У старажытным Барысаве ў 15-ы раз адзначаны Дзень беларускага пісьменства
Верасень пакуль амаль не крануў яркiя фарбы прыроды, і горад на Бярэзіне ў гэтыя дні выглядаў па-сапраўднаму летнім. Яму выпаў гонар прыняць усенароднае свята друкаванага Слова, роднай Мовы, беларускай Кнігі...
Яшчэ задоўга да афіцыйнага адкрыцця свята па Беларусі пачалася традыцыйная духоўна-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая 7 верасня завяршыла свой хрэсны ход у Барысаве, а раніцай у мясцовым храме Ражства Хрыстова з гэтай нагоды адбылася Божая літургія. Таксама з раніцы розныя святочныя пляцоўкі горада заклікалі гледачоў на забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, фестывалі, імпрэзы.
І вось ад гарадскога Палаца культуры імя Горкага, дзе прагучала прывітальнае слова ўдзельнікам свята, шэсцем “Шлях духоўнай і гордай зямлі” з прадстаўнікамі гарадоў—сталіц папярэдніх Дзён пісьменнасці ганаровыя госці і ўсе запрошаныя прайшлі да цэнтральнай пляцоўкі сёлетняй фіесты.
— Пятнаццаты год крочыць па нашай зямлi гэтае цудоўнае свята – Дзень беларускага пiсьменства, — гаворыць у сваiм прывiтальным слове старшыня арганiзацыйнага камiтэта, намеснiк прэм’ер-мiнiстра Рэспублiкi Беларусь Аляксандр Косiнец. — За гэтыя гады мы змаглi лепш даведацца, якая наша гiсторыя, якiя таленавiтыя i знакамiтыя нашы землякi, якi ўклад яны ўнеслi ў развiццё адукацыi, культуры, мастацтва нашай дзяржавы, якая цудоўная меладычная беларуская мова – моц i велiч нашай дзяржавы.
Аляксандр Косiнец зачытаў прывiтальнае пасланне Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Аляксандра Лукашэнкi ўдзельнiкам i гасцям урачыстасцей. У iм вiтаецца ўдзел у свяце замежных гасцей, дыпламатычнага корпуса амаль з 45 краiн свету, выказваецца падзяка за тое, што разам з намi раздзялiлi радасць падзеi. Асаблiвыя словы ўдзячнасцi выказаны жыхарам Барысава. У першую чаргу дзякуючы iх самаадданай працы горад набыў новае аблiчча, якое адпавядае сусветнаму i еўрапейскаму ўзроўню.
Звяртаючыся да прысутных, мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi падкрэслiў, што ўсе гарады—сталiцы Дня пiсьменнасцi прыкметна абнаўлялiся, добраўпарадкавалiся. Ад гэтага наша жыццё становiцца куды прыгажэйшым. Мы павiнны памятаць, заўважыў яго высокапраасвяшчэнства, што за цудоўнымi справамi, клопатамi, памкненнямi, вялiкiмi дасягненнямi – за ўсiм гэтым стаiць вялiкая сiла духоўная, малiтоўная. Яна бласлаўляе, натхняе на новыя здзяйсненнi.
Свята шанавання роднага слова пры падтрымцы кiраўнiка краiны стала акцыяй дзяржаўнай важнасцi i значнай грамадска-культурнай падзеяй, адзначыў старшыня Мiнскага аблвыканкома Леанiд Крупец. Яно заклiкана садзейнiчаць зберажэнню духоўнай спадчыны, нацыянальнай культуры. Гасцей свята вiтаў таксама старшыня Барысаўскага райвыканкома Васiль Дылюк.
Арганiзатары 15-га Дня пiсьменства разнастаiлi яго шырокую праграму адкрыццём мемарыяльнай дошкi ў гонар Iвана Каладзеева, вядомага ў Беларусi бiблiяфiла i землеўладальнiка, iмя якога прысвоена Барысаўскай цэнтральнай раённай бiблiятэцы.
А ў парку культуры i адпачынку iмя Горкага быў адкрыты знак-сiмвал «Залаты фалiянт», маленькая копiя якога ўручалася разам з адпаведным дыпломам пераможцам розных намiнацый творчага конкурсу, прымеркаванага да 15-годдзя Дня беларускага пiсьменства.
Дарэчы, з лiку дзяржаўных выдавецтваў такую ўзнагароду атрымалi выдавецтвы «Беларусь», «Мастацкая лiтаратура», «Пачатковая школа», «Беларуская энцыклапедыя iмя П. Броўкi». Шматлiкi атрад лiтаратараў, аўтараў кнiг, прызнаных пераможцамi конкурсу, таксама адзначаны знакамi-сiмваламi «Залаты фалiянт» i дыпломамi конкурсу.
Святкаванне Дня пiсьменнасцi стала пляцоўкай для прэзентацыi некаторых iншых творчых i сацыяльна-грамадскiх праектаў. У iх лiку — дабрачынная акцыя «Крыштальнае сэрца» – сумесны праект Мiнiстэрства iнфармацыi i вядучых рэспублiканскiх СМI. Сiмвалам гэтай акцыi стала заслужаная артыстка Рэспублiкi Беларусь Анжалiка Агурбаш i яе песня «Я буду жыць для цябе». Мэта акцыi высакародная – звярнуць дадатковую ўвагу грамадства на лёс дзяцей, што выхоўваюцца ў дзiцячых дамах.
Ганаровыя дыпломы i статуэткi «Крыштальнае сэрца» ў суботу былi ўручаны генеральнаму дырэктару Гродзенскай тытунёвай фабрыкi «Неман» Юрыю Чарнышову i дырэктару СП «БелРоскабель» Аляксандру Малалетняму.
У той жа дзень удзельнiкi акцыi «Крыштальнае сэрца» наведалi Дом дзiцяцi ў г. Барысаве, куды перадалi развiваючыя цацкi i кнiгi.
Знамянальнай аказалася мiнулая нядзеля i для барысаўскiх паштавiкоў, якiя, кажучы шчыра, таксама маюць непасрэднае дачыненне да Дня пiсьменства. У новае памяшканне пераехала 5-е гарадское аддзяленне сувязi, абноўлены мэбля, iнтэр’ер, аргтэхнiка – у дзесятым аддзяленнi. Удзел ва ўрачыстасцях з гэтай нагоды прынялi намеснiк мiнiстра сувязi i iнфарматызацыi Нiна Гаўрылава i дырэктар Мiнскага абласнога фiлiала РУП «Белпошта» Юрый Комар.
Эстафета 16-га Дня беларускага пiсьменства перададзена гораду Смаргонi Гродзенскай вобласцi.