Активные фотозоны, сюрпризы, эскизы игрушек, разработанные вместе: как Минск наряжается к Новому году

Святло чарадзейнай казкі

Не запавольваецца ход часу, i хутка ўсе мы, нягледзячы на многiя складанасцi i перыпетыi, будзем адзначаць чарговы Новы год. Ствараюць святочны настрой у першую чаргу, вядома, калючыя прыгажунi ёлкi, а таксама фоталакацыi, яркiя ўпрыгажэннi на вулiцах i праспектах, разнастайныя светлавыя фiгуры. Карэспандэнт «Р» даведалася, якiя асаблiвасцi i навiнкi аздаблення чакаюць мiнчан.

У Мінску пачалася ўстаноўка навагодніх ёлак.

Рыхтуемся з лета

Устаноўка святочных ёлак пачалася 3 лiстапада. Хтосьцi можа палiчыць, што за такую работу ўзялiся занадта рана, але не ўсё так проста!

— Праца над навагоднiм упрыгожваннем горада пачынаецца яш-чэ летам, — адзначыла Таццяна Калiцiна, генеральны дырэктар ДП «Мiнскрэклама». — Працэс гэты ўпарадкаваны, мы дакладна ведаем алгарытм сваiх дзеянняў. Спачатку над распрацоўкай новых эскiзных прапаноў завiхаюцца дызайнеры. Затым тая цi iншая канцэпцыя прымаецца на пасяджэннi тэхнiчнага савета, а ўжо пасля — рэалiзуецца на вулiцах i плошчах сталiцы. Летам жа пачынаецца прывядзенне ў парадак каркасаў ёлак.

Мастакi-канструктары прадпрыемства пры рэалiзацыi дызайнерскiх праектаў улiчваюць i iдэю мясцовасцi, дзе паставяць ёлкi, i магчымасцi ўласных навейшых тэхналогiй вырабу розных элементаў. Дарэчы, сёлета на прадпрыемстве з’явiлася фрэзерна-гравiравальная ўстаноўка, здольная вырабляць самыя складаныя, тонкiя дэталi цацак, сняжынак.

Тэхналагiчны працэс устаноўкi ёлак падобны да таго, якiм мы карыстаемся дома, толькi ў значна буйнейшых маштабах: спачатку ўсталёўваецца канструкцыя, потым прымацоўваецца хвоя, затым наступае чарга электрычных гiрлянд, якiмi займаецца УП «Мiнгарсвятло», i, нарэшце, дрэва ўпрыгожваюць цацкамi.

— Устаноўка ёлак — дастаткова працаёмкi i складаны працэс, — падкрэслiвае Таццяна Леанiдаўна. — Кожнае дрэва трэба надзейна замацаваць, каб яно было поўнасцю бяспечным. У гэтым задзейнiчаем некалькi арганiзацый, апрача таго, кожны аб’ект павiнен быць прыняты энерганаглядам. Толькi пасля таго як спецыялiзаваныя арганiзацыi вынясуць заключэнне, што аб’ект можна эксплуатаваць, ёлка запалiць свае агнi.

Кожнай плошчы — па ёлцы

Да святкавання наступлення 2021 года ў Мiнску ўстановяць 31 ёлку — па ўласным навагоднiм дрэве атрымаюць амаль усе плошчы горада. З дзяцiнства мы прывыклi, праслухаўшы звон курантаў, выходзiць на вулiцы, каб дзялiцца радасцю з суседзямi. Не ўсе гатовы выязджаць у цэнтр, таму пажадана, каб святочныя пляцоўкi размяшчалiся амаль у крокавай даступнасцi.

— Безумоўна, ёлкi размесцяцца на плошчы Незалежнасцi, на Кастрычнiцкай, а таксама каля Палаца спорту, — працягвае Таццяна Леанiдаўна. — Акрамя таго, установiм iх у кожным раёне горада, i не па адной. Напрыклад, Фрунзенскi раён вельмi вялiкi, так што там святочныя дрэвы можна будзе ўбачыць i каля Лядовага палаца, i ў парку iмя Уга Чавеса, i каля гандлёвага цэнтра «Максiмус». Новая актыўная лакацыя з’явiцца каля цырка. Ёлку тут ставілі заўсёды — нельга абысцiся без яе каля надзвычай папулярнага ў дзяцей месца. А сёлета там прадугледжаны цiкавыя фотазоны, звязаныя са светам дзяцiнства, шмат агнёў, чараўнiцтва. Дарэчы, рыхтуем такiя фотазоны, каб да iх можна было не проста падысцi, але i ўзабрацца на розныя элементы. На Кастрычнiцкай плошчы, каля цырка, Палаца спорту, «Чыжоўка-Арэны» ўсе яны будуць розныя, непаўторныя. Такi маштабны творчы праект мы рэалiзуем упершыню.

Зменiцца i характар упрыгожвання цэнтральных праспектаў. Раней iх аздаблялi пiлонамi i сцягавымi кампазiцыямi, а напярэдаднi 2021 года вырашылi зрабiць акцэнт у афармленнi канструкцый на хвойныя лапкi, ёлачныя цацкi. Праспекты Пераможцаў i Незалежнасцi ўпрыгожаць у падобным стылi, але у розных колерах: прапанаваная канцэпцыя прадугледжвае цёплыя залацiстыя i халодныя серабрыстыя тоны.

Некаторыя святочныя дрэвы зменяць месца дыслакацыi. Так, ёлка ад Палаца спорту, падобная да стужкi, згорнутай у конус, тая самая, што ўвайшла ў дзясятку найпрыгажэйшых па версii Euronews, пераедзе да «Чыжоўка-Арэны». Яе месца зойме дрэва класiчнага выгляду. Ну а ёлка, якую раней можна было ўбачыць каля гарадской ратушы, з шароў з 14 элементамi падсветкi, проста «папрасiлася» да цырка.

Дарэчы, Мiнгарвыканкам аб’явiў конкурс на лепшае эскiзнае рашэнне навагодняй цацкi для галоўнай ёлкi сталiцы на Кастрычнiцкай плошчы. Асноўная ўмова — цацкi павiнны адлюстроўваць дзейнасць прадпрыемстваў i арганiзацый Мiнска.

— Дызайн канкрэтнай лакацыi павiнен максiмальна адпавядаць iдэi пляцоўкi, дзе знаходзiцца ёлка, — дзелiцца задумкамi Таццяна Калiцiна. — Так, дрэва каля фiлармонii будзе аздоблена ў музычнай тэматыцы. А ёлка на Плошчы Дзяржаўнага сцяга будзе ўпрыгожана ў колеры нацыянальных сiмвалаў.

Як паведамiлi ва УП «Мiнгарсвятло», у Мiнску з’явiцца некалькi новых светлавых дрэў. Першае ўсталявалi ў мiнулым годзе на плошчы Незалежнасцi, i яно прыйшлося ўсiм даспадобы. Што датычыць светлавых фiгур, то iх пачнуць выстаўляць тады ж, калi прымуцца ўпрыгожваць ёлкi гiрляндамi, — з сярэдзiны лiстапада. Агнямi ж ўсё заззяе з 15 снежня.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter