлены й еўрапейскія біблійныя выданні з Германіі, Італіі, старадрукі з Францыі ды Швейцарыі канца ХV стагоддзя — папярэднікі Скарынавых кніг. Цэнтральнае месца на выставе займае Біблія, выдадзеная ў Празе ў 1517 годзе. Можна паглядзець друкарскае абсталяванне тых часоў, нават адціснуць некалькі аркушаў з тэкстамі й гравюрамі, пабачыць сучасную паліграфічную тэхніку. Выстава, дарэчы, будзе працаваць да канца года.

Падводзячы вынікі працы кангрэса, Алесь Суша казаў: “Найбольш плённымі былі тры пасяджэнні секцыі “Францыск Скарына: асоба, дзейнасць, спадчына”, там прагучалі разнастайныя выступленні спецыялістаў. Даследчыкі агучвалі найважнейшыя праблемы скарыназнаўства. Глыбокія навуковыя даклады прагучалі пра захаванне скарынаўскіх збораў у Расіі, Украіне, Чэхіі”.

Міжнародны кангрэс “500 гадоў беларускага кнігадрукавання” стаў святам, якое паяднала скарыназнаўцаў з розных краін і ўсіх, хто шануе духоўную спадчыну першадрукара, цэніць Слова, Кнігу, Веды.

Эла Оліна, сябра Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

Голас Радзімы № 37 (3541), чацвер, 28 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter