У «Маяку-Браслаўскім» надаілі 5688 кілаграмаў малака

Святло «Маяка-Браслаўска»

З году ў год гаспадарка выходзіць у раёне пераможцай па вытворчасці малака, мяса, зерня, нарыхтоўцы кармоў
З году ў год гаспадарка выходзіць у раёне пераможцай па вытворчасці малака, мяса, зерня, нарыхтоўцы кармоў 

Так, я ўпэўнены, будзе і цяпер, бо і сёлета ў «Маяку-Браслаўскім» надаілі ўжо ад каровы 5688 кілаграмаў малака. (За год мяркуецца атрымаць па 6750 кілаграмаў.) Зноўку дабіліся самага высокага ўраджаю збожжавых, а хлебны каравай заважыў 11 тысяч тон. Зроблены паўтарагадовы запас кармоў. За 9 месяцаў рэалізавана прадукцыі на 97 мільярдаў рублёў. Чысты прыбытак — 8,5 мільярда.
Роўна чвэрць веку гаспадарку нязменна ўзначальвае Рамуальд ШУКЕЛЬ — «Чалавек года Віцебшчыны-2009», узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Надарылася гэта ў лістападзе 1989 года. На агульным сходзе, хоць былі і іншыя прэтэндэнты, і нават адзін вучоны, выбралі старшынёй свайго — Рамуальда Шукеля. З той пары і нясе ён гэту нялёгкую ношу. Бліснула сівізна на скронях, рассыпаліся веерам маршчынкі ля вачэй, але постаць яго па-ранейшаму цвёрдая, упэўненая.

Што ўдалося за гэты час? Галоўнае, як ён лічыць, захаваць калектыў. Сёння ў вытворчасці сельгаскааператыва занята 400 чалавек. Не адчуваецца, як у некаторых іншых месцах, недахопу спецыялістаў, работнікаў масавых прафесій. І гэта пры тым, што гаспадарка мяжуе з Браславам.

Чым жа трымае Шукель людзей? У першую чаргу — увагай, клопатам аб іх. Не дзе-небудзь, а менавіта ў «Маяку», так называлася раней хазяйства, пабудавалі першы аграгарадок. Аднак Рамуальду Іванавічу падалося гэтага мала, і ён па сваёй ініцыятыве адчыніў другі — у Опсе. Вырашана жыллёвае пытанне: больш за дзве сотні кватэр і катэджаў — уласнасць гаспадаркі.

Разумее ён і тое, што, жывучы на зямлі, чалавеку неабходна трымаць сваю падсобную гаспадарку. Але апрацоўваць той жа гектар зямлі яму сваімі сіламі — марнатраўства. А таму было вырашана вынесці прыватныя надзелы ў агульны севазварот і людзям даваць гатовы ўраджай.

Тым, хто трымае карову, завозяць гатовае сена. Аб не ўяўнай, а сапраўднай увазе да людзей сведчыць і наступны факт: калі каму спатрэбіцца да ўрача ў Віцебск ці Мінск, старшыня выдзяляе транспарт. Бясплатна. 

Ну і, вядома, такая неаспрэчная акалічнасць, як зарплата. Яна не толькі самая высокая сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна, але на ўзроўні, а то і вышэй, чым у горадзе. Прычым створаны ўсе ўмовы, каб даць чалавеку зарабіць, пазбегнуць як мага больш ручной працы. Фермы пераабсталяваны пад механізаваную раздачу кармоў. Малочныя бачкі замянілі малакаправоды і даільная зала. На свінакомлексе праведзена рэканструкцыя больш паловы памяшканняў. У майстэрнях пастаўлены магутныя абагравальнікі, парк поўнасцю, нават з гакам, укамплектаваны тэхнікай: 83 трактары, 16 зернеўборачных камбайнаў і 6 — кормаўборачных, 37 грузавых машын і 16 легкавых. І гэта ўсё — на 5200 гектараў сельгасугоддзяў.

Пераможца на жніве сярод маладых камбайнераў, адзін з лепшых аратых на ўздыме зябліва Іван КУЛЬПА.

І яшчэ адзін вельмі важны аспект у гаспадаранні Рамуальда Шукеля — дысцыпліна. Ён цалкам справядліва лічыць, што калі даў чалавеку ўсё неабходнае, то можна адпаведна і патрабаваць. Такі прыклад: перад выездам з майстэрні і вяртаннем назад механізатары абавязкова праходзяць алкатэст. Сёння гэта стала нормай, і нікога тут гэтым не здзівіш.

Дысцыплінай, інакш і не назавеш высокую культуру земляробства ў «Маяку-Браслаўскім». Нават невялікі неапрацаваны лапік зямлі ля слупа электраперадачы тут лічаць за надзвычанае здарэнне.

Аднак пра саму вытворчасць — асобная гаворка.

Рамуальд Іванавіч не прамінае кожны раз нагадаць, што ў яго — баявая каманда галоўных спецыялістаў, аднадумцаў. Гэта аграном Валянціна Таўкінь, заатэхнік Леанід Барткевіч, інжынер Іван Шпак, бухгалтар Ірына Бэйнар, эканаміст Леаніда Радзіёнава і іншыя. Пра кожнага хацелася б сказаць хоць некалькі слоў, бо што не чалавек — то асоба.

Валянціна Таўкінь прыехала ў «Маяк» з Бранскай вобласці звыш 25 гадоў таму, упадабала людзей, мясціны. А яшчэ — магчымасць працаваць творча, раскрыць свае здольнасці. Гэта пры ёй на «маякоўскіх» пясочках пачалі атрымліваць ураджаі за 40 цэнтнераў. Яна снуе ад поля да поля, як тая пчолка, каб толькі была вытрымана тэхналогія. Не губляецца ні пры якіх складаных надзвычайных сітуацыях. Так, сёлета вымерзлі амаль што ўся азімая пшаніца і рапс. Давялося перасяваць ажно тысячу гектараў. З мінеральнымі ўдабрэннямі была напруга. І ўсё ж узялі запланаваныя 11 тысяч тон збожжа. Не ставіць сабе гэта ў заслугу. А ў першую чаргу называе выканаўцаў работ — механізатараў, кіраўнікоў аддзяленняў: Валерыя Ваштаевіча, Міхаіла Кумпіня, Валерыя Кезіка, а таксама дыспетчара Ірыну Кончыц. Ну і, вядома ж, асаблівая падзяка галоўнаму інжынеру Івану Шпаку. Тэхніка і на гэты раз не падвяла.

Цікавы чалавек усё-такі Іван Шпак, які ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». Замест таго каб пахваліцца, што ўся тэхніка — і зернеўборачная, і кормаўборачная, акрамя прычапной, — пастаўлена ў спецыяльныя боксы на захоўванне, выказвае незадаволенне:

— Можна было б ужо прыступаць да рамонту камбайнаў, але не стае запчастак. На ўборку, у асноўным ад камерсантаў, іх даволі. Бяры, што хочаш. Закончылася жніво і — пуста. Лішняга ніхто не трымае. Выкручваемся паціху толькі тым, што маем добрыя сувязі з Белаграсэрвісам. У яго на складах бываюць астаткі...

Фенаменальныя, іначай не назавеш, набыткі «Маяка-Браслаўскага» ў жывёлагадоўлі. У дойным статку надоі растуць з году ў год. Штодзённа жывёлаводы сельгаскааператыва прадаюць 13—14 тон малака і атрымліваюць 60—70 мільёнаў рублёў. Звыш 90 працэнтаў прадукцыі ідзе сортам «экстра». Апошнюю акалічнасць галоўны заатэхнік гаспадаркі Леанід Барткевіч, «Чалавек года Віцебшчыны-2013», вытлумачвае прадуманай тэхналогіяй даення кароў. У прыватнасці, на ўсіх фермах падсцілка са змельчанай саломы. Абавязковая чыстка жывёлы. Малакаправоды з фільтрамі першаснай ачысткі малака. Пасля дойкі — «пламбіраванне» саскоў каровы спецыяльным прэпаратам, каб не пранікала інфекцыя і не развіваўся мастыт. 

Галоўныя спецыялісты гаспадаркі (злева направа) заатэхнік Леанід БАРТКЕВІЧ, аграном Валянціна ТАЎКІНЬ, інжынер Іван ШПАК.

Аператары машыннага даення зацікаўлены заробкам у атрыманні малака сортам «экстра» і наогул дасягненнем высокіх надояў. Да рубяжа 8 тысяч кілаграмаў малака за год ад каровы наблізяцца аператары Жанна Ахрамовіч, Ала Стальмашчук, Антаніна Маркушонак, Яніна Астроўская. Яскравы прыклад апошняй. Яніна была загадчыцай на ферме «Якавічы» і раптам, калі пайшла даярка з адстаючай групы кароў, пажадала заняць яе месца. За 9 месяцаў прыбаўка ад каровы ў гэтай групе склала 885 кілаграмаў.

На Дні работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК будуць віншаваць названых аператараў машыннага даення, жывёлаводаў Казіміра Басікірскага і Соф’ю Парсюкевіч, якія на дарошчванні цялят дабіліся сярэднесутачных прываг звыш кілаграма, а таксама аператараў свінакомплексу Людмілу Сідараву і Ірыну Смірнову, механізатара Эдуарда Пяткевіча, які на «Ягуары» ўбраў звыш за 22 тысячы тон траў, камбайнераў Віктара Ваштаевіча і Міхаіла Іванова, механізатараў Леаніда Балочку, Івана Кульпу, Анатоля Дубіну, Сяргея Данілава, Леаніда Лаўрыновіча, Тадэвуша Таўкіня, Васіля Кажоху, Сяргея Хрома, Валерыя Грыблу, Леаніда Дубіну... 

У бліжэйшых планах кіраўніка гаспадаркі — будаўніцтва сучаснай малочна-таварнай фермы на 900 галоў з даільнай залай.

На пытанне, ці не шкадуе ён, што 25 гадоў таму, насуперак свайму жаданню, стаў старшынёй, Рамуальд Шукель адназначна заяўляе:

 — Ніколькі не шкадую. Як кажуць, дзе нарадзіўся — там і згадзіўся! Жыву дзеля людзей. Імкнуся нікога не крыўдзіць. Незадаволенасць хіба ў тым, што не ўсё зроблена. А таму ёсць неадольнае жаданне і далей на работу. На добрую работу!

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара

УНН 300060067

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter