Свята Трох каралёў

У каталiкоў сёння свята, якое носiць незвычайную назву, — Тры каралi. Чаму — пра гэта мы спыталi ў святара Рымска-каталiцкага касцёла на Беларусi Аляксандра АМЯЛЬЧЭНI:
— 6 студзеня касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўленне Пана, успамiнаючы ў гэты дзень пакланенне мудрацоў з усходу, што прынеслi Дзiцятку Езусу свае дары: золата, ладан i смiрну. Касцёльная традыцыя называе гэтых мудрацоў таксама каралямi (адсюль iншая назва свята — Тры каралi), а iх пакланенне сiмвалiзуе пачатак Божага Аб’яўлення язычнiцкiм народам, прадстаўнiкамi якiх яны былi.
У Евангеллi гаворыцца, што ў час нараджэння Хрыста “прыйшлi ў Ерусалiм мудрацы з усходу i кажуць: Дзе нованароджаны Кароль Юдэйскi?” Што гэта былi за людзi, з якой краiны i якой рэлiгii — пра гэта евангелiст не дае анiякiх звестак. Але далейшыя словы мудрацоў пра тое, што яны прыйшлi ў Ерусалiм, бо ўбачылi на ўсходзе зорку Караля Юдэйскага. Колькi дакладна было ў Бэтлееме мудрацоў, бiблейская гiсторыя, зноў жа, не гаворыць, але свету вядомы ўсяго тры дары-скарбы, i таму хрысцiяне здаўна сталi лiчыць, што iх было таксама трое.
Пра ўсходнiх мудрацоў склалi цыкл легендаў, у якiх яны паўстаюць ужо не простымi мудрацамi, а каралямi, прадстаўнiкамi трох рас чалавецтва. Пазней традыцыя, абапiраючыся на апакрыфiчнае евангелле IV стагоддзя, называе нават iх iмёны — Каспер, Мельхiёр i Бальтазар i падрабязна апiсвае iх выгляд. Ва ўсходнiх хрысцiянскiх паданнях мудрацы набываюць яшчэ большую знешнюю магутнасць i хараство.
Згодна са старажытнай традыцыяй, гаспадар дома ў гэты дзень пiша асвячонай крэйдай над уваходам у дом цi на дзвярах лацiнскiя лiтары С+М+В i пазначае год (можна напiсаць кiрылiцай — К+М+Б 2007). Традыцыйна лiчыцца, што гэтыя тры лiтары з’яўляюцца iнiцыяламi трох каралёў (Caspar, Melchior, Baltasar). Але на самым пачатку традыцыi гэта быў скарочаны запiс лацiнскага пажадання: Christus mansionem benedicat — Няхай Хрыстус благаславiць жытло! Аднак i першая, i другая iнтэрпрэтацыi не пярэчаць адна адной.
Цяпер тры каралi лiчацца апекунамi ўсiх вандроўнiкаў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter