Святар паводзіў сябе непрыстойна?

СПРАДВЕКУ нашы продкі шанавалі багатую праваслаўную культуру, якая фарміравалася і ўмацоўвалася стагоддзямі.
СПРАДВЕКУ нашы продкі шанавалі багатую праваслаўную культуру, якая фарміравалася і ўмацоўвалася стагоддзямі. У цэрквах ўсяго свету моляцца па канонах слыннага нашага земляка Кірылы Тураўскага.

Уступаючы ў Спасаўскі, ці Успенскі, пост, які пачынаецца 14 жніўня, варта ўзгадаць, што запавет пра пост быў дадзены Госпадам першаму чалавеку ў раі. Пост – даніна жыватворная, абярэг, які ратуе ад смертаносных пачуццяў, грахоўных звычак. Пост адганяе і саму смерць. З біблейскай літаратуры да нас дайшлі радкі: “запаведваў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы, ад усялякага дрэва ў садзе ты будзеш есці, а ад дрэва пазнання дабра і зла не еш, смерцю памрэш”. Тым больш пост стаў неабходным пасля грэхападзення Адама і Евы. Сорок дзён пасціўся нават бязгрэшны Іісус Хрыстос, каб прыгатаваць сябе да справы ратавання свету. Пасціліся і яго вучні, пра што можна заключаць з іх пасланняў. Прысвячаць вядомыя дні года пасту стала ўсеагульнай практыкай хрысціянскай Царквы апостальскіх часоў. І ў нашы дні вернікі свята прытрымліваюцца канонаў пасту. Два тыдні доўжыцца Успенскі пост, пра асаблівасці якога распавядаў Мітрапаліт Павел.

У рэдакцыйнай пошце новыя пытанні ад чытачоў газеты, з якімі азнаёміўся і даў адказ Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Чакаем новых лістоў.



Фота: www.pravoslavie.ru

"Ці лічыцца грахом жыццё сямейнай пары без вянчання?" Наталля ПЯТРОЎСКАЯ, Валожынскі раён

Жыццё мужа і жонкі, якія заключылі шлюб і ўзаконілі яго перад грамадствам, не лічыцца грахом. Важна разумець, што царква бласлаўляе ў таямніцы вянчання шлюб дваіх веруючых мужа і жонкі. Калі адзін з іх яшчэ не прыйшоў да веры ў Хрыста, то гэта зусім не значыць, што такі шлюб грахоўны. Апостал Павел пісаў Карынфянам: “Няверуючы муж асвяшчаецца жонкаю веруючай, і жонка няверуючая асвяшчаецца мужам веруючым. Інакш дзеці вашы былі б нячыстыя, а цяпер святы”. З другога боку, калі і муж, і жонка веруючыя праваслаўныя хрысціяне і не жадаюць атрымаць блаславення Царквы на свой шлюб, гэта можа даць падставу прыхадскому бацюшку задумацца аб прычынах такой сітуацыі.

"Бывае, што святы айцец у храме грубавата паводзіць сябе ў адносінах да прыхаджан. Як быць у такой сітуацыі?" Галіна ЗЛАБЕНКА, Лідскі раён


Па-першае, неабходна памятаць, што вы прыходзіце ў храм да Бога, а не да святога айца. Свяшчэннаслужыцель з’яўляецца пастырам сваёй абшчыны, і мэта яго пастырскай дзейнасці – пазбаўленне ад грахоў сваіх прыхаджан і прывядзенне іх да выратавальнага евангельскага шляху. Не ўсе выпадкі граху патрабуюць ад пастыра спакойных і ласкавых адносін. Парою ўзнікаюць сітуацыі, калі святару неабходна ясна вызначыць верніку магчымыя вынікі грахоўнага намеру і строга ўказаць на немагчымасць ратавання для чалавека, які не выказвае жадання пакідаць грахоўны стан жыцця. Хочацца спадзявацца, што ў вашым выпадку мела месца менавіта такая пастырская рэўнасць святара, а не звычайнае хамства. Калі гэта не так, то вам неабходна паведаміць пра непрыстойныя паводзіны вашага бацюшкі благачыннаму.

"Кожнае лета каталіцкая канфесія праводзіць масавыя маладзёжныя мерапрыемствы, тым самым заахвочваючы моладзь да веры. Чаго амаль не бывае ў Праваслаўнай царкве. Яна больш кансерватыўная. Як наблізіць моладзь да праваслаўя?" Вольга МІШУК, Брэсцкі раён


Я абсалютна не згодзен з вашым перакананнем, што ў Праваслаўнай царкве амаль не бывае маладзёжных мерапрыемстваў. Толькі за апошні месяц у розных епархіях Беларускай царквы іх адбылося каля дзясятка, прычым некаторыя з такіх мерапрыемстваў былі шматдзённымі. Больш таго, у епархіях дзейнічаюць шматлікія маладзёжныя брацтвы, якія прапануюць сваім удзельнікам розныя варыянты сумеснага правядзення адпачынку з карысцю для ратавання сваёй душы.

Чаму некаторыя маладыя асобы не хочуць прымаць удзел у такім служэнні? Адказ на гэтае пытанне ляжыць у іх сэрцах. Бог не прымушае любіць сябе праз сілу нікога, тым больш што мы з вамі не можам і не павінны паступаць так. Гэта не значыць, што мы нічога не павінны рабіць дзеля заахвочвання маладых людзей да Хрыста, зусім не. Мы паказваем магчымасць спалучыць веру ў Бога з цікавым вольным часам і паўнацэнным жыццём сучаснага чалавека, і тым самым даём ім магчымасць выбару, свабоду. Будзем маліцца, каб яны правільна распарадзіліся гэтай магчымасцю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter