Писатель Владимир Саламаха — о книге, посвященной жене Якуба Коласа

Святая Мадонна Марыя...

3 лістапада спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа. Нагадаю, Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (сапраўднае імя) нарадзіўся ў засценку Акінчыцы — цяпер межы горада Стоўбцы. Пясняр у сваіх творах паэзіі і прозы высока над светам узвысіў беларуса. Стварыў яго праўдзівы вобраз, паказаў, як і Янка Купала ў вершы «А хто там ідзе?», спрадвечнае памкненне чалавека зямлі нашай «людзьмі звацца».

Якуб Колас з жонкай Марыяй, сынамі Данілам і Юрыем. Мінск, 1924 г.

Два вялікія сыны свайго народа, яго плоць ад плоці, у звычайным жыцці былі такімі ж людзьмі, як і ўсе. Са сваімі ўласнымі пачуццямі, сямейным бытам, радасцю і горам. І калі напярэдадні дня нараджэння Якуба Коласа гаворка пра яго, дык, вядома ж, трэба сказаць і пра жонку Песняра — Марыю Дзмітрыеўну Міцкевіч (у дзявоцтве — Каменскую). Пра яе выйшла кніга «Табой я жыў, табой жыву» ў выдавецкім доме «Звязда». Вось што піша пра Марыю Дзмітрыеўну Васіліна Міцкевіч, іх праўнучка. (Разам з унучкай Якуба Коласа Верай Данілаўнай Міцкевіч Васіліна Валер'еўна — укладальніца выдання.) Цытую: «Сваё жыццё Марыя Дзмітрыеўна прысвяціла мужу і дзецям, бясконца і няспынна дапамагаючы ўсім, каму
патрэбна была яе дапамога і падтрымка, парады і цёплае слова. Яе светлы вобраз захаваўся ў памяці ўсіх, хто яе добра ведаў і сустракаўся з ёю».

Так, зазначу, у пасляслоўі да кнігі. А да гэтага чытаем шматлікія матэрыялы пра яе, перапіску з мужам, роднымі і іншымі людзьмі. А таксама творы Песняра, прысвечаныя ёй. Разгледзім архіўныя фотаздымкі (і не толькі сямейныя), але ўсе каштоўныя, бо звязаны з Якубам Коласам і яго жонкай. Ды ўдумаемся ў вершаваныя радкі нашых сучаснікаў, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне, і ўявім яе светлы, адухоўлены і такі дарагі нам вобраз. Каханая Песняра. Жонка і муза. Клапатлівая маці. І заўсёды шчырая дарадчыца, сяброўка многіх. А ўвогуле — вялікая жанчына зямлі нашай.

І думалася, калі чытаў кнігу і ўяўляў вобраз Марыі Дзмітрыеўны, што зямля наша, народ бязмежна багатыя на спагадлівых, мудрых жанчын-маці, бясконца добрых да сваіх і чужых. Яны не толькі даюць жыццё, але заўсёды, у любых абставінах, у якія трапляюць самі і ўсе, хто побач і хто воддаль, азараюць яго святлом сваёй душы… (Хай кожны, хто будзе чытаць кнігу, успомніць маці, бабулю, прабабку, усіх жанчын свайго радаводу, як успомнілі сваіх родных Васіліна і Вера Міцкевіч! Ды таксама так, як успомнілі сваіх маці і бацьку Веру Дзмітрыеўну і Канстанціна Міхайлавіча іх сыны Даніла Канстанцінавіч і Міхась Канстанцінавіч).

Бо сярод многіх духоўных каштоўнасцей гэтай кнігі ёсць і такая: выклікаць чытача розных пакаленняў на роздум не толькі пра жыццё Песняра і яго жонкі, але самага звычайнага чалавека, усіх нас у сваёй сям'і ды сярод людзей наогул, у грамадстве. І гэта выданне, такое патрэбнае ў наш няпросты час, калі пэўныя сілы спрабуюць знішчыць духоўнасць, калі хтосьці імкнецца падмяніць вобраз жанчыны-маці як ад Бога дадзенай нам носьбіткі жыцця, з часам увойдзе ў кожную сям'ю. Яна таксама прыклад не толькі сапраўднага сямейнага жыцця, але і канкрэтных асоб, Яе і Яго, наогул сярод людзей… А яшчэ як узор захавання памяці нашчадкаў пра свой род, памяці, якую бацькі павінны перадаць дзецям, а тыя — сваім і гэтак далей, каб не перарывалася нітка жыцця ні ў такіх вялікіх, як Колас, ні ў такіх звычайных, як мы…

Прадмову да кнігі пра Марыю Дзмітрыеўну напісаў даследчык гісторыі айчыннай літаратуры, навуковец і літаратар Мікола Трус. Аўтар у прадмове адзначае наступнае: «У гісторыі беларускай і сусветнай культуры набярэцца нямала прыкладаў, калі нашчадкі пісьменнікаў станавіліся асноўнымі захавальнікамі іх матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны…» І далей: «Даніла і Міхась Міцкевічы. Сыны Песняра, звенчакі памяці і спраўджаныя спадзяванні бацькоў на лепшую долю беларусаў, іх выдатную адукацыю, навуковую і творчую рэалізаванасць». І такое: «Кожны (а гэта і ўсе мы. — У.С.), хто знаёмы з іх словамі і справамі, займеў для сябе высокі маральны аўтарытэт, прыклад слугавання Бацькаўшчыне».

Безумоўна, служыць Радзіме, пра якую марылі нашы папярэднікі і якую будавалі, у тым ліку ўвасабляючы мары пра яе Песняроў, — справа і абавязак кожнага. І на сваім месцы. І нас «маленькіх», або звычайных, і «вялікіх», або знакамітых. (Хаця, несумненна, веліч любога чалавека прыкметна толькі тады, калі ён самааддана «слугуе» не толькі сабе, сваёй сям'і, але і людзям. Напрыклад, хлебаробская праца. Ды і не толькі яна…) Што ж да «слугавання» лю­дзям, грамадству, краіне нашчадкаў Коласа і яго жонкі, дык яно, можа, найперш праз захаванне спадчыны Песняра. Бо Песняры — наша агульнае ўсё… І разуменне гэтага — іх, нашчадкаў Якуба Коласа, абавязак. Дадам ад сябе — святы…

Бо як адзначае Мікола Трус, «гісторыя музеяў Якуба Коласа, радзімых знакаў Беларусі, непарыўна звязана з грамадска-культурнай дзейнасцю Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча». «Дзве кнігі — успамінаў і эпісталярнай спадчыны — гэта доўг памяці, годна сплачаны яго дачкой, Верай Данілаўнай Міцкевіч, заслужанаму бацьку і знакамітаму дзеду». Зноў жа падкрэсліваючы пераемнасці пакаленняў: Васіліна Міцкевіч — сацыёлаг, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа… У кнізе таксама пададзены звесткі пра ўнучку Якуба Коласа і Марыі Дзмітрыеўны Веру Данілаўну Міцкевіч, пра іх сыноў Данілу Канстанцінавіча і Міхася Канстанцінавіча, іншых асоб з гэтага роду. Але навукоўцы, асветнікі, зрэшты, прадстаўнікі розных прафесій, патрэбных людзям… З моцнага зямнога кораня сваіх блізкіх і далёкіх продкаў…

Марыя і Якуб Колас каля свайго дома. Мінск, 1941 г.

Калі карані Песняра нам знаёмы са школы, то радавод Марыі Дзмітрыеўны маштабна падаецца ў кнізе. Вось некалькі звестак. Нарадзілася М. Д. Каменская 7 лютага 1891 года ў Ашмянах у сям'і святара. Памерла 21 мая 1945-га ў Маскве. Пахавана на Вайсковых могілках. Неўзабаве пасля яе пахавання Песняр пісаў сваім родным у Мікалаеўшчыну: «Адчуваю сябе так, як бы мне адсеклі правую руку і адабралі палавіну душы. Цяжка мне і пуста…»

У кнізе ў кожным успаміне пра Марыю Дзмітрыеўну адкрываюцца ўсё новыя і новыя рысы яе вобраза, не толькі як жонкі Песняра, але і як асобы, у многім дзякуючы якой ён, творца, стаў такім, якім яго ведаем. Вось, напрыклад, шчырыя словы малодшай сястры Якуба Коласа Алены Міхайлаўны Лойка пра яе: «Каб не такая жонка брату надарылася, можа, ён такім вялікім не стаў бы». Зноў жа з кнігі. Вера Міцкевіч паведамляе: «З 73 гадоў жыцця Песняра амаль 32 гады свяціла яму «яснюсенькая» зорачка, была яму кветкай радасці і натхнення мілая, слаўная Маруся». А пабраліся яны шлюбам у 1913 годзе ў Пінску — гэтая старонка іх кахання таксама адкрыта чытачу. Так, усё сумеснае жыццё для Песняра Марыя Дзмітрыеўна «была не толькі каханай жанчынай, але і лепшым сябрам. Дарадцам, абаронцам. Яна стварала сямейную ўтульнасць, гадавала дзяцей, вяла хатнюю гаспадарку, падтрымлівала сваяцкія сувязі.
Марыя Дзмітрыеўна цудоўна разумела, што яе любы ў першую чаргу творца, паэт, навуковец, грамадскі дзеяч. Яна старалася зрабіць усё, каб муж мог тварыць, пісаць, працаваць, і гэта адбывалася ў складаных умовах сусветных узрушэнняў першай паловы ХХ стагоддзя».
У кнізе шмат фактаў з творчага, грамадскага і сямейнага жыцця Якуба Коласа. Тут чытаем і яго хвалюючую перапіску з жонкай… Ліст маці да сына Юрачкі (Георгія), які так і не дайшоў да яго, воіна, што знаходзіўся пад Смаленскам… Чытаем шмат своеасаблівых каментарыяў, якія раскрываюць самыя розныя падзеі сямейнага жыцця і паводзін у іх Якуба Коласа і яго жонкі, а таксама іх сямейнікаў… З усяго гэтага зразумела, як пра мужа і дзяцей клапацілася Марыя Дзмітрыеўна, а яны — пра яе. Жыццё сям'і ва ўсе часы было адкрытым для многіх. І гэтая адкрытасць у некаторых сённяшніх сітуацыях успрымаецца як узор чалавечых адносін і дома, і паўсюль, якіх, здараецца, хапае не ўсім… Тут і спагада да іншага, імкненне зразумець яго, уласная дабрыня, і жаданне або нежаданне дапамагчы таму, хто мае такую патрэбу…
У грыбах.

Ва ўсіх успамінах пра Марыю Дзмітрыеўну — не толькі як пра маці, а наогул пра асобу, значнасць якой для нашай літаратуры, думаецца, і далей будзе асэнсоўвацца і даследчыкамі літаратуры, і ўсімі намі, — выдзяляю і гэты, Данілы Канстанцінавіча: «Мама была першым чытачом і крытыкам твораў свайго мужа. Бацька заўсёды ёй першай чытаў толькі што напісаны верш або ўрывак з паэмы, аповесці, рамана. Ён вельмі цаніў заўвагі жонкі, лічыўся з яе думкай».

Вельмі добра, што ў кнізе змешчаны творы, прысвечаныя Марыі Дзмітрыеўне. І словы тых, хто яе ведаў. І знакамітасцей, і звычайных людзей. А яшчэ вершы нашых сучаснікаў-літаратараў. Сярод іх Яўген Хвалей, Людміла Дзіцэвіч, Дзмітрый Дземідовіч, Мікола Маляўка, Віктар Шніп… Асабіста мяне, напрыклад, сваёй шчырасцю ўразілі ўсе: так пішуць толькі пра самых дарагіх і блізкіх… Спынюся на вершы Людмілы Дзіцэвіч «Чатыры Марыі». Думкі з яго: Марыя Дзмітрыеўна — Мадонна. Святая.

Як тая «Святая Мадонна Марыя», што прылятала ў Віленскі край, туды, дзе нарадзілася Марыя Дзмітрыеўна Каменская. Чаму? Каб укрыць ахоўным плашчом «і маці, й дачушку Марыю…» ды спрыяць ім «…найлепшай долі…»

А лепшая доля для чалавека — сапраўдная сям'я, дзе маці і бацька — святло, дзе дзеці — надзея і радасць, дзе згода і лад заўсёды з усімі…

Фота БЕЛТА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter