Для чего используются громничные свечи

Свята жывога агню

Як сведчыць рэлігійны каляндар, 15 лютага права­слаўныя вернікі адзначаюць Стрэчанне Гасподняе. У беларускім народным календары гэта свята вядома як Грамніцы — дзень сустрэчы зімы з летам, свята свечкі і «жывога агню», які ачышчае і абараняе чалавека ад злых духаў.

Фото  pexels.com

Назва «Грамніцы» паходзіць ад імя язычніцкага бога Грамаўніка, або Перуна, — уладара навальніц і дажджу. Галоўны атрыбут свята — васковыя свечкі, якія асвячаліся ў гэты дзень у храме і надзяляліся магічнымі функцыямі. Раней грамнічныя свечкі рыхтавалі самастойна і, як правіла, у бліжэйшую да свята суботу. Свечку стараліся зрабіць як мага большую. Лічылася, што ад яе памеру залежыць сямейны дабрабыт. Пасля асвячэння ў храме, пішуць этнографы Янка Крук і Аксана Катовіч, свечку прыносілі дадому, запальвалі каля парога і яе агнём крыжападобна падсмальвалі кожнаму з членаў сям'і валасы на галаве. Пасля са свечкай абыходзілі ўсю хату, каб ачысціць жыллё ад ўсялякай нечысці. Заходзілі з ёй і ў хлеў, каб абараніць жывёлу.

Фота Паўла Богуша
Грамнічнымі свечкамі кары­сталіся на працягу года — як засцярогай пры прыняцці нованароджанага, у вясельных і пахавальных абрадах. Лічылася, што спальванне свечак адпужвае нечысць, ахоўвае ад навальніцы, дапамагае пры хваробе. Беларусы і сёння запальваюць грамнічныя свечкі падчас маланкі, а таксама даюць яе ў рукі паміраючаму чалавеку, каб палегчыць яго апошнія хвіліны.

З Грамніцамі звязаны і шэраг метэаралагічных прыкмет. Вялікі мароз на свята азначаў, што снег праляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае і сухое. Мяцеліца прадказвала доўгую вясну, а пацяпленне ў гэты дзень сведчыла пра раннюю вясну і непагоднае лета з невялікім ураджаем: «На Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга».

Больш падрабязна пра традыцыі і прыкметы свята можна будзе даведацца заўтра, 13 лютага, у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту падчас абрадавага мерапрыемства «Грамніцы». У праграме — майстар-клас па вырабе грамнічнай свечкі, частаванне гарбатай з зёлак, беларускія народныя забавы і танцы, карагоды і спевы каля вогнішча. 

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter