Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Беларускім доме Даўгаўпілса дзеці з розных краін святкавалі Спас

Свята, што пахне мёдам

Народныя святы — заўсёды добрая нагода, каб паглыбіцца ў традыцыі продкаў, зразумець іх духоўную сутнасць. Мы ж, працуючы ў даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры, імкнемся скарыстоўваць святы, каб знаёміць з беларускай культурай і дарослых, і дзяцей. Вось і 9 жніўня прымалі у Беларускім доме выхаванцаў Міжнароднага дзіцячага дзённага летняга лагера “Superkids”. Для нашых юных гасцей зладзілі адукацыйна-гульнявыя заняткі “Спас: Мядовы, Яблычны, Арэхавы”. Бо лета ўжо, як вядома, сыходзіць, а Спас у беларусаў спрадвеку — адно з першых святаў ураджаю, час збору і асвячэння першых дароў прыроды.

У Беларускім доме гасцююць выхаванцы Дзіцячага дзённага летняга лагера “Superkids”

Адзін з кірункаў дзейнасці ЦБК — якраз такая праца з дзецьмі. Мы, дарэчы, ужо маем немалы досвед у гэтай справе. Праводзім, скажам, адукацыйна-гульнявыя заняткі для дзіцячых садоў і школ “Нашы суседзі-беларусы”, экскурсійныя праграмы “Беларускі дом”. Пад час іх знаёмім дзяцей з беларускімі звычаямі, традыцыямі, культурай і прыгожай беларускай мовай.

На гэты раз у гасцінны Беларускі дом зазірнулі каля 40 выхаванцаў дзіцячага летняга лагера, каб пазнаёміцца з традыцыяй святкавання беларускага Спаса. Ён, як вядома, бывае Мядовы, Яблычны, Арэхавы. Арганізатар культурных мерапрыемстваў Ірына Апейнанэ пад час экскурсіі расказала дапытлівым гасцям, як працуе наш Цэнтр, паказала Народную бібліятэку. Малыя з цікавасцю разглядалі выставу фотаздымкаў, а таксама экспазіцыю Беларускай хаткі, слухалі пра даўгаўпілскіх беларусаў ды важныя іх справы на карысць культурнага развіцця шматнацыянальнага горада.

З інтарэсам разглядалі дзеці й мой прыгожы беларускі нацыянальны касцюм. А я распавяла ім пра тое, што жнівень у беларусаў, па старажытнай традыцыі, звязаны з рознымі сельскагаспадарчымі святамі. Прычым у іх цесна пераплецены як спрадвечныя нашы язычніцкія (ці паганскія), народныя і больш познія хрысціянскія традыцыі, абрады. Цяпер 14 жніўня беларусы святкуюць Спас Мядовы, 19-га — Яблычны, а 29-га — Арэхавы. Мы разам спрабавалі зразумець, чаму ў святаў такія назвы. Потым я пазнаёміла дзяцей з выцінанкай, традыцыйным у Беларусі відам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І ў маіх гасцей аж вочкі загарэліся: цікава! Яны за сталамі з вялікім задавальненнем і запалам выразалі з паперы вожыка і яблык, потым наклейвалі іх на паштоўку, а яшчэ — адгадвалі загадкі, прычым на беларускай мове.

А затым, да вялікай радасці дзяцей, мы пілі смачную гарбатку з булкай, мёдам ды іншымі прысмакамі. Яны згадвалі, што ўбачылі-пачулі, абменьваліся ўражаннямі. Зрабілі й фота на памяць. Адыходзячы, выхаванцы дзіцячага лагера, сярод якіх былі дзеці з Германіі, Англіі, Ірландыі, Швецыі, Кіпра, не толькі ўзялі з сабою паштоўкі, зробленыя ўласнымі рукамі, прысвечаныя святу Спасу, што пахне мёдам, яблыкамі, мае смак арэхаў. Яны прыхапілі й шмат выдатных эмоцый і ўражанняў. Дзякавалі за цёплы прыём, за новыя веды, уменні, навыкі. Казалі толькі што вывучаныя словы па-беларуску: “да пабачэння” і “да сустрэчы”. Што ж, такія цёплыя, шчырыя “дзіцячыя сустрэчы” ў нас яшчэ абавязкова будуць.

Марыя Памецька,

г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter