Святланосны лік Мадон

У галерэі Міхаіла Савіцкага выставілі карціны Аляксея Кузьміча

У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага праходзіць выстава Аляксея Кузьміча.

У экспазіцыі прадстаўлена 80 карцін мастака-жывапісца. Гэта палотны, прсвечаныя гістарычным падзеям, партрэты і, безумоўна, вобразы Мадон, напісаныя аўтарам у розныя перыяды творчасці.

— Цэнтральнай работай экспазіцыі я б назваў карціну «Тры Мадоны», на якой змяшчаюцца вобразы трох жанчын розных эпох, — расказвае Аляксей Кузьміч-малодшы, арганізатар выставы. — Злева — ідэал жанчыны мінулага, а дакладней Сярэднявечча. Справа — ідэал будучыні, якому характэрны сцёртыя формы і страчаны ўнутраны змест, што было ўласціва творчасці Пікасо. А паміж імі — сучасная Мадона — сімвал душэўнай і цялеснай гармоніі. Дарэчы, прататыпам яе стала жонка мастака і мая маці — Інэса.

Сярод работ экспазіцыі ёсць і адна з першых карцін Кузьміча — «Даная». Менавіта з-за гэтага аголенага вобраза ў 80-я гады мастаку забаранілі праводзіць персанальныя выставы. Савецкай уладзе патрэбны былі вобразы калгасніц і рабочых, а не жанчын без адзення.

— Не ўсе ў той час разумелі, што бацька імкнуўся паказаць не нейкую пошласць, а прыгажосць жаночага цела, — працягвае Аляксей Кузьміч-малодшы. — Менавіта з дапамогай гэтых вобразаў ён імкнуўся адлюстраваць супрацьстаянне дабра і зла.

Самым вялікім з прадстаўленых на выставе палоцен можна лічыць карціну «Белакурая вясна», якая адлюстроўвае часціню і маладосць, іх перамогу над нячыстымі сіламі. Яе памер, дарэчы, два на тры метра.

Наведаць выставу можна да 15 верасня.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter