Пастырское послание архиепископа Иосифа Станевского на Рождество

Свята веры i святла

Пастырскае пасланне на Нараджэнне Пана 2021 года

Напярэдаднi Раства Хрыстовага арцыбiскуп Юзаф Станеўскi, мiтрапалiт Мiнска-Магiлёўскi, звярнуўся з пастырскiм пасланнем «Хвала на вышынях Богу, а на зямлi спакой людзям добрай волi» да вернiкаў Рымска-каталiцкага касцёла Беларусi. У iм, у прыватнасцi, гаворыцца: 

«Урачыстасць Божага Нараджэння — гэта асаблiвы час, калi «слабая добрая воля» вернiкаў павiнна заглыбiцца ў акiян Божай дабрынi. I трэба прасiць Нованароджанага Езуса, каб гэтая дабрыня праз кожнага з нас пералiвалася на iншых людзей, каб стала магчымым унутранае аднаўленне чалавека i духоўнае адраджэнне ўсяго грамадства. Гэта надзвычай важнае заданне для ўсiх, хто шукае i iмкнецца да згоды i еднасцi».


Пасланне напамiнае: «Сёння патрэбны людзi добрай волi, гатовыя да добразычлiвага дыялога ва ўсiх сферах сямейнага i грамадскага жыцця. Мы не можам чакаць, пакуль iншыя стануць добрымi. Папа Францiшак пастаянна нагадвае, што сучасны свет чакае ад нас, веруючых хрысцiян, «Евангелля на далонi», гэта значыць, чакае ад нас праведнага жыцця, у адпаведнасцi з прынцыпамi Евангелля».

У пасланнi асаблiва падкрэслiваецца, што «ўзаемнае праяўленне добрай волi павiнна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды, а гэта патрабуе намаганняў i мужнасцi», а таксама тое, што «мы як хрысцiяне абавязаны не толькi раскайвацца i перапрашаць за свае грахi, але найперш абавязаны выконваць запаведзь любовi да кожнага блiжняга».

У пасланнi даюцца парады тым, хто шукае душэўнага спакою ў час складанай эпiдсiтуацыi, i нагадваецца: «Не выпускайма з-пад увагi галоўнага героя гэтых святаў — Езуса Хрыста, Спрадвечнага Сына Божага, якi, не перастаючы быць Богам, стаўся для нас чалавекам». Таксама нагадваецца: «Сёння таямнiца нараджэння Бога-Чалавека заклiкае чалавецтва: «Прымiце дар дабра ад Бога i дзялiцеся iм памiж сабою». 


Завяршаецца пастырскае пасланне сардэчным вiншаваннем з Раством Хрыстовым:

«Усiх вас, дарагiя браты i сёстры, даручаю заступнiцтву Багародзiцы Марыi, якая пасля дыялогу з Нябесным Пасланнiкам Арханёлам Габрыэлем нарадзiла свету Збаўцу Езуса Хрыста.

На знак паяднання i згоды, мiру i еднасцi дзялюся з вамi белай аплаткай — сiмвалам Нованароджанага Даўцы спакою.

На радасць сустрэчы i дыялога з Богам, чалавека з чалавекам, грамадзянiна з грамадзянiнам у Новым, 2022 годзе сардэчна благаслаўляю вас».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter