СВЯТЛО АДНОЙЧЫ І НАЗАЎЖДЫ

Нарадзіўся нам Хрыстус збаўца Пастырскі ліст на Нараджэнне Пана 2007г. Браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, дарагі верны народ! Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую са збаўчай урачыстасцю Нараджэння Пана ў год усеагульнага паклікання да святасці! Хто ж Ён, народжаны ў бэтлеемскай стаенцы Збаўца?

Аўтары Новага Запавету, з аднаго боку, прапануюць нам адказ на гэтае пытанне, карыстаючыся паняццямі таго часу, з другога ж — гэты адказ надзвычай багаты ў тэалагічным вымярэнні.
Збаўца з’яўляецца “спадкаемцам усяго” (Гбр 1, 2), — піша аўтар паслання да Габрэяў. Паняцце спадчыны мела вялікае значэнне на старажытным Усходзе. Спадкаемца — гэта той, хто ўвасабляе гаспадара і яго справы; ён мае роўныя з ім правы. Таму апостал Ян Багаслоў у сваім Евангеллі кажа, што Збаўца “прыйшоў да свайго” (пар. Ян 1, 11).
Бог стварыў свет праз свайго Сына. “Усё праз Яго сталася” (Ян 1, 3), — падкрэслівае святы Ян Багаслоў. Папа Бэнэдыкт XVI у сувязі з гэтым у сваёй энцыкліцы Deus caritas est (Бог ёсць любоў) кажа, што “ўвесь свет быў створаны дзякуючы моцы Яго творчага слова” (пар. DCE 9).
Увесь свет сваім існаваннем абавязаны Хрысту і скіраваны да Хрыста, бо толькі ў Ім ён знаходзіць падставу і сэнс свайго існавання.
Магчыма, для нас, людзей ужо ХХІ стагоддзя, гэтыя тэалагічна-філасофскія разважанні гучаць ужо не настолькі пераканаўча, як для хрысціянаў апостальскіх часоў. Аднак яны павінны дапамагчы нам зразумець і паглыбіць нашую ўпэўненасць у тым, што ў момант нараджэння Дзіцяці ў Бэтлееме здзейснілася штосьці непаўторнае. А менавіта, здзейснілася таямніца Богаўцелаўлення, і на свет прыйшоў такі доўгачаканы Збаўца; споўнілася прароцтва Ісаі: “валадарыць Бог твой! (...) суцешыў Пан народ свой (...). Пан адкрыў святое плячо сваё перад вачыма ўсіх народаў” (Іс 52, 7. 9. 10). Такім чынам, чалавечая гісторыя атрымала новую якасць — яна абагавілася, у ёй з’явіўся Бог з чалавечымі абліччам і сэрцам; Бог, блізкі да людзей.
У калядную вігілію мы збіраемся за адным сталом, каб падзяліцца аплаткаю і пажадаць адно аднаму супакою, шчасця, радасці. Менавіта за агульным вігілійным сталом асаблівым чынам перажываецца таямніца супакою, якім Бог адорвае людзей добрай волі (пар. Лк 2, 14).
З гэтаю атмасфераю душэўнага супакою мы прыходзім у нашыя касцёлы, каб нанава перажываць таямніцу Богаўцелаўлення і ўслухацца ў тое, чаму вучыць нас урачыстасць Нараджэння Пана.
У першую чаргу яна кажа пра рэальнасць уваходжання Бога ў гісторыю чалавека і пра Божую любоў да яго, любоў да свету, у якім чалавек жыве.
У цяжкія моманты нашага жыцця мы часта забываемся, што менавіта Сын Божы прыйшоў у гэты свет і прыняў на сябе чалавечыя пакуты, прыняў чалавечую долю і нядолю. Сын Божы на ўласным вопыце ведае, што кожны з нас перажывае і з чым не можа справіцца. Таму без боязі, што нас не зразумеюць, мы можам звяртацца да Яго, можам шукаць у Яго выйсця з цяжкай сітуацыі і дапамогу.
Мы не можам забыцца пра тое, што праз уваходжанне Сына Божага ў чалавечую гісторыю Ён асвяціў і ўзвысіў да збавеннай годнасці дзейнасць чалавека. Мы павінны памятаць пра гэта, распачынаючы кожны новы дзень, бо дзякуючы Нараджэнню Хрыста нашая дзейнасць набыла новае і найвышэйшае з усіх магчымых вымярэнне.
Сённяшняя ўрачыстасць таксама кажа нам пра ўзвышэнне і хвалу простых людзей. Бо першымі, каму была дадзена ласка ўбачыць нованароджанага Збаўцу і пакланіцца Яму, былі не кіраўнікі ізраэльскага народа, не фарысеі, не старазапаветныя святары, не моцныя гэтага свету, а простыя пастухі.
Менавіта яны першымі прынялі вестку пра нараджэнне Збаўцы і паверылі ёй. Менавіта іх, непрыкметных у ценю моцных і слаўных гэтага свету, узвялічыў Пан Бог і пра іх апавядае Евангелле, якое будзе абвяшчацца да канца часоў.
У сувязі з гэтым мы павінны сёння запытацца ў саміх сябе: а якое нашае стаўленне да евангельскай весткі? Як мы сёння ўспрымаем Добрую Навіну, у тым ліку і пра Нараджэнне Хрыста? Ці цалкам мы яе прымаем? А можа, мы гатовыя прыняць з яе толькі тое, што адпавядае нашаму спосабу мыслення ці секулярнай культуры сучаснага свету? Мы маем перад сабою дзве магчымасці: прыпадобніцца да цара Ірада, які жадаў знішчыць усё, што нагадвала пра Хрыста, ці па прыкладзе бэтлеемскіх пастухоў паверыць і прыняць Добрую Навіну пра збаўленне.
І нарэшце, сённяшняя ўрачыстасць гаворыць нам, што важна не тое, як і дзе нарадзіўся чалавек, а тое, як ён жыве. Збаўца прыйшоў на гэты свет у крайняй галечы, Яму не знайшлося нават месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7). Аднак Хрыстус сваім жыццём паказаў, што вартасць чалавека вызначаюць каштоўнасці, якія ён вызнае і нясе ў сабе. У гэтым сэнсе Хрыстус пакінуў нам найлепшы прыклад для пераймання.
Таму Нараджэнне Пана — гэта нібы лекцыя для нас. Лекцыя, якая павінна перасцерагчы ад падзення з высокага п’едэсталу, на які мы самі сябе ўзносім. Гэта лекцыя пакоры для нас — людзей, якія, жывучы ў эпоху постмадэрнізму, спадзяюцца толькі на ўласныя сілы, на рацыянальны розум, на дасягненні навукі і тэхнікі. Гэта, нарэшце, лекцыя вытрымкі ў імкненні да дасканаласці.
У Хрысце матэрыяльны свет атрымаў свой цэнтр. У ім свет атрымаў “Жыццё” і “Святло”. “А святло свеціць у цемры” (Ян 1, 5), і гэта азначае, што “Жыццё” прабілася ў наш свет праз акасцянелую і закарэлую паверхню. Таму чалавек ужо не павінен навобмацак шукаць чагосьці невядомага, пра што нічога не ведае. Ён не павінен уцякаць ад рэальнасці жыцця, бо ў Хрысце яно перастала быць цёмнаю пусткаю без сэнсу. Для чалавека скончыўся шлях у невядомае, і ён у Хрысце атрымаў сваю мэту. Бог выйшаў насустрач чалавеку, дзякуючы чаму чалавек адчувае сябе ў гэтым свеце бяспечна, як у сябе дома, бо тут яго сустракае бязмежная любоў Бога. Жыццё чалавека набыло сэнс. Таму ўцёкі ад рэальнасці былі б уцёкамі ў бессэнсоўнасць.
Умілаваныя ў народжаным Збаўцы браты і сёстры!
Ад усяго сэрца віншую вас з Божым Нараджэннем! Віншую іншыя хрысціянскія Цэрквы і супольнасці, якія разам з намі святкуюць гэтую збавенную ўрачыстасць. Віншую вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія праз трынаццаць дзён будуць ушаноўваць Нараджэнне Збаўцы, і жадаю ім як найлепш падрыхтавацца да гэтага свята.
Усе мы, хрысціяне розных Цэркваў і супольнасцяў, вызнаем тую ж самую праўду пра Богаўцелаўленне, што стала знакам прыйсця ў свет Бога ў вобразе чалавека, які аднавіў парушаную першародным грахом гармонію. Хрыстус, стаўшы цэнтрам чалавечай гісторыі, для ўсіх нас з’яўляецца таксама цэнтрам прыцягнення.
Гэта — імператыў, які абавязвае нас да новага бескампраміснага, пазбаўленага “рэлігійнай паліткарэктнасці” абвяшчэння праўды Евангелля і да абароны маральных каштоўнасцяў з мэтаю стварэння цывілізацыі любові і пабудовы грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе, узаемнай любові, справядлівасці і абяцаным Збаўцам супакоі.
Ад усяго сэрца жадаю вам Божых ласкаў, здольнасці і сілаў перанесці на ўсе дні вашага жыцця атмасферу сённяшняга свята, атмасферу любові, супакою і адзінства.
Радасці вам, шчасця, шчодрага Божага благаслаўлення на святы Божага Нараджэння і калядны перыяд, а таксама на ўвесь надыходзячы Новы 2008 год, які ў душпастырскай праграме Каталіцкага Касцёла на Беларусі будзе праходзіць пад дэвізам: “Слова Божае — крыніца надзеі”. Выбіраючы такую тэму, наш мясцовы Касцёл імкнецца больш поўна ўдзельнічаць у жыцці Паўсюднага Касцёла. Гэта звязана з тым, што 28 чэрвеня 2008 г. распачынаецца Год святога апостала Паўла, які нястомна абвяшчаў Евангелле ўсім народам, а ў кастрычніку ў Ватыкане распачне працу чарговы Сінод Біскупаў, прысвечаны слову Божаму ў жыцці і місіі Касцёла. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы Spe salvi (У надзеі мы збаўленыя) заклікае ўслухацца ў сведчанне Бібліі пра надзею, бо сапраўды слова “надзея” з’яўляецца цэнтральным словам біблейскай веры (пар. SS 2).
Яшчэ раз, браты і сёстры, са святам, з Нараджэннем Хрыстовым! Даручаючы ўсіх вас заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, я дзялюся з вамі аплаткаю на знак еднасці, і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт  Мінска-Магілёўскі

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter