Святло душы, якое не згасае

У Беларусі ствараецца Фонд імя Эдварда Вайніловіча, а ў інтэрнэт-прасторы хутка з’явіцца сайт, прысвечаны фундатару мінскага Чырвонага касцёла
У Беларусі ствараецца Фонд імя Эдварда Вайніловіча, а ў інтэрнэт-прасторы хутка з’явіцца сайт, прысвечаны фундатару мінскага Чырвонага касцёла


Эдвард Вайніловіч у родных Савічах

Асоба чалавека, жыццё якога можа быць яркім прыкладам служэння Богу, людзям і роднай зямлі, па-ранейшаму прыцягвае грамадскую ўвагу. Летась, напрыклад, прайшло пасяджэнне спецыяльнай камісіі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам па беатыфікацыі (далучэнні да ліку слуг Божых, а затым блажэнных, святых) фундатара касцёла ў імя Святых Сымона і Алены, ці Чырвонага касцёла Эдварда Вайніловіча. Працэс складаны, а шлях доўгі. Больш падрабязна пра тое — у артыкуле “Зямное і нябеснае Эдварда Вайніловіча” (ГР, №21, 5.06.2014).

У той жа час было ўнесена шэраг канструктыўных прапаноў па ўшанаванні памяці выдатнага супляменніка, якія не засталіся без увагi. Так, прафесар Адам Мальдзіс прапанаваў стварыць прысвечаны яму сайт. І нядаўна ў Чырвоным касцёле сабраліся святары, гісторыкі, прадстаўнікі СМІ, энтузіясты, зацікаўленыя ў тым, каб імя Эдварда Вайніловіча захавалася ў памяці нашчадкаў. Вырашылі стварыць сайт пад назвай “Эдвард Вайніловіч і яго час”, на ім будуць розныя матэрыялы пра ранейшы Мінскі край, пра самога гаспадарніка, падзвіжніка і мецэната ды яго сучаснікаў-стваральнікаў. Гаворка ішла і пра стварэнне Фонду імя Эдварда Вайніловіча, магчымасці прысуджэння прэміі яго імя, узнагарод у выглядзе грамат і дыпломаў для тых, хто найбольш спрыяе ўшанаванню яго памяці. А працы шмат. У прыватнасці, пры падрыхтоўцы і прыняцці статута спатрэбіцца дапамога юрыстаў, знойдзецца справа і для эканамістаў, ІТ-спецыялістаў, а таксама тых, хто мае досвед у выдавецкай справе, генеалогіі. 

Пісьменнік, гісторык і энцыклапедыст Леанід Маракоў паказваў на сустрэчы карту старога Менска, акцэнтуючы ўвагу на месцы, дзе стаіць Чырвоны касцёл. Нядаўна выйшла двухтомная энцыклапедыя “Галоўная вуліца Мінска”: Леанід Маракоў грунтоўна даследаваў быццё Захар’еўскай і Савецкай вуліц у перыяд з 1880 па 1940 год, у выданні больш за 4000 ілюстрацый, фотаздымкаў. Чырвоны касцёл будаваўся на стыку Захар’еўскай і Трубнай. Назвы вуліцы не раз мяняліся, і цяпер Захар’еўская — гата праспект Незалежнасці. Прафесар Адам Мальдзіс, які даўно займаецца жыццяпісам Эдварда Вайніловіча, звярнуў увагу: у Мінску пакуль ніводная вуліца не названа ў яго гонар. Выступоўца і прапанаваў вуліцай Эдварда Вайніловіча пераназваць вуліцу Савецкую: яна прымыкае да плошчы Незалежнасці, на ёй знаходзіцца Чырвоны касцёл. Дарэчы, ужо сабрана больш за 50 тысяч подпісаў за такое перайменаванне, і ёсць магчымасць падпісацца і праз інтэрнэт. 

Адам Мальдзіс зноў перадаў у спецыяльны бібліятэчны фонд Чырвонага касцёла, дзе збіраюцца розныя кнігі з другой паловы ХIХ да пачатку ХХ стагоддзя (перыяду Эдварда Вайніловіча), каштоўныя кнігі. Сярод іх выданне “Партрэты і помнікі старадаўнасці князёў Алелькавічаў у Слуцку”. Гэта інвентарызацыя Юзафа Смалінскага з 1904 года: апісваюцца дакументы з архіва ў Савічах, родавым маёнтку Вайніловічаў у Слуцкім павеце. Кніга змяшчае цікавыя матэрыялы. Ёсць, напрыклад, копія аўтографу і пячаткі князя Яна Сямёна Алелькавіча з дакумента, складзенага яшчэ ў 1585 годзе. Другая кніга — гэта “Альфуркан Татарскі”, манаграфія швейцарскага навукоўца Паўля Сутэра пра каран-тэфсір татараў Вялікага Княства Літоўскага. Адметнасць выдання ў тым, што для перакладу карана ў ім выкарыстана беларуская мова. Унікальны, адзіны выпадак, калі побач з арабскім ідзе беларускі тэкст.

Клецк, Слуцк, Капыль, Нясвіж, Савічы, Макраны, Раёўка… Гэта месцы, дзе жыў і працаваў Эдвард Вайніловіч. Сёлета ў лістападзе, дарэчы, у Капылі з удзелам гісторыкаў з Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе канференцыя, прысвечаная яго жыццю і дзейнасці. Ёсць ужо ў тым горадзе і вуліца Вайніловіча.

Напрыканцы сустрэчы ў Чырвоным касцёле ксёндз-пробашч Уладзіслаў Завальнюк падзякаваў усім, хто рупіцца пра ўвекавечванне памяці Эдварда Вайніловіча — грамадскага дзеяча, мецэната, гуманіста, дбайнага гаспадара, рэфарматара, шчырага верніка. Ён пакінуў па сабе добрую памяць, шмат зрабіў на карысць роўнасці людзей розных нацыянальнасцяў, веравызнанняў і культур на беларускай зямлі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter