Святло на гары Фавор

Сёння праваслаўныя адзначаюць вялікае свята — Праабражэнне Гасподняе

Сёння праваслаўныя адзначаюць вялікае свята — Праабражэнне Гасподняе

Біблейская гісторыя гэтага свята такая. У апошні год свайго зямнога служэння Хрыстос пачаў адкрываць вучням, што Яму належыць ісці ў Іерусалім, цярпець там шматлікія пакуты, быць забітым і на трэці дзень уваскрэснуць. Пачуўшы гэта, апосталы, асабліва Пётр, засмуціліся і сталі адгаворваць Настаўніка ад гэтага самотнага шляху. Каб іх суцешыць, Гасподзь паабяцаў некаторым з вучняў у хуткім часе паказаць усю славу і веліч, якую Ён набудзе пасля пакутаў і ўкрыжавання. Абяцанне Ён стрымаў праз шэсць дзён, калі разам з апосталамі Пятром, Якавам і Іаанам узышоў на гару Фавор у Галілеі, каб памаліцца. Апосталаў раптам агарнуў сон, а прачнуўшыся, яны ўбачылі, што Хрыстос памяняў сваё аблічча: Ён быў у белым адзенні, ад Яго зыходзіла яркае дзівоснае святло. Побач з Ісусам сядзелі два старазапаветныя прарокі — Маісей і Ілля і гаварылі аб пакутах, якія належала цярпець Хрысту. А пасля на іх спусцілася светлае воблака, і голас з нябёсаў абвясціў: “Гэта ёсць Сын Мой любімы, у якім Маё Благаваленне, Яго слухайце”. Пачуўшы гэтыя словы, апосталы, спалохаўшыся, упалі ніцма. Але ў гэты час і воблака, і прарокі ўжо зніклі, застаўся толькі Хрыстос у сваім звычайным абліччы. Ён загадаў апосталам нікому не гаварыць пра тое, што яны бачылі, да таго часу, пакуль Ён не прыме пакутніцкую смерць і не ўваскрэсне. Апосталы выканалі запавет. Згодна з евангельскім тэкстам, гэта падзея адбылася ў лютым, за сорак дзён да Вялікадня, аднак праваслаўная царква перанесла святкаванне на 19 жніўня, каб яно не выпадала на дні Вялікага посту. Пры гэтым на 40-ы дзень пасля Праабражэння заўсёды прыпадае яшчэ адно вялікае свята — Узвіжанне Крыжа Гасподняга. Як тлумачыць царква, святкаваннем Праабражэння Гасподняга мы ўрачыста спавядаем і праслаўляем паяднанне Бога і чалавека ў сутнасці Хрыста. А ў народзе гэта свята называецца Яблычны Спас. У гэты дзень у храмах асвячаюцца яблыкі і іншыя плады новага ўраджаю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter