Жыхары Гомеля святкуюць 70-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Сем дзесяцігоддзяў мы жывём пад мірным небам. За гэты час вырасла не адно пакаленне грамадзян, якія ведаюць пра вайну толькі па кнігах, фільмах, успамінах сведкаў тых жудасных падзей. І, на жаль, з кожным годам такіх людзей становіцца ўсё менш. Без мужнасці і адвагі франтавікоў і працаўнікоў тылу не было б той Беларусі, у якой мы зараз жывём. Сучасныя адноўленыя гарады, ладныя вёсачкі, прыгожыя краявіды і спакойнае жыццё... Кожны з ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны заслугоўвае павагі. Сёння іх ушаноўваюць у Гомелі.
— У горадзе пражываюць 69 ветэранаў-вызваліцеляў, — гаворыць Аксана Рудзянок, намеснік старшыні Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта. — І нiкога з іх не пакідаем без дапамогі.
Святкаваць горад пачаў яшчэ ўчора. Так, кожны ўдзельнік вызвалення Гомеля атрымаў спецыяльна выраблены да свята знак «70-годдзе вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Увечары гараджане маглі ўбачыць 838 запаленых свечак — па колькасці вогненных дзён і начэй, якія давялося перажыць нашаму народу.
— Хачу адзначыць, што да знамянальнай даты мы падышлі вельмі сур’ёзна і ўсе сённяшнія святочныя мерапрыемствы рыхтавалі не адзін тыдзень, — працягвае спецыяліст. — Так, з кастрычніка ва ўсіх школах, каледжах, тэхнікумах праходзяць тэматычныя ўрокі памяці і інфармацыйныя гадзіны, навукова-практычныя канферэнцыі, выставы, экспанаты якіх расказваюць пра лёс і жыццё ветэранаў — вызваліцеляў Гомеля, канцэртныя праграмы, віктарыны…
Сёння адчыніць свае дзверы дзіцячае аддзяленне паліклінікі ў 17-м мікрараёне Гомеля. Сваіх першых наведвальнікаў прымуць два аб’екты гандлю па вуліцы Савецкай. Рэканструяваны і адноўлены Курган Славы. Каля яго падножжа замуравана зямля з гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Адэсы, Кіева, Брэсцкай крэпасці-героя… Усяго тут знаходзіцца зямля больш чым з 200 месцаў баявой славы.
Якія яшчэ мерапрыемствы чакаюць гамельчан? У 14.30 пачнецца святочнае шэсце, у якім прымуць удзел як ветэраны вайны, так і маладыя ваенныя. Урачысты мітынг з ускладаннем кветак пройдзе каля брацкай магілы савецкіх воінаў і падпольшчыкаў. Упершыню на чыгуначную станцыю прыбудзе цягнік «Дарога дамоў». Мясцовыя акцёры на дзень ператворацца ў жыхароў Гомеля, якія пасля акупацыі вярнуліся ў родны горад, каб аднавіць яго. Завершацца мерапрыемствы ўрачыстым сходам і святочным канцэртам.