Свята ўсёй краіны

Сотні культурна-масавых мерапрыемстваў пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны ў Дзень Незалежнасці

Сотні культурна-масавых мерапрыемстваў пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны ў Дзень Незалежнасці. Найбольш маштабныя гулянні запланаваны ў сталіцы. Яшчэ напярэдадні свята, 2 ліпеня, тысячы беларусаў збяруцца каля Палаца спорту ў маляўнічых кашулях на Дзень вышыванкі. Тут жа пройдзе насычанае фізкультурна-спартыўнае свята з веславаннямі на байдарках і каноэ, заездамі на роліках, паказальнымі выступленнямі па сілавым экстрыме і гэтак далей. У Палацы Рэспублікі ў гэты дзень адбудуцца ўрачысты сход і канцэрт “Васiльковае неба” з удзелам лепшых майстроў мастацтва. 


Па традыцыі цэнтральнай падзеяй 3 ліпеня стане ваенны парад, які пройдзе на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў. У ім будуць задзейнічаны больш за 4 тысячы вайскоўцаў і 250 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 40 самалётаў і верталётаў — гледачы змогуць назіраць у небе маляўнічы салют і яркі дымавы шлейф колераў дзяржаўнага сцяга. Упершыню ў парадным страі пройдуць жанчыны-вайскоўцы, зводны разлік кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў і кадэцкіх карпусоў, разлік ваеннаслужачых Народна-вызваленчай арміі Кітая. Яркай часткай параду стане масавае тэатралізаванае прадстаўленне “Мой родны кут” — плошча запоўніцца дзецьмі ў адзенні з назвамі ўсіх гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу краіны як увасабленне будучага
малой радзімы, а у неба будзе выпушчана тысяча паветраных шароў у форме сэрца колераў сцяга, адначасова ў паветра падымецца аэрастат з надпісам “Мая Радзiма”. 

Насычаная праграма святкавання Дня Незалежнасці чакае жыхароў кожнага рэгіёна краіны. Да прыкладу, гродзенцам прапануюць паназіраць за парадам войск, прыняць удзел у танцавальным марафоне і падняцца над горадам на паветраным шары. Магілеўчане прымуць удзел у мітынгу на Буйніцкім полі і ў свяце нацыянальнай культуры пад адкрытым небам. Брэстаўчане ўскладуць кветкі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць — герой” і пабываюць у спецыяльна створаным Маладзёжным патрыятычным цэнтры. Гамяльчан запросяць на эксклюзіўны прабег, фестываль вулічнай культуры і рэканструкцыю футбольнага “Матча Перамогі”. А віцяблян парадуюць выставай ваеннай тэхнікі і выступленнем духавога аркестра.

У розных раёнах Мінска запланаваны квэст-гульні, майстар-класы, мотапарад, фестываль гіравога спорту, дыскатэкі і многае іншае. Увечары жыхароў і гасцей сталіцы зноў запросяць да стэлы “Мінск — горад-герой” — паслухаць артыстаў гала-канцэрта “Беларусь — адзiная Радзiма”. Ва ўсёй краіне свята завершыцца салютамі і супольным выкананнем гімна. 

КАМПЕТЭНТНА

Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны:


— Парады ў Дзень Незалежнасці дэманструюць перш за ўсё тое, што ў нас ёсць што абараняць: мір, стабільнасць, галоўныя каштоўнасці беларускага народа, асноўныя стратэгічныя нацыянальныя інтарэсы, якімі з’яўляюцца суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльная цэласнасць, непахіснасць канстытуцыйнага ладу. Адначасова з гэтым парады паказваюць, што ў нас ёсць чым абараняць усё гэта.

mila@sb.by

Фота БЕЛТА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...