Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Святло ад песень класікаў

Восеньскія Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе былі прысвечаны юбілеям класікаў беларускай літаратуры: Янкі Купалы і Якуба Коласа

Дні беларускай культуры ў Даўгаўпілсе – ужо традыцыйныя, штогадовыя. Сёлета яны прайшлі 13-16 кастрычніка, прысвячаліся 135-м угодам Песняроў: Янкі Купалы і Якуба Коласа. Ладзіла святочныя імпрэзы Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым”, падтрымаў нас мясцовы Цэнтр беларускай культуры. А ўсе нашы культсустрэчы праходзілі ў плыні праекта, прафінансаванага Латгальскім фондам падтрымкі недзяржаўных арганізацый.

Спектакль “Паўлінка” ў Даўгаўпілсе паказаў народны Маладзёжны тэатр з Браслава
Мікола Паўловіч

У пятніцу, 13 кастрычніка, у ЦБК была цікавая сустрэча з унучкай Якуба Коласа – Марыяй Міцкевіч: яна прыехала ў Даўгаўпілс па запрашэнні нашай суполкі, з падтрымкай Амбасады Беларусі ў Латвіі. Марыя Міхайлаўна шмат робіць для ўшанавання памяці пра свайго вялікага дзеда. Ягоную знакамітую паэму “Сымон-музыка” згадалі многія, калі ў зале прыгожа зайграла на скрыпцы Анастасія Малышава. Сярод нас, дарэчы, былі Першы сакратар Амбасады Беларусі ў Латвіі Аляксей Васількоў, консул Генконсульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская. Сама ж госця гаварыла пра жыццё і творчасць Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча – Якуба Коласа, дзялілася дзіцячымі ўспамінамі. Яна паказала рэдкія выданні, дакументы, якія адлюстроўваюць повязі Якуба Коласа з Латвіяй. Нам было цікава даведацца, напрыклад, што ў навагоднюю ноч 1913 года Пясняр знаходзіўся ў Дзвінску, нават напісаў тут верш. А чаму, з якой мэтай наведаў наш горад – пытанне да краязнаўцаў.

На вечарыне гучалі вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа пад чароўныя гукі цымбалаў: іграла яшчэ адна госця з Мінска, Марыя Куніцкая, музыка са знакамітага гурта “Харошкі”. Да ўгодкаў Песняроў Цэнтр беларускай культуры прадставіў тэматычную падборку кніг, а наша суполка па матэрыялах гісторыка-краязнаўцы Мікалая Паўловіча зладзіла перасоўную выставу. На ёй былі фотаздымкі класікаў ды з нашых мерапрыемстваў, ім прысвечаных. Свае вершы, прысвечаныя Якубу Коласу, прачытаў Станіслаў Валодзька. Таленавіта, па-майстэрску прачытала ўрывак з паэмы “Новая зямля” Галіна Сантоцкая. А гурт “Пралескі”, якім кіруе Анастасія Малышава, завяршыў вечарыну песняй на латышскай мове.

Марыя Міцкевіч і краязнаўца Мікола Паўловіч
Мікола Бальмантовіч

Марыя Міцкевіч падаравала кнігі ў народную бібліятэку суполкі “Уздым”. Нашы госці наведалі гістарычныя месцы горада, звязаныя з пашырэннем беларускага руху, Дынабургскую крэпасць, гулялі па цэнтральных вуліцах горада. Экскурсію для іх правёў дасведчаны гісторык Мікалай Паўловіч.

Прадоўжыліся Дні беларускай культуры ў суботу: 14 кастрычніка ў школе Цэнтра беларускай культуры актывісты суполкі “Уздым” зладзілі цэлае літаратурнае свята “Шляхамі Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Таксама, дарэчы, у плыні культурна-асветніцкага праекта “Sabiedrības garīgā potenciāla, kultūras, tautas tradīciju saglabāšana”, які фінансуе Латгальскі фонд падтрымкі недзяржаўных арганізацый. У зале, прыгожа прыбранай у восеньскай стылістыцы, сабралася шмат гледачоў, якім маюць інтарэс да беларускай культуры. Мы гаварылі пра творчасць беларускіх Песняроў-юбіляраў. У першай частцы канцэрта выступалі творчыя гурты ЦБК і таварыства “Уздым” – “Купалінка” (кіраўнік Вячаслаў Пятроў) ды “Лянок” (ім кіруе Марына Медунецкая). Свае вершы, прысвечаныя класікам, чытаў Станіслаў Валодзька. Галіна Сантоцкая ды Іна Валюшка чыталі ўрыўкі з паэмы Якуб Коласа “Новая зямля”. Гледачы цёпла прынялі й выступленне Паўліка Кузьміча: выхаванец нядзельнай школы “Вясёлка” пры таварыстве “Уздым” чытаў урыўкі з прозы Якуба Коласа.

І гучалі ў зале песні на словы Коласа і Купалы. У прыватнасці, Зінаіда Сіліня парадавала нас купалаўскаю лірычнаю “Явар з калінаю” на музыкую Юрыя Семянякі з рэпертуару “Песняроў”. Вядучыя, Валянціна Ліпінская і Людміла Сінякова, падахвочвалі й гледачоў з залы пачытаць вершы – без падрыхтоўкі. Таксама добра, душэўна ў іх атрымлівалася: бо звычайна ж мы ведаем найлепш тое, што кладзецца на сэрца.

А далей нашы госці з беларускага горада Браслава бліскуча і з гумарам паказалі спектакль паводле п’есы Янкі Купалы “Паўлінка”: гэта быў народны Маладзёжны тэатр пад кіраўніцтвам Яўгена Набіева. Гледачы перажывалі за Паўлінку, за Якіма, нават за пацешнага пана Быкоўскага. У спектаклі былі заняты Віталь Кавалеўскі, Яўген Шэін, Ганна Лявіцкая, Святлана Лапыр, Святлана Кажапенька, Канстанцін Каралевіч, гукарэжысёр – Кацярына Садоўнікава. Дзякуем, сябры!

Працяг Дні беларускай культуры мелі таксама і ў Краславе 15 кастрычніка.

Дзякуем за дапамогу ў арганізацыі дзён Цэнтру беларускай культуры, фірме “Davānu fabrika”, кіраўніцтву школы Цэнтра, Латвійскаму консульства ў Віцебску – за афармленне бясплатных віз для артыстаў з Браслава.

Людміла Сінякова, Мікола Паўловіч, сябры таварыства “Уздым”

г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?