Сёння з 1751 студэнта ў мінскім філіяле РДСУ атрымліваюць адукацыю 66 маладых людзей з краін СНД

Святло надзеі

Студэнт чацвёртага курса мінскага філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта Жэня Зелянкевіч праз паўгода стане дыпламаваным спецыялістам па сацыяльнай рабоце. Хлопец плануе працаваць у некамерцыйнай арганізацыі, а цікавасць да справы падагрэла практыка ў гэтай сферы — ад супрацоўніцтва з грамадскім аб’яднаннем “Пазітыўны рух” да сацыяльнага праекта па ўпрыгожванні сцен у дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Выбар прафесіі быў сур’ёзным і абдуманым, бо малады чалавек не па чутках ведае, як няпроста тым, у каго сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сам Жэня невідушчы, але гэта не перашкаджае яму жыць поўным жыццём і на выдатна здаваць экзамены ў ВНУ.


Яўген Зелянкевіч (у цэтры) на занятках у бібліятэцы

Студэнтаў, якія жывуць навобмацак, у філіяле РДСУ чацвёра, і яны хутка становяцца часткай калектыву, у тым ліку таму, што іх не вылучаюць у асобную групу. Ды і самі невідушчыя студэнты супраць прывілеяў. Вось на другім курсе на псіхолага вучыцца Маша Рудко, актыў­насці якой можна пазайздросціць. Невідушчая дзяўчына сама ездзіць на заняткі трамваем, спрытна бегае па лесвіцах універсітэта, а пасля пар удзяляе час шашкам, шахматам, настольнаму тэнісу і плаванню. Свае навыкі арыентавання Маша атрымала ў Курскім музычным каледжы, дзе асвоіла фартэпіяна:

— Іншая краіна, побач няма нікога з блізкіх, да гэтага давялося хутка прыстасоўвацца і стаць больш самастойнай. Пасля заканчэння каледжа дадому вярнулася ў канцы чэрвеня, калі ўступныя экзамены ў беларускіх універсітэтах ужо скончыліся. А ў філіяле расійскай ВНУ якраз паспела здаць пры дапамозе шрыфта Брайля пераказ па рускай мове, біялогію і матэматыку.

Маша ўжо праходзіла практыку на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання і ў прафесіі не расчаравалася, таму цяпер спрабуе знайсці сваю нішу. А яшчэ дзяўчына ўпэўнена, што досвед узаемадзеяння з такімі студэнтамі, як яна, важны для навучання ў ВНУ сацыяльнага профілю. Тым больш што і равеснікі рады неназойліва дапамагчы: імгненна самі дамаўляюцца, хто праводзіць невідушчых аднагрупнікаў у бібліятэку або сталовую, а хто дапаможа ў гардэробе.

Прадстаўнікі ВНУ гатовыя дзяліцца з калегамі досведам у арганізацыі інклюзійнага навучання, якое актыўна абмяркоўваецца сёння, балазе, ёсць што паказаць і расказаць. Праўда, зрабіць гэта няпроста, бо гэтая вышэйшая навучальная ўстанова ў Беларусі, створаная па ініцыятыве і пры падтрымцы Саюзнай дзяржавы, раптам аказалася на абочыне адукацыйнага працэсу — пасля таго як спынілася фінансаванне ў 2013 годзе, а значыць, не стала і бюджэтных месцаў. Расійскі бок не дапамагае, бо размеркаванне бясплатных месцаў ад галаўнога ўніверсітэта перайшло ў распараджэнне Міністэрства адукацыі і навукі, якое вырашыла немэтазгодным траціць грошы на падрыхтоўку кадраў у замежных філіялах. Абсурднасць сітуацыі ў тым, што філіял у свой час адкрывалі менавіта для набліжэння расійскіх адукацыйных паслуг да беларусаў. У сваю чаргу беларуская адукацыйная сістэма таксама аказалася ўбаку, бо філіял РДСУ працуе цалкам па расійскіх стандартах, прапаноўваючы на выхадзе выпускнікам дыпломы расійскага ўзору.

— З 1999 па 2013 год, напрыклад, толькі на рэканструкцыю вучэбнага корпуса і рамонт інтэрната было патрачана больш за 70 мільёнаў расійскіх рублёў, з іх 58 працэнтаў сумы — пазабюджэтныя сродкі РДСУ, а 42 працэнты — з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Так, на месцы разбітага дзіцячага сада з’явіўся сучасны ўніверсітэт, — расказвае дырэктар філіяла Сяргей Палятаеў. — Грошы ўкладзены вялікія, але праблема заключаецца ў тым, што цяпер у нас няма рэальнай крыніцы фінансавання, і мы займаемся падрыхтоўкай спецыялістаў выключна за кошт сродкаў студэнтаў і па трохбаковых дагаворах з арганізацыямі...

Сёння з 1751 студэнта ў мінскім філіяле РДСУ атрымліваюць адукацыю 66 маладых людзей з краін СНД. 59 з іх — расіяне. Жэня адзіны з чатырох невідушчых студэнтаў, хто яшчэ паспеў паступіць на бюджэт. Першакурснікі спецыяльнасці “Канфлікталогія” Арцём Мялік і Аляксандра Краско, якіх мы заспелі на занятках па ўвядзенні ў спецыяльнасць, вучацца платна, хоць з іх здольнасцямі маглі б смела стаць студэнтамі бясплатнага аддзялення. Іншая справа, што далёка не кожная ВНУ гатова залічыць студэнта з парушэннем зроку. Спакойны Арцём выбраў канфлікталогію невыпадкова. Гаворыць, канфліктаў вакол шмат, і трэба ж камусьці іх вырашаць. Хлопец ужо паспеў заваяваць прыхільнасць выкладчыкаў сваім сур’ёзным дачыненнем да справы, калі ў першыя дні вучобы адным з першых вызваўся на ўніверсітэцкі суботнік. А Саша за першы семестр вучобы праславілася як уладальнік самых падрабязных канспектаў лекцый. Яна з хуткасцю дасведчанай стэнаграфісткі фіксуе ўсё на наўтбуку. Падчас вучобы ў школе дзяўчына асвоіла фартэпіяна і вакал і збіралася паступаць у Гродзенскі ме­дыцынскі каледж на масажыста, але не дала дазволу медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія. У выніку за два тыдні замест вызубранай гісторыі Беларусі давялося тэрмінова наганяць гісторыю Расіі. Справілася! І цяпер Саша не хавае, што задаволеная такім паваротам лёсу...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter