Святлана БАШЫЛАВА (Беларускае радыё): «Па-калгаснаму» – значыць лепш, чым у горадзе, у Еўропе...»

З апошняй пачынаюць працоўны дзень руплівыя гаспадары… Са Святланай мы сустрэліся на Чырвонай, 4 напярэдадні яе камандзіроўкі ў Быхаў. Гутарылі паміж тэлефоннымі перамовамі, эфірамі, падрыхтоўкай сюжэтаў…

СВЯТЛАНУ БАШЫЛАВУ добра ведаюць нашыя вяскоўцы. А дакладней — яе голас, які гучыць на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё ў праектах «Дачны сезон» і «Сельская раніца»

З апошняй пачынаюць працоўны дзень руплівыя гаспадары… Са Святланай мы сустрэліся на Чырвонай, 4 напярэдадні яе камандзіроўкі ў Быхаў. Гутарылі паміж тэлефоннымі перамовамі, эфірамі, падрыхтоўкай сюжэтаў…

— Святлана, якія неадкладныя справы вядуць у Быхаў?

— Выбралі туды камандзіроўку, бо Быхаўскі раён — постчарнобыльскі, які актыўна развіваецца, дзе сапраўды можна прасачыць эфектыўнасць дзяржаўных укладанняў у сельгасвытворчасць. Хочацца паглядзець, як, чым і ў якіх умовах жывецца людзям на вёсцы, даведацца пра іх стан здароўя. Нават не сумняваюся, што адтуль мы прывязём цікавыя рэпартажы, зарадзімся аптымізмам. Бо ў самых складаных сітуацыях у кожнага чалавека праяўляюцца лепшыя якасці: любоў да месца, дзе нарадзіўся, прыхільнасць да яго і магчымасць мабілізаваць сябе на стваральную працу. А на харчовым рынку быхаўскія прадпрыемствы даказваюць, што ў іх лепшыя малочная і мясная прадукцыя. У Быхаўскім раёне актыўна развіваецца аграэкатурызм. Што тычыцца прыватнага бізнесу, то ў горадзе прадпрымальнікі з кожным годам павялічваюць працэнт адлічэнняў у раённую казну… Значыць, там ствараюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця розных сфер. А калі казаць пра тое, як гэта ацэньваюць людзі, то прыедзем і адразу паведамім у сваіх праграмах.

Вядома, нам цікава, як у гэтым годзе сейбіты Быхаўскага раёна рыхтуюцца быць з хлебам, кармамі, нарошчваюць аб’ём вытворчасці сваёй прадукцыі.

— Колькі гадоў «Сельская раніца» радуе слухачоў?

— Колькі існуе радыё, столькі ў эфіры і «Сельская раніца». Народжана праграма ў Савецкім Саюзе, тады якраз быў высокі пад’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, самы вялікі росквіт. Сярод пятнаццаці рэспублік перадавыя пазіцыі займала Беларусь.

Мы, як сведкі гісторыі, яе ўдзельнікі, павінны ганарыцца, што лепшыя часы Саюза ў вытворчасці прадуктаў харчавання вяртаюцца. Сёння на паліцах магазінаў мы бачым каўбасу «Савецкая доктарская». І калі ёсць слова «савецкая», то значыць у нас, старэйшага пакалення, яна асацыіруецца з самай якаснай, натуральнай. І можна гэтым прадуктам частаваць і дзяцей, і дарослых. Не сорамна за стол і суседзяў запрасіць…

А ўзяць бульбу. Яна — адзін з галоўных экспартных тавараў, і па выніках мінулага года ў большасці базавых гаспадарак рэнтабельнасць яе продажу больш за сто працэнтаў. Гэта ўзровень часоў Савецкага Саюза! І якасць ільняных тканін у нас вельмі высокая, што ацэньваюць ужо і ў Еўропе…

— Увогуле, якія навіны ў праекта? Ці часта бываеце ў камандзіроўках?

— «Сельская раніца» выходзіць заўсёды ў шэсць гадзін дзесяць хвілін кожны дзень, акрамя нядзелі. Вясковы слухач з ранку даведваецца пра сельскагаспадарчыя справы, пра галоўнае: харчовую бяспеку, навіны АПК. Ну а выезд у камандзіроўкі аздабляе нашу праграму новымі падзеямі, фактамі. І самым галоўным у кожным выпуску застаецца чалавек.

Працуюць у маім праекце Наталля Сцёпачкіна і Таццяна Кулік. Кожны з нас раз у тыдзень, а то і часцей выязджае ў камандзіроўкі. Так кааперыруемся, каб наведаць некалькі раёнаў. Па-першае, наша праца, як і праграма, вельмі цесна звязана з выпускамі навін, таму, калі бываем у сельгаспрадпрыемствах, робім уключэнні з палёў, ферм. А праблемныя, аналітычныя матэрыялы, ці з дарогі, ці з прыездам на месца, даём у «Радыёфакце» і «Пастфактуме»…

Для мяне няма лепшага падарунка, чым сустрэча з простым чалавекам. І часта яны за пяць-дзесяць хвілін інтэрв’ю, а гэта як адно імгненне, аб надзённым гавораць так дакладна, што не кожны спецыяліст, кіраўнік і нават міністр можа сказаць. Яны любяць сваю працу, захоплены ёю і, самае галоўнае, сёння працуюць на высокаэнергетычнай тэхніцы, камп’ютарызаванай, аўтаматызаванай. Дарэчы, зараз нагрузка ў даярак у два-тры разы большая. Яны адказваюць за ўсё: якасць малака, яго транспарціроўку, за работу абсталявання, за прадукцыйнасць. Як многа абавязкаў! Дык, мабыць, трэба ўжо сапраўды называць даярак не аператарамі машыннага даення, а неяк па-іншаму. Над гэтым варта падумаць вучоным і распрацоўшчыкам. І з гэтага пункта гледжання перагледзець і тарыфікацыю… У сучасных умовах і механізатара таксама трэба правільна называць…

— А самі вы — вясковая?

— З Нясвіжскага раёна, скончыла Сноўскую сярэднюю школу. Часткова працавала ў лепшай калгаснай гаспадарцы — сёння «Агракамбінат «Сноў», а раней — калгас імя Калініна. Гэта былі камсамольскія гады. Затым працавала ў камсамоле Нясвіжскага раёна. У раённай газеце, на мясцовым радыё. Лепшае ў журналісцкай рабоце было, калі выязджалі да людзей: у поле, на вытворчасць. Гэта добры ўніверсітэт, які дае жыццё і прадастаўляе магчымасць наша прафесія.

— Ці часта бываеце на вёсцы не па справах працоўных?

— Сёлета вясна прыйшла нечакана. Яна маладая, ранняя. Езджу ў вёску Панюцічы да роднай матулі, якая ў сталым узросце, ёй амаль восемдзесят гадоў. Трэба дапамагчы ў агародзе, кветніку. Стараюся кожны новы сезон чымсьці новым парадаваць. На нашай урадлівай зямлі пасадзіць нейкую экзатычную ці ягадную культуру. Заўсёды абнаўляем сад… Паездкі ў Панюцічы — самыя прыемныя хвіліны ў маім жыцці. Так атрымалася, што мая родная вёска знаходзіцца за тры кіламетры ад Сноўскай сярэдняй школы. І я нават пры вялікай занятасці — была сакратаром камсамольскай арганізацыі, пазней за ўсіх вярталася са школы — заўсёды ішла пешшу. І абавязкова праз лес. І паходы тыя наталялі душу новай энергетыкай, свежым паветрам, уся стомленасць пасля заняткаў, нейкіх спрэчак, дыскусій адыходзіла. Дарэчы, у свой час я яшчэ і музыкай займалася, пісала вершы, і на гэта мяне натхняла якраз родная старонка.

Бацька ў мяне быў рабочы чалавек, мама працавала ў гаспадарцы, але акардыён мелі. У нашым родзе ўсе ігралі на музычных інструментах. Таму песня заўсёды дапамагала. Так мне падабаецца, калі прыязджаю да палешукоў ці на Віцебшчыну, у глыбінку, і там ёсць гаспадаркі, дзе людзі ў працы спяваюць. І вяртаюцца з работы з песняй…

— Вядома, былі нейкія самыя яркія, незабыўныя, дзіўныя гісторыі падчас паездак па Беларусі?

— Кожная камандзіроўка — гэта новыя сустрэчы, падзеі, факты. Зразумела, мы не толькі расказваем пра перадавы вопыт, а і дапамагаем вырашаць праблемы, калі агучваем іх у « Сельскай раніцы» ці ў нашых навінавых і аналітычных пректах. Абавязкова знаходзім выйсце з дапамогай нашых вопытных чыноўнікаў і дзяржаўных дзеячаў.

Прывяду наступны прыклад, які ўрэзаўся ў памяць з мінулага сезону ўборачнай кампаніі. Сумесна з Беларускім аграрным прафсаюзам выехалі ў Любанскі раён. Там начальнік райсельгасхарчу Віктар Статкевіч, калі мы да яго прыйшлі, нават здзівіўся: «У нас столькі праблем, што не вам іх вырашаць». У гэты час ён размаўляў па тэлефоне, выбіваў электрычнасць для збожжатакоў. І такое ў дваццаць першым стагоддзі! На элеватарах не было святла. Вядома, адключылі электрычнасць за даўгі.

Пакінуць гэтага чалавека адзін на адзін з праблемай мы не маглі. Збожжа з поля ўжо паступіла, і калі яго не дапрацаваць, грошы прападуць. А было некалькі сотняў тон, што, вядома, уражвала…

Першае наша ўключэнне — інфармацыйны выпуск — было ў пятнаццаць гадзін. Аб любанскай праблеме мы расказалі ўсёй краіне. І з усіх рэгіёнаў пачалі тэлефанаваць у Мінсельгасхарч, адтуль звязаліся з міністрам энергетыкі, кіраўніком Мінскэнерга, і пытанне ў аператыўным парадку вырашылася. Мы былі на другім таку на Любаншчыне, калі нам далажылі, што электрычнасць падключаецца. Прыкра, што праблема была невырашальнай на працягу тыдня…

— Святлана, усе ж такі, чым вас здзіўляюць, захапляюць вяскоўцы?

— Больш усяго тым, што ў іх ад прыроды захавалася чалавечнасць. Яны жывуць у гармоніі: любяць зямлю, людзей і жыццё. Гэтаму павінен вучыцца кожны, хто жыве ў горадзе і карыстаецца здабыткамі вяскоўцаў. І нават не абавязкова быць родам з глыбінкі, проста трэба паважаць усё тое, што для гараджаніна ствараюць вяскоўцы… Яны і лепш спяваюць, і лепш працуюць, і, калі трэба, у любую гадзіну сутак гатовы адгукнуцца…

Праз вашу газету хачу сказаць на ўсю рэспубліку: па прадукцыйнасці вёска, лепшыя базавыя гаспадаркі ўжо крочаць у нагу з Еўропай. Нават і далей глядзяць… Раней казалі: вось, зрабілі па-калгаснаму. У сэнсе — абы-як. А сёння «па-калгаснаму» — значыць робяць лепш, чым у горадзе, у Еўропе. Не трэба баяцца гэта прызнаць.

— Ці атрымлівалася ў вашых праграмах ствараць вобраз вясковага героя, які запатрабаваны часам?

— Безумоўна. Самыя лепшыя рэпартажы пішуцца пра простых людзей, механізатараў, герояў жніва. У мінулы сезон уборачнай лідарамі на жніве сталі бацька і сын Міхаіл і Сяргей Байдаковы са Шклоўскага раёна, з ААТ «Александрыйскае»! Мы выехалі ў поле, і для інтэрв’ю ў мяне было тры хвіліны. Я павінна была даведацца, у чым сакрэт поспеху бацькі і сына. Вяскоўцы адказвалі проста: перабралі ўвесь камбайн сваімі рукамі, каб ведаць, дзе слабыя месцы. І не дапусцілі, каб нейкія непаладкі парушылі ўборачны рытм. І так працавалі, што амаль не спалі. І таму ў іх выйшаў такі рэкорд сезона. Гэта і ёсць лепшыя людзі рэспублікі, сучасныя героі.

— Слухачы часта пазнаюць радыёвядучых па голасе, вас жа — таксама?

— Так. Як прыемна! Аднойчы выхадным днём мы з дзецьмі пайшлі ў кафэ. А я якраз прыйшла з эфіру і, вядома, гаварыла на беларускай мове. І афіцыянтка адразу пазнала: «Такі знаёмы голас!»… Аказваецца, у яе сям’і старэйшае пакаленне слухае праграму «Сельская раніца», а яны, маладая сям’я, па рэкамендацыях беларускіх вучоных, якія былі ў «Дачным сезоне», праводзяць рэканструкцыю альтанкі. А яшчэ вырасцілі кавун-рэкардсмен…

— Як вы лічыце, ці не згубіць Беларускае радыё сваю аўдыторыю, калі будуць адключаць правадное радыё?

— У некаторых раёнах працэс ужо пайшоў. Лічу, што справа гэта дзяржаўная. Але мы ведаем такія прыклады, калі дзякуючы менавіта правадному вяшчанню, напрыклад у ЗША, выратоўвалі людзей у складаных сітуацыях. Таму да ўсяго новага трэба ісці паступова. Тым больш што гэта была дарагая справа — наладзіць у рэспубліцы правадное вяшчанне. На гэтым, можна сказаць, што трымалася палітыка і ідэалогія. Усе, каму даручана ўдзельнічаць у працэсе адключэння праваднога вяшчання, павінны, як у народзе кажуць, сто разоў падумаць, і рухацца паступова, абдумана, паэтапна.

— Часта, калі бераце інтэрв’ю ў кампетэнтных субяседнікаў, просіце зрабіць прагноз. А калі папрасіць вас спрагназаваць: які будзе сезон у гэтым годзе ў Беларусі?

— Як кіраўнік праекта і з улікам аналізу нашых беларускіх вучоных, а самае галоўнае — мудрых дачнікаў, якія вядуць векавыя календары, магу сказаць: гэты год будзе ўраджайным.

— Для каго?

— Вядома, для слухачоў «Дачнага сезону», Беларускага радыё і вашых чытачоў. Дык, паважаныя, не забывайцеся: стаўку трэба зрабіць на бульбу, таматы, агуркі, капусту, а для тых «мічурынцаў», якія шукаюць новыя гатункі, экзатычныя культуры, абавязкова звярніце ўвагу на навінкі вінаградарства. Яны ёсць у нашым Інстытуце пладаводства. Магчыма вырошчваць такія гатункі вінаграду, якія захоўваюцца да Новага года, а магчыма — экзатычныя, без костачак, як кіш-міш. І гэты сезон, прагназую, будзе ўраджайны для буякой і суніц. Год спрыяльны і для вырошчвання лекавых раслін… Заўжды ў нас будзе ўраджай, калі мы гэтага пажадаем. Нават калі здарацца прыродныя катаклізмы, непагадзь, нашы імкненне і любоў да лепшага заўсёды перамогуць!

— Святлана, дзякуй за парады і сустрэчу! Усяго вам добрага!

Вера ГНІЛАЗУБ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter