Святар Кірыл БАРДОНАЎ: Ідзіце і хрысціце

Што неабходна для хросту дзіцяці ў Каталіцкім Касцёле і хто можа быць хросным?

Што неабходна для хросту дзіцяці ў Каталіцкім Касцёле і хто можа быць хросным?

Нараджэнне дзіцяці ў хрысціянскай сям’і звязана з намерам бацькоў ахрысціць яго. Гэта вельмі важны элемент духоўнага жыцця. “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога” (пар. Мц 28, 19) — такімі словамі Хрыстос устанаўлівае сакрамэнт хросту. Праз хрост з дзіцяці змываецца пляма першароднага граху — граху Адама і Евы. Хрост — гэта таксама брама, праз якую нованароджаны ўваходзіць у вялікую сям’ю веруючых. Дзіця неабходна хрысціць як мага хутчэй пасля нараджэння, паклапаціўшыся, каб маці дзіцяці магла прысутнічаць пры хросце і каб было дастаткова часу для падрыхтоўкі да гэтай значнай падзеі.

Маленькія дзеці не могуць самі вызнаць веру, таму прымаюць хрост па веры бацькоў або тых, хто іх замяняе. Бацькі або апекуны павінны самі прасіць аб хросце для іх дзіцяці, паколькі менавіта яны не толькі прысутнічаюць падчас здзяйснення абраду хросту, але сваімі словамі і асабістым прыкладам выхоўваюць дзіця. Недарэчнай з’яўляецца практыка, з якой часам можна сустрэцца, калі аб хросце дамаўляецца хтосьці іншы замест бацькоў або апекуноў. Калі дзіцяці пагражае небяспека смерці, яго трэба хрысціць неадкладна, і гэта дазваляецца рабіць нават без згоды бацькоў і ў тым выпадку, калі бацькі немаўляці не католікі. У небяспецы смерці дзіцяці, калі няма магчымасці звярнуцца да святара або дыякана, хрысціць можа кожны чалавек.

Хрост — гэта другое нараджэнне для чалавека. У далейшым ахрышчаны запрошаны развіваць сваю веру і жыць згодна з ёй. Калі ёсць такая магчымасць, у новым нараджэнні дзіця суправаджаюць хросныя бацькі. Іх можна ў нейкім сэнсе назваць духоўнымі бацькамі. У дзіцяці можа быць толькі адзін хросны ці толькі адна хросная або адначасова хросны і хросная. 

Хросных бацькоў вызначаюць родныя бацькі (апекуны) дзіцяці. Хросным павінен быць католік, які мае не менш за 16 год, які ўжо прыняў раней святую Камунію і канфірмацыю (бежмаванне), вядзе жыццё, згоднае з верай і адпаведнае функцыі, якую мае выконваць. Можа быць зроблена выключэнне адносна ўзросту хросных. Ахрышчаны, які не з’яўляецца католікам, можа быць дапушчаны толькі разам з хросным католікам. У такім выпадку ахрышчаны некатолік не з’яўляецца хросным бацькам ці маці дзіцяці, а толькі сведкам самога факту хросту, паколькі не можа прыняць на сябе абавязак выхавання дзіцяці ў каталіцкай веры.

Як правіла, бацькі ці апекуны павінны прасіць аб хросце дзіцяці ў касцёле па месцы свайго жыхарства. Найлепшы дзень для хросту — нядзеля, але хрост можа быць удзелены і ў іншыя дні. Пажадана, каб імя, якое даецца пры хрышчэнні, было імем святога альбо святой, каб ахрышчаны меў прыклад для наследавання і свайго заступніка ў Бога. Да дня хросту рыхтуюць свечку і белую вопратку для дзіцяці.

Хрышчэнне — гэта сустрэча дзіцяці з Богам. Яна не павінна скончыцца ў дзень хросту. Наадварот, бацькі і хросныя запрошаныя павінны паказаць дзіцяці шлях да Бога і да бліжніх. Шлях любові. Такім чынам яны запрошаны дапамагчы маладому хрысціяніну знайсці свой шлях да святыні.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter