Святар Кірыл БАРДОНАЎ, сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Хрыстос нарадзіўся!

Што павінна быць на стале ў вігілійны вечар і з якімі словамі варта сустракаць Божае нараджэнне

Што павінна быць на стале ў вігілійны вечар і з якімі словамі варта сустракаць Божае нараджэнне

Пасля Адвенту — падрыхтоўкі да другога прыходу Хрыста і да святкавання Божага нараджэння — наступае святкаванне вялікай і доўгачаканай урачыстасці. Усё пачынаецца ў вігілійны вечар. Слова “вігілія” азначае “чуванне”, пад гэтым словам разумеюць пярэдадзень нейкага свята. Паколькі хрысціянства пераняло яўрэйскі звычай святкавання нядзелі і ўрачыстасцяў вечарам напярэдадні, вігілія ўрачыстасці Божага нараджэння займае значнае месца ў святкаванні гэтай даты.

З Ерусаліма з IV стагоддзя паходзіць звычай накіроўвацца познім вечарам у Віфлеем, дзе нарадзіўся Хрыстос. Там апоўначы адбывалася святая Імша, пасля якой вернікі вярталіся ў Ерусалім. Рэхам гэтай традыцыі з’яўляецца сённяшняя Імша, якае мае месца 24 снежня ўвечары або ноччу. Такую Імшу называюць “пастэркай”, паколькі вернікі на ёй сабраны вакол Хрыста быццам пастухі, якія першымі прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Езусу. Уводны спеў гэтай Імшы кажа: “Хрыстос нарадзіўся. Паклонімся Яму”.

Аднак перш чым пайсці на гэтую Імшу або на іншую Імшу 25 снежня, у Беларусі прынята збірацца за вігілійным сталом або куццёю. Куцця — гэта колішняя галоўная страва на вечаровым стале ў гэты дзень. Куцця — гэта каша з крупаў, якую раней гатавалі для жалобнага стала па памерлым. Хоць цяпер няма абавязковых прадпісанняў адносна захавання посту і ўстрымання ад мяса ў гэты дзень, многія сем’і дагэтуль посцяць у вігілію Божага нараджэння. Гэта адметная беларуская традыцыя, якую варта захоўваць.

Згодна з беларускім звычаем, сям’я сядае за стол тады, калі на небе з’явіцца першая зорка. Гэта сімвалізуе тое, што зорка паказвала месца нараджэння Хрыста. Стол павінен быць засцелены белым абрусам, што нагадвае нам алтар у святыні і пялёнкі Езуса. Пад абрус прынята класці крыху сена, нагадваючы такім чынам аб тым, што Езус нарадзіўся не ў багатым палацы, але ў нястачы.

Хтосьці з сям’і, звычайна бацька, чытае ўрывак з Евангелля паводле Лукі аб нараджэнні Езуса, які, між іншым, кажа наступнае: “...надышоў час нарадзіць Ёй [Марыі]. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан”.

У вігілійны вечар у нашым асяроддзі прынята пакідаць адну “лішнюю” талерку з прыборамі, каб быць гатовымі прыняць нечаканага госця і пазбегнуць памылкі тых, хто не змог знайсці ў свой час месца для цяжарнай Марыі. Пасля прачытання ўрыўка з Евангелля сям’я дзеліцца аплаткай — тонкім прэсным хлебам, які выкарыстоўваецца ў святой Імшы. Адламваючы невялікі кавалак ад аплаткі іншага чалавека, мы складаем адно аднаму найлепшыя пажаданні і просім прабачэння за ўчыненае зло. Затым усе спяваюць калядныя песні. Сучасным працягам гэтай прыгожай традыцыі з’яўляецца высыланне аплатка блізкім і сябрам разам са святочнымі паштоўкамі.

Пры гэтым у доме могуць быць загадзя да вігілійнага вечара падрыхтаваныя ёлка і стаенка. Стаенка — вобраз стайні, дзе нарадзіўся Езус. Звычайна гэта невялікія фігуры, якія нагадваюць пра тое, як нарадзіўся Езус. З цягам часу ўзнік жанр тэатральнай інсцэніроўкі абставін нараджэння Хрыста — батлейкі. Звычай ставіць ёлку паходзіць з традыцый германскіх народаў. Вечназялёнае дрэва сімвалізуе перамогу над смерцю. Свечкі, якія запальваюцца ў гэты час, нагадваюць нам пра Хрыста — сапраўднае Святло нашага жыцця.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter