Эстафету популярной на протяжении десятилетий на Белорусском радио программы “Сельская раніца” перенял еженедельный проект журналистки Светланы Башиловой “Своя земля”

Святлана Башылава: «Нашы вяскоўцы — шчыры і працавіты народ»

Некалькі гадоў аддзяляюць Беларускае радыё ад векавога юбілею. З першых эфірных выпускаў і да сённяшняга дня журналісты радыё шмат увагі надаюць справам жыхароў беларускай вёскі. Больш як паўвека штодзённа гучала ў эфіры праграма «Сельская раніца». Эстафету яе прыняў аўтарскі праект журналісткі Святланы БАШЫЛАВАЙ «Свая зямля». Рэпартажы, інтэрв’ю, гутаркі на аграрную тэматыку пастаянна гучаць не толькі ў гэтай праграме, але і ў іншых інфармацыйных і аналітычных выпусках Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.


— Святлана Канстанцінаўна, з першых крокаў журналісцкай дзейнасці вы выбралі сельскую тэматыку. Што вас падштурхнула на гэта?

— А ці магло быць інакш? Мае продкі — нясвіжскія хлебаробы. З малых гадоў бачыла, як родныя і землякі шчыруюць на палях і фермах вядомага «Агракамбіната «Сноў». І сама не цуралася сялянскай працы. У час летніх канікулаў з равеснікамі лапацілі зерне на таку. Пасля заканчэння Сноўскай сярэдняй школы паступіла на факультэт журналістыкі. Вытворчую практыку праходзіла ў нясвіжскай раёнцы. З дыпломам журналіста вярнулася дамоў. Так супала, што да працы на раённым радыё прыступіла ў гарачы час жніва. Расказвала слухачам пра ўборку збожжавых, знаёміла з перадавымі хлебаробамі. Крочу па творчай ніве з сельскай тэматыкай. Для мяне аднолькава значны размовы з хлебаробам, жывёлаводам ці з выбітнымі аграрнымі вучонымі, грамадскімі дзеячамі. Кожная сустрэча абагачае мой журналісцкі арсенал, дорыць новыя знаёмствы. Пераканана: нашы вяскоўцы — шчыры і працавіты народ, яны здольны суперажываць, калі неабходна, сардэчна падтрымаць.

На раённым радыё арганізоўвала прамыя лініі з тагачасным старшынёю Нясвіжскага райвыканкама Уладзімірам Дражыным. У перадвыбарны час народ правяраў уладу на трываласць. Людзі скардзіліся на недаасфальтаваныя дарогі, недабудаваныя дамы, дрэнную пітную ваду і іншыя бытавыя праблемы. Не ставала эфірнага часу, каб усе праблемы асвятляць. Узнікла ідэя запрасіць кіраўніка раёна на прамую лінію. Яго здзіўляла, што людзі скардзяцца: ім жа гарантавана ўсё. Але сваю думку Уладзімір Несцеравіч памяняў адразу пасля першага прамога эфіру. Такія прамыя лініі мы ладзілі па два разы вясною і ўвосень.

Мае рэпартажы гучалі і на хвалях Беларускага радыё ў праграме «Сельская раніца». Адзін з іх запомніўся асабліва: у нясвіжскай гаспадарцы «Юшавічы» вялікія плошчы займаў лён, а ўласнай ільносушылкі не было. Гэты факт прагучаў у адным з выпускаў «Сельскай раніцы». Матэрыял атрымаў рэзананс. Неўзабаве на радыё прыйшло афіцыйнае пісьмо, дзе ўказвалася, што гаспадарцы вы­дзелены неабходны для вытворчага працэсу агрэгат.

— Амаль два дзесяцігоддзі асвятляеце сельскую тэматыку ў праграмах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Ведаю, што вы апантаны гэтай важнай справай. Як удаецца паспяваць усё выконваць?

— Калі любіш, усё будзе ладна. Кожная творчая камандзіроўка дорыць непаўторныя ўражанні. Люблю знаёміцца з людзьмі, слухаць іх пра справы і задумы. Пра ўсё гэта і расказваю ў эфіры. Радыёслухачы заўважылі новы голас і сталі да мяне звяртацца. Нікога не пакідаю па-за ўвагай. Пісьмы, званкі ў рэдакцыю са словамі падзякі надаюць яшчэ большага жадання працаваць. Дарэчы, з былых часоў захавалася добрая традыцыя з журналістамі «Сельской газеты» праводзіць сумесныя акцыі.

У час камандзіровак не абыходзіцца і без кур’ёзаў. Паехала асвятляць жніво ў Івацэвіцкі раён. Там значная частка хлебных ніў на меліяраваных землях. Камбайны ўбіралі збажыну. У мяне планавалася прамое ўключэнне ў эфір з поля. З «рэпарцёрам» паднялася ў кабіну па-сучаснаму абсталяванага электронікай збожжаўборачнага камбайна і вый­шла ў прамы радыёэфір. Да размовы падключыўся камбайнер. За штурвалам, на хаду эмацыянальна расказаў пра ход жніва. Кабіна герметычная, і нашай размове не замінаў гук рухавіка. Пасля завяршэння прамога эфіру падзякавала яго за шчырасць. Як толькі механізатар прыпыніў камбайн, каб я спусцілася на поле, колы сталі на вачах пагружацца ў тарфянік. Давялося выцягваць трактарам. І такіх нестандартных момантаў за гады працы на радыё назбіралася шмат.

— У старэйшага пакалення радыёслухачоў засталася ў памяці праграма «Сельская раніца». Выходзіла яна ў эфір штодзённа, акрамя нядзелі. Кожны выпуск прысвячаўся пэўнай эканамічнай тэматыцы. Сацыяльныя праблемы, пытанні культуры, традыцый, расказы пра цікавых людзей беларускай вёскі насычалі і спецыяльныя выпускі «Вясковага поўдня» і «Вячэрніх зарніц». Цяпер уся аграрная тэматыка сфакусавана ў адной радыёпраграме. Ці атрымліваецца ахапіць усе аспекты вясковага жыцця?

— Эфірны дзень Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё насычаны разнастайным кантэнтам. Пераважную частку зай­мае інфармацыйны і музычны блокі вяшчання, у якіх знаходзяць месца і матэрыялы пра жыццё беларускай вёскі. Аўтарская праграма «Свая зямля» выходзіць у эфір кожную суботнюю раніцу і паўтараецца ў 21 гадзіну. Пятнаццаціхвілінныя выпускі насычаны не толькі матэрыяламі на сельскую тэматыку, але і парадамі спецыялістаў, вопытных гаспадароў для ўсіх, каго цікавіць праца на зямлі. Зараз, калі наша краіна перажывае складаны час, вялікую ўвагу надаём садзейнічанню стабільнасці ў грамадстве.

— Вы пастаянна ў каман­дзіроўках, сустракаецеся непасрэдна з людзьмі розных прафесій і заняткаў, самі вядзеце кожны выпуск аўтарскай праграмы. Пэўна, вас пазнаюць па голасе?

— Мне гэта прыемна. Дзякуй богу, пазбаўлена зоркавай хваробы. Працую не дзеля славы, а люблю гэты занятак. Калі здараюцца выпадкі і станаўлюся сведкай нейкай сітуацыі, у баку не застаюся. Заступаюся за пакрыўджаных. Звычайна людзі ў мяне пытаюцца, дзе працую. Пасля таго як даведваюцца, што на радыё, здзіўляюцца і дзякуюць за чуласць.

— Тэлебачанне — гэта ў першую чаргу карцінка, а на радыё вялікую ролю адыгрывае інтанацыя голасу, уменне выкарыстоўваць гукавыя эфекты. Як карыстаецеся гэтым?

— У працы радыёжурналіста шмат эксклюзіўнага. Важна авалодаць багатым творчым арсеналам. Уменне вар’іраваць голасам прыходзіць з гадамі працы ў эфіры. Вядома, што ад інтанацыі голасу залежыць сэнс сказанага. Па-рознаму можна павітацца і задаць пытанне свайму суразмоўцу. Пачынаю выпуск са слоў вітання, а потым пераходжу на дзелавы тон. Калі запісваю інтэрв’ю ці гутарку, імкнуся не перабіваць чалавека. Далікатна ўдакладняю дэталі размовы.

У час мінулагодніх жнівеньскіх па­дзей удзельнікі маіх радыёпраграм выказваліся пра недапушчальнасць надзвычайных момантаў, заклікалі людзей да ўзаемапаразумення. На пытанне, ці пусцілі б мяцежнікаў на сваё поле, адказвалі: чаму не даць магчымасць папрацаваць на жніве, а пасля і накарміць людзей. Кожны чалавек павінен быць нечым карысны.

— Як выбіраеце герояў сваіх праграм?

— Іх мне дорыць жыццё. Наша зямля багата на сапраўдных асоб. Важна ўмець слухаць суразмоўцу. Чалавек — крыніца незвычайных гісторый. Героі маіх праграм — хлебаробы, сельскія інтэлігенты, аматары садаводства і агародніцтва, людзі розных заняткаў і прафесій, якіх аб’ядноўвае любоў да зямлі. Вядома, што нязвыклы чалавек хвалюецца перад мікрафонам. Перад запісам праграмы цікаўлюся жыццём героя, яго станам здароў’я, распытваю пра сям’ю, дзяцей. Суразмоўца паступова раскрываецца, калі гаворыш з ім шчыра. Сёння актуальна разважаць пра лад у грамадстве. Людзей хвалюе будучае краіны. Калі сустракаюся са старажыламі, яны шчыра прызнаюцца, што моляцца за мір і спакой на нашай зямлі.

Вось днямі вярнулася з камандзіроўкі на Гродзеншчыну. Запала ў сэрца сустрэча ў цудоўнай прыгараднай вёсцы Каматава Абухаўскага сельсавета. Вуліцы патанаюць у кветках, паўсюдна парадак і чысціня. Што ні падворак, то своеасаблівы райскі куточак. Завіталі да старасты вёскі Тамары Кузьміцкай. У немаладых гадоў жанчыны 35 сотак і ўсе па-гаспадарску дагледжаны яе стараннымі рукамі. Тамара Максімаўна да выхаду на пенсію была паляводам. Перанесла цяжкую аперацыю, але не растаецца з працай на зямлі. Гэты занятак прыносіць сялянцы задавальненне. На яе падворку ўласная студня. З вядром вадзіцы сфатаграфавала яе і гэтым відэаздымкам анансавала радыёпраграму на сайце Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Спадзяюся, што анонс дадасць жадаючых паслухаць цікавую працаўніцу.

— Акрамя радыёсродкаў, выкарыстоўваеце і чыста тэлевізійныя элементы творчасці?

— Сучасныя тэхналогіі значна пашырылі тэхнічны арсенал радыё. У дзяцінстве вучылася ў музычнай школе па класу акардэона. Гэта дапамагае падбіраць музыку для аздаблення аўтарскай праграмы. З мэтай прыцягнення слухачоў анансуем відэарадам свае выпускі. Зараз праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў адрозненне ад мінулых гадоў транслююцца толькі па бесправадной сетцы і размяшчаюцца на сайце. Гэта пашырыла аўдыторыю вяшчання. Нам пішуць з розных кантынентаў. У эфіры пастаянна гучаць радыёпаштоўкі, у якіх расказваецца пра самыя знакавыя мясціны Беларусі. Яны дасканала аформлены музычна і дыктарскі.

Сельская гаспадарка — адзін з асноўных складаючых іміджа нашай краіны. Не працэнтамі выканання планавых заданняў ці іншымі статыстычнымі звесткамі аздабляем кожны матэрыял, а цікавымі суразмоўцамі, іх разважаннямі пра сённяшні дзень і будучае беларускай глыбінкі, як дзяржава клапоціцца пра сельскіх жыхароў.

У спадчыну ад журналістаў «Сельскай раніцы» перанялі традыцыю сумесна з Мінсельгасхарчам, Беларускай рэспубліканскай асацыяцыяй «Белсадгадавальнік» і Беларускім саюзам жанчын праводзім акцыю «Сад надзеі». Рэалізуем яе і ў сацыяльных прыютах, дзіцячых дамах. Саджанцамі забяспечваюць фермеры. У час адной з такіх акцый заўважыла, што дзеці не ўмеюць садзіць пладовыя дрэвы. Запрасілі фермера, і ён даў ім практычны ўрок. Дзеці былі ўдзячны садаводу.

— Якія яшчэ традыцыі ў вашай аўтарскай радыёпраграме «Свая зямля»?

— Некалькі гадоў запар «Дажынкі» завяршаем у радыёэфіры акцыяй «Жанчыны на жніве». Разам з прадстаўнікамі Мінсельгасхарча, Беларускага саюза жанчын, Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў АПК выязджаем у адну з гаспадарак і вітаем герояў уборкі збожжавых. Усім калектывам радыё збіраем сродкі на падарункі хлебаробам. Ад іх прывозім спечаны з новага ўраджаю каравай і частуем калег. Такой акцыяй плануем адзначыць і сёлетнія радыёэфіры «Дажынак».

subbat50@mail.ru


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter