Радиожурналистку Светлану Мятлеву называют одним из брендов Национального радио

Святлана Мятлева, вядучая Беларускага радыё: «Больш за 20 гадоў прамога эфіру для мяне бясконцае свята»

ЯЕ пявучы галасок на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё гучыць ранкам, у абед і вечарам. Слухачы яго любяць. Нездарма ў знак удзячнасці раздаецца безліч тэлефанаванняў, прыходзіць шмат лістоў. Праграмы “Вітаем, віншуем, жадаем”, “Настрой” і “Раніцу з Беларускім радыё” радыёслухачы называюць народнымі. Святлана — адна з вядучых і кіраўнік творчай групы віншавальнага эфіру. 


— Ніколі не думала стаць журналістам, але вельмі любіла беларускую і рускую мову і літаратуру. Прыйшла на радыё выпадкова, падчас вучобы ў БДУ на філалагічным факультэце. Думаецца, радыйная справа па мне, яна блізкая да маёй спецыяльнасці. На філфаку чыталі вялікі аб’ем літаратуры, і гэта дапамагае ў журналістыцы, — расстаўляе акцэнты радыёвядучая.

Па спецыяльнасці яна — рускамоўны філолаг, а ўсе прамыя эфіры вядзе на роднай мове. Адкуль дасканалае валоданне ёй, калі нарадзілася Святлана ў Іркуцкай вобласці недалёка ад станцыі Зіма?

— Немаўляткам бабуля мяне прывезла ў вёску Вяляцічы Барысаўскага раёна, там я і выхоўвалася. Адтуль любоў да роднай мовы, да радыё. Бабуля, якая стала мне другой мамай, будзіла ранкам, а ў эфіры ішла “Піянерская зорка”. З радыё мы тады прачыналіся і засыналі. Гэта цяпер Першы нацыянальны канал вяшчае кругласутачна.

— Новыя тэхналогіі дыктуюць свае правілы, зніклі радыёкропкі, якія раней гаварылі бадай у кожнай хаце. У сувязі з гэтым аўдыторыя слухачоў паменшылася? І як наогул ставіцеся да лічбавага вяшчання?

— Як стаўлюся да ХХI стагоддзя? Станоўча. Цяпер дзякуючы інтэрнэту нас слухаюць у розных краінах, атрымліваем лісты з Расіі, Украіны, Прабалтыкі, ЗША і нават Лівана. У параўнанні з ранейшым у нас па-іншаму абсталявана студыя, а ў бесправадных тэхналогіях лепшым памочнікам стаў ноўтбук. Праз яго робім “шапкі”, адбіўкі, ставім музыку, сюжэты, інтэрв’ю, прымаем паведамленні. Работа скаардынавалася. Правадное радыё — мінулае стагоддзе. Я б не сказала, што слухачоў стала менш. Думаю, іх нават больш. Напачатку тэлефанавалі са словамі: «Вам не крыўдна, што мы вас не будзем слухаць?» Я кажу: «Будзеце, калі пажадаеце!» Дарэчы, дэвіз Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё — “Будзем разам!” Няма праблемы набыць радыёпрыёмнік або слухаць нас у інтэрнэце ці праз тэлефон. Наадварот, кола магчымасцей пашырылася. Некаторыя людзі — маладыя, гадоў па 50 — кажуць: не ўмеем СМС адпраўляць. Як так? Нават 85-гадовыя слухачы карыстаюцца носьбітамі ХХI стагоддзя — і правільна робяць: трэба ісці за прагрэсам! 

З лічбавымі ўмовамі працаваць стала лягчэй, але добра выконваць сваю справу заўсёды складана. Разам з тым суразмоўца змякчае такі свой вердыкт:

— Лягчэй толькі тады, калі выбіраеш любімы занятак. Уражвае дасціпнасць выслоўя Канфуцыя: выбірай любімую справу і ніводнага дня не будзеш працаваць у сваім жыцці. Больш за 20 гадоў я ў прамым эфіры, і кожны раз як свята. Мы ўсе вяртаемся дадому позна: здаецца, і перакусіў, і адпачыў, а кладзешся спаць — заснуць не можаш. Бо яшчэ застаешся ў свяце: прыгадваю самыя яркія моманты эфіру, перажываю, калі што не так. З іншага боку, мікрафон — сапраўдны доктар: літаральна праз хвілінку ля яго забываешся на ўсе хваробы — душэўныя і цялесныя. Любімая справа заўсёды лечыць.

Святлана Мятлева працуе на радыё 20 гадоў. Гэта цяпер усё ідзе як па масле, а напачатку неабходнай была падтрымка калег, з дапамогай якіх баявое хрышчэнне маладой радыёвядучай прайшло лёгка і ўпэўнена:

— Асаблівыя цёплыя словы тагачаснаму галоўнаму рэдактару музычнай рэдакцыі Зоі Лявонцьеўне Урублеўскай, Кацярыне Ягоравай, Святлане Шушаковай, Маргарыце Захарыі… Вядома, па першасці я баялася, хвалявалася. Пачынала адразу з радыёэфіраў на канале “Культура”, раней ён называўся “Радыё 2”, вяла перадачу “На крылах мары”, якая да мяне належала цудоўнай радыёвядучай, педагогу, артыстцы Ірыне Майсеевай. Гэта рамантычна-паэтычная праграма, у якой я расказвала пра знакавых асоб беларускай і рускай літаратуры. Інфармацыю вышуквала па бібліятэках, штудзіравала стосы кніг. Гэта зараз інтэрнэт і Гугл нам у дапамогу.

Потым Святлана Мятлева вяшчала эфір “Для тых, хто дома”, ранішнія мадэратарскія блокі, праграмы “Чалавек-экстрым”, “36 і 6” пра здароўе, “Нашы дзеці”, “Армейскую пошту”... Графік радыёвядучага падыдзе не кожнаму. Эфіры да трох гадзін ночы, а ранкам зноў да мікрафона... Здаралася, што і зусім дадому не трапіш:

— Аднойчы прыйшоў госць Віктар Васільевіч Мялешын, ветэран беларускай і савецкай авіяцыі, сібірак, вазіў Пятра Машэрава, амерыканскіх сенатараў — важных персон. Чалавек і сам важны, паважаны, цікавы, не перапыніш… Пілі чай, размаўлялі да позняга вечара, а ранкам перадача з яго ўдзелам выходзіла ў эфір. Рабіла яе ноччу, але сустрэчы з такімі людзьмі — гэта сапраўдны жыццёвы падарунак.

Абедзенны час — не толькі свята для страўніка, а і для душы. “СМС-эфір” — забаўляльная праграма на экватары дня, якую разам са Святланай Мятлевай вядуць Павел Лазовік, Таццяна Гулейка, Андрэй Сініца, Віктар Шулешка, Яна Хадоска, Аліна Страшкевіч. Цяпер “СМС-эфір” стаў “Настроем”, дзе ўласным досведам дзеляцца цікавыя асобы: турысты, альпіністы, мастакі, артысты, літаратары…

Але больш за ўсё Святлана Мятлева любіць перадачу “Вітаем, віншуем, жадаем”, якую вядзе з самага яе ўзнікнення — 18 гадоў. І любіць найперш за чалавечнасць, пачуццёвасць, кранальнасць, душэўныя лісты:

— У СМС асабліва не разгуляешся, тым больш людзям сталага пакалення больш даспадобы эпісталярны жанр. Пісьмы настолькі кранальныя, што, бывае, чытаеш і плачаш. Напрыклад, віншуюць жанчыну не яе родныя дзеці, а тыя людзі, якіх яна калісьці ўратавала падчас вайны: схавала яўрэйскую сям’ю ў сваёй хаце ад фашыстаў, рызыкуючы сваімі дзецьмі. Тыя дзячаць і называюць яе другой мамай.

Або, не ўтрымлівае сентыментальнасці Святлана Мятлева, віншуюць бабулі са святамі ўнукаў, праўнукаў. У фінале пісьма звычайна зычуць — дай Бог здароўя, хай беражэ анёл-ахоўнік… І тады вядучая заўсёды ўяўляе сваю бабулю, быццам гэтыя цёплыя словы Святлане адрасуе яна.

— Канечне, я эмацыянальная, — маё наступнае пытанне вядучая ўспрымае рытарычна. — У эфіры чэрствыя не патрэбны. У акцёра ад уколаў ботаксу знікае міміка — чаго варты такі акцёр? Так і з унутраным светаўспрыняццем у вядучага: што ён каштуе без душы?

Сентыменты сентыментамі, а боязі ў прамых эфірах аніякай:

— Ведаю некаторых журналістаў, якія ў першых радыёэфірах ніякавелі, а потым тэлевізійнымі зоркамі сталі. Першы блін амаль заўжды комам. Трэба гэта ведаць і не баяцца, бо страх перашкаджае. Недарэмна псіхолагі раяць хаця б раз на тыдзень рабіць тое, чаго ты баішся.

— А вы нечага баіцеся?

— Вышыні баюся, напрыклад скокнуць з парашутам. Праўда, лётала на самалётах, якія канструяваў і будаваў муж. Тыя зверхлёгкія лятальныя апараты атрымлівалі высокую ацэнку ад прафесійных лётчыкаў-выпрабавальнікаў.

Ні найменшага сумнення не мае радыёвядучая, што маладосць ідзе ад душы. Як нехта заўважыў: каб жыць і радавацца, трэба рабіць дзве рэчы — жыць і радавацца. Святлана бярэ гэта за дэвіз! Бадзёрасць дазваляе непахісна выстаяць перад нягодамі.

— Некаторыя радыёслухачы нам кажуць: слухаеш вас — і здаецца, гора ў вас ніколі няма. Мы і праўда шчаслівыя, бо хочам такімі быць. А насамрэч вядучыя, які і ўсе людзі: засмучаюцца, перажываюць, хварэюць… Жыццё не такое лёгкае і ў мяне: рана засталася без бацькоў, у 30 не стала мужа, але Бог не дае чалавеку больш за тое, што ён можа вытрымаць. Ну а віншавальную праграму і вядзе, і слухае той, хто ўмее радавацца. І гэтыя флюіды светлых пачуццяў распаўсюджваюцца на ўсю аўдыторыю Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё — не толькі ў нашай краіне, а і за мяжой. Нядаўна віншавалі нас з Сусветным днём радыё з Расіі: «Вы — наша любімае радыё».

— Голас таксама залежыць ад настрою?

— Хутчэй ад стану здароўя. Не дазваляю сабе моцна стамляцца, бо так голас можа і зусім на некаторы час знікнуць. Хутка яго не адновіш, бо найлепшыя лекі — цішыня. Ён, кажуць спецыялісты, прачынаецца пасля дванаццаці гадзін дня, а мы пачынаем з сямі раніцы. Сагрэць звязкі можна чаем ці цёплай вадой, карысна паласкаць горла цёплым алеем. Калега Аляксандр Аўчыннікаў параіў такі рэцэпт: змяшаць цёплае малако, масла, какаву, мёд, шакалад і альяс (кветка). Але альяс не дадаю, горкі ён… Калі дома, лепш лыжку бальзаму.

Вольны час гаспадыня аксамітнага голасу прысвячае, як гэта модна цяпер, ЗЛЖ: плавае ў басейне, займаецца фітнесам. Яна добра шые і вяжа. У 90-я гады, калі паліцы таварамі не трашчалі, штукарыла мужу і дачцэ штаны, паліто, курткі — адметныя, прыгожыя. Па-сучаснаму, гэта хенд-мейд. Нямала падарожнічае, а нядаўна адкрыла і талент мастачкі, хаця сама з сябе пасміхаецца, бо карціну з Эйфелевай вежай ды закаханай парай намалявала па спецыяльнай лічбавай тэхніцы.

Пасля карыснага адпачынку радыёжурналістка зноў вяртаецца да святочных будняў у эфіры, яна ўдзячная за падтрымку і рэалізацыю смелых праектаў кіраўніку Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антону Васюкевічу. Заўсёды побач і найлепшы калега па эфірах — Віктар Шулешка, сябруюць сем’ямі. 

— Парадавала мяне і “Сельская газета”: мы прывыклі, што самі расказваем пра герояў, а вы захацелі распытацца пра нас, дзякую шчыра! — прыемным акордам заключае размову народная любіміца.

Алена БАСІКІРСКАЯ — спецыяльна для «СГ».

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter