Святло каляднай зоркі з мінулага стагоддзя

Старыя фотаздымкі і пажоўклыя ад часу паштоўкі захоўваюцца ў альбомах амаль у кожнай сям’і. Часам напярэдадні Новага года і Калядаў людзі спыняюцца пасярод штодзённых клопатаў, задумваюцца аб жыцці, успамінаюць пра падзеі мінулага, загадваюць на шчаслівую будучыню. Самы час дастаць з шуфлядкі стары фотаальбом, пагартаць яго старонкі, падзівіцца, як падобны праўнук на прадзеда... Хлопчык з каляднай зоркай, якога вы бачыце сёння на фотаздымку, сапраўды, магчыма, даўно стаў прадзедам. Паводле інфармацыі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, здымак зроблены ў вёсцы Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў 1940 годзе, амаль шэсцьдзесят сем гадоў таму.

...Мая бабуля неаднойчы казала: “Раней людзі жылі небагата, нават начальнікі трымаліся сціпла. Зараз моладзь жыве ў раскошы, а мы хадзілі ў адным, пакуль плацце не зносіцца”. А ці ведаеце вы, як нашы бабулі і дзядулі яшчэ ў даваенны час сустракалі Новы год або Нараджэнне Хрыстова? Аб чым марылі тыя дзяўчынкі і хлопчыкі, чым іх частавалі бацькі, ці было прынята абменьвацца падарункамі? Карэспандэнт “Народнай газеты” адшукала ў розных кутках нашай краіны такіх людзей, якія ўжо ў досыць сталым узросце, і распытала пра іх першыя навагоднія святы.

Калядная зорка
Сямідзесяцідвухгадовы жыхар Камянца Дзмітрый Дошчык дзяцінства правёў у вёсцы Хмелева Жабінкаўскага раёна. Мы падлічылі з Дзмітрыем Раманавічам, што ў 1940 годзе яму споўнілася пяць гадоў, а яго старэйшаму брату — дзесяць. Тым не менш ён добра памятае, як у іх сям’і сустракалі Раство (Новы год адзначаць было яшчэ не прынята): “Елак у нашых месцах амаль няма, толькі сосны. Памятаю, як бацька прынёс з лесу малую сасёнку, а на стале, засланым белым абрусам, стаяла куцця. Мы з братамі самі рабілі цацкі, каб упрыгожыць дрэўца: ляпілі з ваты фігуркі, напрыклад, Дзеда Мароза, мачалі ў крухмал і потым, калі ён застыне, размалёўвалі акварэльнымі фарбамі. Таксама хадзілі калядаваць і абавязкова з каляднай зоркай. Яе рабілі самі. З лёгкіх драўляных палачак майстравалі каркас, на яго наклейвалі каляровую паперу або намазвалі звычайную паперу маслам, каб яна была празрыстай. У зоркі павінна было быць не менш чым 8—10 “рагоў”, якія ўпрыгожвалі кутасамі з паперы. У сярэдзіне зоркі круціўся барабан, а ў ім — свечка. Каб зрабіць гэты барабан, бралі старое сіта, а ззаду ў ім прыладжвалі дзверцы, каб паставіць свечку. Яшчэ разам з братам пры дапамозе бацькі-сталяра рабілі “батлей”, або “шопку” — скрыню, падобную да шпакоўні, абклееную паперай. Унутр таксама ставілі свечку. У гэтым своеасаблівым “тэатры ценяў” рухаліся сілуэты з паперы — вазніца на санках, птушкі, коні... Калядоўшчыкі перш за ўсё віталіся з гаспадарамі, віншавалі, жадалі добрага вечара ў хату, прасілі дазволу на спевы... Адзін з іх насіў з сабой спецыяльную торбачку, у якую складвалі калядныя пачастункі — кавалкі каўбасы, пірага, зрэдку цукеркі. У нашых вёсках, здаецца, і зараз калядуюць”.
Кісель на салодкае
На іншым канцы краіны, у вёсцы Гронаў Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў гэты час таксама не спалі ў шапку — святкавалі Каляды. Па ўспамінах жыхаркі Чэрыкава Сцепаніды Астанковіч, якой днямі споўнілася 78 гадоў, калядаваць ішлі выключна жанчыны. Яе бацька, Іван Пракопавіч, нават крыху лаяўся на маці, бо калядоўшчыцам заўсёды налівалі чарачку, але ж выходзілі яны на вуліцу зусім не для гэтага. Жанчыны выварочвалі кажухі на другі бок і ішлі спяваць-калядаваць. Елак тады, па ўспамінах былой настаўніцы, не ставілі — не было прынята. Сама хата была каля лесу, і вецце вялікіх сосен амаль клалася на дах. У сям’і было трое дзяцей. Да “каляднай Куцці” бацькі пачыналі рыхтавацца ледзь не з восені. Сушылі грыбы, салілі рыжыкі, рыхтавалі ў дзежцы квас з брусніц і дурніц. З вечара маці абавязкова таўкла ў ступе пшаніцу і варыла посную куццю з мёдам. Сямейнікі  не з’ядалі куццю цалкам, і частку маці абавязкова несла ў хлеў і аддавала птушкам і іншай жыўнасці. Таксама на Куццю елі капусту з грыбамі і “наздратыя” бліны. На другі дзень дзеці частаваліся “пальцам пханымі” каўбасамі, елі мачанку, калі быў, падсмажвалі парсючка. Цукерак Сцепаніда Іванаўна наогул не ўспомніла, а  “дэсертам” быў кісель з сушаных яблыкаў або аўсяны — жур. Падарункі для дзяцей маці выпякала сама — коржыкі ў форме коней, пеўнікаў або проста закручаныя фігуркі.
Воўк пад елачкай
Калі жанчынам, як і павінна быць, больш помніцца святочны стол пад абразамі, убранымі вышытымі ручнікамі, то ў мужчын успаміны іншыя. Так, Генадзь Дзямешка з горада Дзісны Міёрскага раёна Віцебскай вобласці сваю першую ў жыцці ёлку ўспамінае як незвычайную прыгоду. У будучым годзе Генадзю Паўлавічу споўніцца 90 гадоў, таму ён мае поўнае права расказваць пра сустрэчу Новага, 1927 года — падзеі васьмідзесяцігадовай даўнасці! Вучыўся хлопчык тады ў трэцім класе пачатковай польскай школы — Заходнюю Беларусь яшчэ не далучылі да нашай краіны. І ёлку наладзіў настаўнік гэтай школы, да якой трэба было ісці па цемры тры кіламетры. “Так захацелася мне на ёлку, што ўпрасіў бацьку, каб праводзіў, — расказвае ветэран вайны і нібыта зноў робіцца тым хлопчыкам. — Завіруха, снег, але мы пайшлі. Бацька, праўда, узяў ладную дубінку. Толькі прайшлі нейкі кіламетр, і да нас далучыўся... воўк! Ідзём, а ён за намі. Але ж у нас ёсць чым бараніцца — дубінка. Ішлі і чакалі, што будзе далей. Потым воўк недзе знік, але мы папярэдзілі іншых. Вось і школа!”
Школа ў той час размяшчалася ў прыватным доме. Ёлку паставілі пасярэдзіне пакоя, настаўнік купіў цукеркі і развесіў іх на галінках дрэва. Упрыгожанні рабілі і самі дзеці. “Мы танцавалі, спявалі, а калі скончылася гульня, абарвалі ўсе цукеркі з ёлкі, — расказвае Генадзь Паўлавіч. — Калі ішлі дадому, воўка ўжо не бачылі”.
Сустрэча Новага, 1940 года ветэрану таксама запомнілася вельмі добра. Свята сталы ўжо хлопец сустрэў... таксама ў школе! У верасні 1939-га дзве часткі Беларусі нарэшце аб’ядналіся, і для моладзі адкрылася вячэрняя школа. Маладыя людзі “падцягвалі” там веданне беларускай і рускай моў. Сустрэць Новы год яе дырэктар Кузьма Крук прапанаваў таксама ў школе. Прыбралі ёлачку, сабралася шмат моладзі, танчылі, спявалі. Дырэктар зрабіў даклад пра новую дзяржаву, новы лад. “Вяртаўся я з той ёлкі з вялікай радасцю, што пачынаю новае жыццё”, — дзеліцца ўспамінамі Генадзь Дзямешка.

Як бы цяжка ні склаўся лёс чалавека, светлыя ўспаміны пра дзяцінства заўсёды падтрымліваюць яго, выклікаюць шчаслівую ўсмешку, распраўляюць маршчыны на твары. Давайце ж сустракаць Новы год у радасным настроі. Мне вельмі спадабалася прачытанае ў адной кніжцы фраза: “У дзяцінстве перад намі быў адкрыты цэлы свет магчымасцей і дзівосаў... Зараз нічога не змянілася!” Няхай калядная зорка гэтага хлопчыка падорыць надзею і веру ў цуд кожнаму чалавеку.

Фотаздымак прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter