Поэт Михась Башлаков в творчестве, как и в жизни, никогда не подличал и не торговал совестью

Святло на зветраных шляхах

Беларускі паэт Міхась Башлакоў: «Маё 70-годдзе — гэта своеасаблівае падсумаванне зробленага»

У творцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Міхася БАШЛАКОВА сёння ўрачысты дзень — яму 70! Але для сапраўднага паэта гэта што? Толькі пачатак, калі лепшыя творчыя знаходкі яшчэ ў будучыні, за сталом — вялікая і шчаслівая сям’я, а за плячыма — мноства кніжак, выступленняў, топавых твораў. І ўзнагарод, але не прэміі з граматамі на ўвазе, а шчырыя і цёплыя водгукі чытачоў, светлая зайздрасць і павага калег па цэху, гонар за славутага родзіча ўсёй радні. Шаноўны Міхась Захаравіч, калектыў «Сельской газеты» цёпла і шчыра віншуе вас з юбілеем! Мы рады, што маем з вамі сяброўскія стасункі, спадзяёмся: надалей таксама будзеце актыўным нашым аўтарам.

— А цяпер, тым больш, што ёсць слаўная нагода, пагаворым пра вашу творчасць. Паэма «Лілея на цёмнай вадзе» — горкая праўда пра чарнобыльскую трагедыю. Перш чым друкаваць нават паасобныя ўрыўкі, больш за 2000 раз чыталі яе ў шматлікіх аўдыторыях роднай Гомельшчыны, даносячы да людзей тое, пра што тады ні пісаць, ні гаварыць не дазвалялася. Ці не таму слухачы ўспрымалі твор усхвалявана, суперажываючы шчырым, балючым радкам, у якіх білася, крычала, плакала жыццё. Што асабіста для вас азначае чарнобыльская трагедыя і чаму ёй вырашылі прысвяціць значны пласт сваёй творчасці?

— Трыццаць пяць гадоў таму, акурат за дзень да майго 35-годдзя, адбылася аварыя на ЧАЭС. Мая творчасць падзялілася на два перыяды: да Чарнобыля і пасля… Я быў звычайным лірычным паэтам, але менавіта гэтая трагедыя зрабіла мяне зусім іншым. Горыч і балючыя ўражанні не давалі спакойна жыць і тварыць. У студзені 1987 года з мяне літаральна выдыхнулася «Хроніка аднаго пакалення», з якой і пачалася праца над паэмай «Лілея на цёмнай вадзе». Спачатку і не думаў, што гэта бу­дзе паэма. Проста запісваў радкі пад дыктоўку жыцця. А калі даслаў «Хроніку» свайму сябру, рускаму паэту Юрыю Фатневу, які жыў тады ў Гатчыне, той мне сказаў, што гэта пачатак ці ўрывак з нейкай вялікай рэчы. Пасля так і сталася. Паэма пісалася і фарміравалася паступова. Паездак па чарнобыльскай зоне было шмат, а ўражанняў яшчэ больш. Відаць, так трэба было, каб я пачаў працу над творам. Гэта мы толькі думаем, што нешта вырашаем самі і ад нас нешта залежыць. На самай справе ўсё зусім не так. 

— «Бусліныя Берагі» — пад метафарычнай назвай гэтага верша гады маленства, юнацтва, самы дарагі і светлы ваш час. «З лістападамі, лістападамі // Завітаю я зноў сюды, // Дзе ў сцюдзёную студню падаюць, // Ціха падаюць жалуды…» Ці грэе душу малая радзіма, дзяцінства, юнацтва, і самае галоўнае — вы святкуеце 70-годдзе, з чым атаясамліваеце гэты час і ці ўдалося дасягнуць задуманага, спраўдзіць мары і надзеі, пра якія разважалі ў тым самым юнацтве?

— О, гэта сапраўды былі светлыя і радасныя гады, калі пісаліся вось гэтыя паэтычныя радкі, якія ты толькі што працытавала… Я тады вучыўся ў Гомельскім універсітэце. А потым, пасля заканчэння, доўга настаўнічаў, і падчас адпачынку, летам, у мяне было нямала новых дарог. Тады менавіта і адкрыў для сябе Палессе, якое на некалькі гадоў стала для мяне ў пэўнай ступені творчым кабінетам. «Бусліныя берагі», «Дарогі Палесся», «Вечарэе Палессе», «Ліпляны», «Паромшчык», «Па дарозе на Тартак» — гэтыя і іншыя вершы напісаліся тады, а яшчэ паэма «Цар-дуб»… Ёсць што ўспомніць.

А тая ці іншая дата ў жыцці кожнага творцы — гэта своеасаблівае падсумаванне зробленага. І галоўнае тут, відаць, не ў тым, колькі ты зрабіў, колькі напісаў і выдаў новых кніг, а на якім мастацкім узроўні выкананы творы. Ці шчыра, сумленна і праўдзіва адгукнулася душа на ўбачанае і перажытае табой. Дзякаваць Богу, у творчасці, як і ў жыцці, я ніколі не подлічаў і не гандляваў сумленнем.

— Паэт і мовазнаўца Мікола Шабовіч напісаў, што паэма «Лілея на цёмнай вадзе» далёка не чарнобыльская: «Яна пра Беларусь, пра стан роднай мовы, пра тое, што духоўны Чарнобыль не менш страшны за рэальны. Часам захапляешся смеласцю паэта, які з такім болем піша пра Славяншчыну, еднасць усходніх славян». І зараз бачым, што духоўны Чарнобыль спасцігнуў некаторых нашых суайчыннікаў, якім не хочацца шчыра і сумленна будаваць родную Беларусь, а хочацца выходзіць на плошчы, патрабуючы незразумелай волі і манны нябеснай, якая, калі прыйдзе бязладдзе, мяркуюць, на іх зваліцца. Што думаеце на гэты конт і ці праяўляецца ў гэтай крытычнай сітуацыі духоўнае папялішча некаторых нашых землякоў?

— Духоўны Чарнобыль ужо даўно спапяліў душы некаторых нашых суайчыннікаў, для якіх паняцце «Радзіма», відаць, не існуе. Яшчэ напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі пісаў сваю паэму, уздымаў тэму фарысейства і здрады, праплачаных з-за мяжы:

За даляры і маркі купілі?

Вы прарокамі не былі!

Вы народу заўсёды хлусілі,

А цяпер яго прадалі…

…Не прарокі вы, а зладзеі!

Вы прадажнікі, бачыць Бог…

Як па-сучаснаму гучаць гэтыя радкі, напісаныя 30 гадоў таму! Так што паэты пранізваюць думкай, нібы рэнтгенам, не толькі свой час. Шкада, што цяпер паэзію амаль не чытаюць. А дарэмна! Яна не толькі прасвятляе душу, але і лечыць. Цвёрда перакананы, калі мастацкая літаратура, якая на ўзорных сваіх творах выхоўвала ў чалавеку найлепшыя рысы і якасці, патрыятызм, любоў да роднай зямлі і мовы, пашану да старэйшага пакалення, аказваецца на задворках грамадства, то такое грамадства беззваротна коціцца ў бездань бязлікасці і бездухоўнасці. Добра, што ў нашым грамадстве зусім не так.

— Рэцэнзентамі высока ацэнена ваша кніга «Пяро зязюлі падніму». А для мяне любімы ваш зборнік «Віно адзінокіх», які падпісалі мне ў 2014-м як лаўрэату літаратурнага конкурсу. «З водарам спелых бароў // Хмеліць, як добрыя вершы, — // Гэта віно для сяброў, // Гэта віно для найлепшых».

— У тым ці іншым перыядзе творчасці ёсць свае дасягненні, самае значнае і лепшае, больш любімае з напісанага. На гэты момант, напэўна, магу назваць сваю новую кнігу паэзіі «На зветраных шляхах», якая выйшла ў выдавецтве «Беларусь» летась. Гэта адна з лепшых маіх кніг. На гэты час, вядома…

— На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне прадстаўлялася звыш 10 тысяч выдавецтваў са 135 краін. Кніга-альбом «Нетры» ўвайшла ў 100 найлепшых выданняў свету. Чаму жадаеце навучаць сваёй паэзіяй суайчыннікаў і пра што, выстаўляючыся на міжнародных кніжных кірмашах, хочаце сказаць пра Беларусь іншым краінам?

— Паэт не навучае, а хутчэй за ўсё прасвятляе. Ён прапануе задумацца над той ці іншай праблемай, паразважаць і зрабіць пэўныя высновы. На першым месцы ў творчасці павінны быць сумленне і грамадзянская пазіцыя. Трэба з любоўю і пашанай адносіцца да сваёй Айчыны, як і да сваёй маці. У нас, беларусаў, ёсць чым ганарыцца. І ў першую чаргу меладычнай роднай мовай, літаратурай, культурай. Трэба любіць сваё. Тады і іншыя будуць адносіцца з пашанай да нас і нашай краіны.

— Той жа Мікола Шабовіч напісаў такія радкі: «Усё ў жыцці невыпадкова, // І нават гэтыя радкі, // Чытайце кнігі Башлакова — // Паэта з Божае рукі». Адсюль пытанне. Складзіце псіхалагічны партрэт вашага чытача, якому б цалкам даверыліся.

— Ён павінен быць на ўзроўні паэта, таксама таленавітым. Тады тое, аб чым піша і разважае творца, што яму гарэніць і баліць, адгукнецца і ў душы чытача адпаведнай танальнасцю. Ён павінен тонка адчуваць і разумець паэзію. Калі ж інакш, тады і не трэба, відаць, яе чытаць, а тым болей выказваць нейкія свае суджэнні пра тыя ці іншыя творы.

— Калі ўдзельнічала ў Міжнародным пісьменніцкім форуме ў Малдове і чытала свае вершы, маскоўскія акулы пяра, уважліва паслухаўшы, заўважылі, што пішу на традыцыйныя тэмы, традыцыйнымі памерамі. Словам, усё гэта зроблена да мяне і лепш, чым сказалі класікі, гэта адужаю наўрад ці. Раўняцца трэба на свой час і модныя павевы, хоць бы некласічную рытміку ці змест — не пра вечна філасофскае, а надзённае. Як асабіста вы да гэтага ставіцеся, ці лічыце, што паэзія з гадамі, пакаленнямі мяняецца альбо вы прыхільнік класічных стандартаў?

— Паэзія альбо ёсць, альбо яе няма. Яна, як і душа, катэгорыя вечнасці. А ўсе гэтыя так званыя модныя літаратары, пераацэншчыкі класікі і разбуральнікі традыцыі ідуць не ад таленту, не ад сапраўднага, класічнага і высокага ў літаратуры, а ад звычайнага жадання пусціць бурбалкі і каб іх бурбалкі заўважылі. Але, як вядома, ад пузыроў нічога не застаецца. Сапраўдная паэзія і звычайная вершатворчасць розняцца між сабой гэтаксама, як вялікая рака і маленькі раўчук: шырынёй, глыбінёй і, безумоўна, уражаннем.

Паэзія — гэта моцная энергетыка, высокае напружанне душы. Гэта як азарэнне, як успышка бліскавіцы. Музыка, ад якой нязмушана набягаюць слёзы і так шчымліва на сэрцы. А яны ўзамен сапраўднага прапаноўваюць вершаваныя рэбусы, красворды, шарады. Для іх паэзія як забава. Не і яшчэ раз не! Разбурэнне традыцыі ў культуры і, у прыватнасці, у мастацкай літаратуры вядзе да разбурэння чалавека як асобы. 

— Дзякуй вялікі за гутарку, шаноўны Міхась Захаравіч! І яшчэ раз з юбілеем!

basikirskaya@sb.by

Фота з архіва sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter