Святлана Максімава: Людзі ведаюць, што рабіць, ім проста трэба дапамагчы

Дэпутат, які не па чутках ведае аб тонкасцях працы на зямлі, расказала пра тое, які досвед пераймаюць у беларусаў расійскія фермеры
Дэпутат, які не па чутках ведае аб тонкасцях працы на зямлі, расказала пра тое, які досвед пераймаюць у беларусаў расійскія фермеры



— Святлана Віктараўна, яшчэ дзесяць гадоў назад вы стварылі Саюз фермераў Цвярской вобласці.

— Сельгасвытворцы сёння самыя неабароненыя. За­лежаць ад месца, ад надвор’я, ад чыноўнікаў. Тады мы былі раз’яднаныя, урад да сельскай гаспадаркі ставіўся як да “чорнай дзіркі”. Было відавочна: не аб’яднаемся — знікнем.

— Як прарывацца сёння?

— Трэба ствараць больш кааператываў. У свой час вазіла сваіх фермераў у Фінляндыю, паказвала, як працуюць мясцовыя кааператары. Добры прыклад фермерскага аб’яднання — “Валіа”. Іх масла, малако, смятана ў Расіі добра вядомыя.

У дзяржзакупках павінны ўдзельнічаць не сецевікі, а сельгасвытворцы. Апельсіны мы, вядома, не вырошчваем. Але вырабляем мяса, малако, бульбу, гародніну. Наша прадукцыя павінна паступаць і ў нашы магазіны, і ў дзіцячыя сады, школы, бальніцы, воінскія часці. Калі вытворца будзе ведаць, што яго прадукцыя не апынецца ў канаве і не пойдзе на корм жывёле, будзе развівацца. І цэны стануць ніжэйшыя, калі знікнуць накруткі пасрэднікаў.

— Каб кааперацыя зарабіла на поўную сілу, што трэба рэгіёнам?


— Пілотныя праекты, якія потым можна будзе распаўсюдзіць па абласцях, улічваючы іх спецыфіку. Зразумела, што на поўдні адны ўмовы, у Якуціі — другія, у Цэнтральнай Расіі — трэція.

— У Беларусі гэтую праблему вырашылі.

— Калі туды прыязджаю, душа радуецца. Там няма закінутых палёў. Неяк паспрачалася з беларускімі калегамі, што знайду лапік неапрацаванай зямлі. Не знайшла!

Увесну мінулага года звазіла туды дэлегацыю з Цвярской вобласці. Наведалі некалькіх буйных і дробных вытворцаў, паглядзелі, як развіваецца сельскі турызм. На нашых фермераў паездка зрабіла вялікае ўражанне, асабліва культура вытворчасці. Сталі сваю вытворчасць перанастройваць.

Дапамаглі і сумесныя кірмашы выхаднога дня, дзе шырока прадстаўлена прадукцыя не толькі сельгаснікаў, але і прамысловых прадпрыемстваў, абутнікоў, краўцоў і да т. п. “Сябры” ад нас таксама сёе-тое перанялі. Канкурэнцыі-то ў іх не было, да сябе яны нас не пускаюць. Гэта сур’ёзнае пытанне: кірмашы павінны праходзіць не толькі ў Расіі, але і ў Беларусі. Хоць з іх прадукцыяй канкурыраваць складана. У мясцовай каўбасе мяса ёсць. Калі хто з ненатуральным прадуктам завітае — проста не купяць.

— Бульбу беларускую прывячаеце?

— Калі была фермерам, шмат яе вырошчвала. Вельмі смачная. У нашым саюзе ёсць беларус з Оршы, адтуль ён насенне і прывозіў.

— Дзяржава заклала для аграрыяў мільярд рублёў на субсідыі.

— Гэта вельмі невялікія грошы. Нязвязная пагектарная падтрымка, пра якую марылі фермеры, таксама не апраўдала надзей: занадта малая. Гранты ёсць — пад граматныя праекты дзяржава дае кааператывам больш за 70 мільёнаў рублёў. Кропля ў моры. І яшчэ невядома, ці цалкам і своечасова яны дойдуць да адрасата. Тут многае залежыць ад работы адказных у рэгіёнах. Там часцей за ўсё і ўзнікаюць праблемы.

Хоць як сельгаснік і заканадавец я бачу, якія законы і дапамога патрэбныя сялянам.

— Якія?

— Фермеры і кааператывы не могуць развівацца без зямельных участкаў. Першым яны патрэбныя для будаўніцтва лагістычных цэнтраў. Другім — для стварэння машынна-трактарных станцый. Не кожнай гаспадарцы па сілах тэхніку купляць. У Расіі, каб атрымаць участак, трэба выйграць аўкцыён. Дзяржава абавязана дапамагчы хоць бы крэдыт узяць.

— У нас не толькі кінутых земляў хапае, але і вёсак. Ёсць жадаючыя іх аднаўляць?

— Часта да мяне прыходзяць. Адзін актывіст сабраў каманду з 22 чалавек, у якой ёсць і ўрачы, і заатэхнікі, і трактарысты, і механікі, і настаўнікі. Папрасіў знайсці прыдатную вёску. Цяпер вырашаюць пытанне з раённым кіраўніцтвам. Знайшла і накіравала іх да кіраўніка.

Запомніўся выпадак: пару гадоў назад прыйшоў масквіч, займаўся прамысловым абсталяваннем, але пацягнула да зямлі. Глядзела на яго і думала: “Божачка, гарадскі, куды ты палез?” Прапанавала заняцца трусагадоўляй. Сёння ў яго шэсць тысяч трусоў, вырабляе смачнае дыетычнае мяса, гандлюе на кірмашы, дамаўляецца з сеткавымі магазінамі.

Калі ў вёсцы з’яўляюцца заможныя людзі, яна ажывае, развіваецца. Дзеці нараджаюцца, дарогі будуюцца, інфраструктура. Фермерства — не проста бізнес, гэта лад жыцця. Памятаеце, якія сем’і былі ў рускіх сялян? Шматдзетныя. Народ быў моцны, здаровы, а не кволы, як сёння.

— Відаць, што да вас ужо чарга з хадакоў выстраілася. З чым прыехалі?

— Хлопцы з Кастрамской вобласці просяць дапамагчы перакрэдытавацца. Займаюцца свінагадоўляй і перапрацоўкай, выпускаюць смачны гастранамічны прадукт. Сталі развівацца, узялі крэдыт на адных умовах, а атрымалі на другіх. Трэба дапамагчы: не пускаць жа па свеце семдзесят чалавек, якія ў іх працуюць. Ды і вытворчасць добрая.

— Такое часта здараецца?


— Вельмі часта. Вось чаму важная работа саюзаў фермераў, асацыяцый. Аграрый павінен у іх знаходзіцца, каб у нас была магчымасць яму дапамагчы. Па дапамогу, дарэчы, у асноўным прыходзяць тыя, хто раней адмовіўся ўступаць, хацеў быць сам па сабе. Але адзін у поле не воін. На Захадзе саюзы — магутная сіла. У іх сабраныя 90 пра­цэнтаў фермераў.

МЕРКАВАННЕ

Заканадаўства павінна быць максімальна набліжанае да жыцця


Падчас гутаркі да дэпутата зазірнуў Старшыня Савета Асацыяцыі сялянскіх гаспадарак і сельскагаспадарчых кааператываў Расіі Вячаслаў Цялегін


— Вячаслаў Уладзіміравіч, а вас што сюды прывяло?

— Максімава — наш дэпутат, выступае з заканадаўчымі ініцыятывамі, вырашае праблемы агульнага парадку. Цяпер узначальвае рабочую групу Камітэта Дзярждумы па аграрных пытаннях, які ўдасканальвае закон аб сельскай гаспадарцы. Мы супраць шэрага фармулёвак і прапанавалі свае. Вось, напрыклад, у цяперашнім праекце ў правілах утрымання кароў ёсць непрымальныя нормы: абмяжоўваюць фермерскі статак сотняй галоў. А калі іх шэсцьсот, лішніх пад нож пускаць?!

Дзве трэці патрабаванняў і нормаў састарэлі. Новаўвядзенні таксама не заўсёды радуюць. Сёлета ўвялі ліцэнзаванне гною — хочуць аднесці яго да хімічнай вытворчасці. Цяпер ён адносіцца да гаспадарчай. Хочам звярнуцца ў Мінсельгас, каб падобныя нарматыўныя акты адклікалі.

Заканадаўства павінна быць максімальна набліжанае да жыцця. Да таго ж, перш чым разглядаць законапраект, яго палажэнні неабходна ўзгадняць з рэгіёнамі. Калі спецыялізаваная асацыяцыя не ўзгадніла нарматыўна-прававы акт, не варта ўносіць яго на разгляд, трэба працягваць кансультацыі з прафесіяналамі.

— Якіх законаў вам не хапае?

— У нас, у практыкаў, па кожным заканадаўчым блоку ёсць свае меркаванні на дзясятках старонак. Калі ў двух словах: патрэбныя законы аб арганічным земляробстве, аб дзяржпадтрымцы кааперацыі, малога і сярэдняга бізнесу. Наша кааперацыя слабаканкурэнтная, без фінансавай дапамогі і спрыяльных умоў не выжыве. Асабліва пасля ўступлення Расіі ў СГА. У Падатковым кодэксе трэба прапісаць ільготу пачаткоўцам — на першыя пяць гадоў наогул вызваліць ад падаткаў.

Аснова сельгасвытворчасці ў Расіі — малы бізнес. А многія нарматыўна-прававыя акты пішуцца пад вялікія прадпрыемствы. Тыя, хто іх распрацоўвае, малых не ба­чыць. Гэта стратэгічная памылка.

— З беларусамі супрацоўнічаеце? Што б хацелі ў іх пераняць?

— Ільготнае крэдытаванне. Для нас гэта актуальна. У Беларусі льгота фермерам выдзяляецца прапарцыянальна зямлі. Мы даўно просім: дайце і нам ільготную працэнтную стаўку, як у беларусаў. І пра квоты гаворым. Вось прыклад з сельскага жыцця на нашу сітуацыю: калі вялікае парася і малое да кармушкі дапусціць, каму больш дастанецца? Вялікае ўсё і з’есць, а малое пойдзе і ногі працягне.

Наталля Далгушына
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter