У Беларусі адзначылі 70-годдзе Вялікай Перамогі

Свята ў промнях Славы

70 гадоў назад, 9 мая 1945 года, была здабыта перамога савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, якая доўжылася 1418 дзён і начэй і падчас якой вырашаўся не толькі лёс СССР, але і будучыня сусветнай цывілізацыі.


Фота: Аляксандр Ружачка

Беларусь першая з саюзных рэспублік прыняла на сябе масіраваны ўдар фашысцкіх захопнікаў і страціла ў гады вайны больш за палову свайго нацыянальнага багацця. З першых дзён вайны, стрымліваючы фашысцкія полчышчы, да смерці стаяла Брэсцкая крэпасць. Цэлы месяц вытрымліваў аблогу непахісны Магілёў. За час акупацыі ворагам было знішчана 209 гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 9200 вёсак. Фашысты разбурылі больш за 100 тысяч прадпрыемстваў, знішчылі тысячы навуковых, школьных і медыцынскіх устаноў. Пасля перамогі краіна недалічылася амаль кожнага трэцяга свайго жыхара.

Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, у вялікі і светлы пераможны майскі дзень многім здавалася, што вайна ніколі не вернецца. “Але новыя часы не прынеслі чалавецтву збавення ад войнаў. Сёння мы бачым: трагічныя ўрокі вайны забытыя. Зноў бярэ верх не сіла права, а права сілы. Зноў ірвуцца снарады, палаюць пажары і гінуць людзі. І свет, і Еўропа набліжаюцца да небяспечнай рысы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на парадзе войскаў Мінскага гарнізона ў гонар 70-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.


Фота: Аляксандр Ружачка

Цяпер як ніколі важна памятаць урокі Вялікай Айчыннай вайны. Памятаць пра гэтыя ўрокі павінны і палітыкі, і кіраўнікі, і народы. Найважнейшы з гэтых урокаў такі: няма нічога больш каштоўнага за мір. “І ніякія амбіцыі, ніякія разлікі, ніякія інтарэсы не вартыя таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці”, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў глыбока сімвалічным, што ў ваенным парадзе ў Мінску разам з беларускімі воінамі прынялі ўдзел прадстаўнікі ўзброеных сіл Расіі і ЗША. У той жа час на парадзе ў Маскве чаканілі крок беларускія армейцы, дэманстравалася тэхніка, створаная пры ўдзеле беларускіх прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу.


Фота: Аляксандр Ружачка

У сваім выступленні Прэзідэнт Беларусі таксама падкрэсліў, што Вялікая Перамога 1945 года выратавала Радзіму ад зняволення, вызваліла Еўропу, падарыла ўсяму свету жыццё і свабоду: “Да перамогі нас прывялі чатыры гады жорсткай барацьбы, крыві і ахвяр. Шлях ад Брэсцкай крэпасці да Берліна быў не па-чалавечы цяжкім. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што галоўны ўдар фашыстаў прыняла на сябе беларуская зямля, дзе разыграліся найбольш жорсткія і трагічныя падзеі пачатку вайны. “Менавіта тут, на зямлі Беларусі, быў пахаваны гітлераўскі план маланкавай вайны і закладзены падмурак будучай Вялікай Перамогі, — сказаў Прэзідэнт. — Ворагі кідалі супраць нас сотні тысяч карнікаў, яны дзейнічалі з варварскай першабытнай жорсткасцю, раўнавалі з зямлёй нашы гарады і вёскі, вешалі, расстрэльвалі і палілі жывымі нашых жанчын, дзяцей і старых. З намі вялі вайну на поўнае знішчэнне”.

“Нас не зламалі! Мы выстаялі і перамаглі! Але ў гэтай бітве Беларусь панесла велізарныя страты. І гэты страшны боль не можа загаіць нават час”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.



У ваенным парадзе ў Мінску з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі прынялі ўдзел больш за 5 тысяч ваеннаслужачых і амаль 250 адзінак баявой тэхнікі. Сярод удзельнікаў парада былі курсанты Ваеннай акадэміі Беларусі, ваеннаслужачыя, а таксама зводны аркестр Узброеных Сіл. Акрамя таго, у ім удзельнічалі парадныя разлікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Расіі.

Падчас парада перад трыбунамі гледачоў прайшла тэхніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны, асноўныя ўзоры ўзбраення і ваеннай тэхнікі сучасных Узброеных Сіл Беларусі. За калонай тэхнікі часоў ВАВ прайшлі магутныя браніраваныя машыны, зенітныя ракетныя комплексы, артылерыйскія ўстаноўкі і сістэмы залпавага агню. Сярод іх танкі Т-72Б, баявыя машыны пяхоты БМП-2, бронетранспарцёры БТР-80, сістэмы рэактыўнага залпавага агню “БелГрад” і “Смерч”, зенітныя ракетныя комплексы “С-300ПС”, “С-300В” і “Тор-М2”.


Фота: Аляксандр Ружачка

Упершыню ў парадзе прыняла ўдзел значная колькасць тэхнікі з Расіі са складу рэгіянальнай групоўкі войскаў.

Пасля праходжання механізаванай калоны ў небе над Мінскам жыхары і госці сталіцы змаглі ўбачыць асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі Ваенна-паветраных сіл і войскаў проціпаветранай абароны: баявыя верталёты Мі-8, Мі-24, знішчальнікі МіГ-29, штурмавікі Су-25, ваенна-транспартны самалёт Іл-76, а таксама пілатажную групу “Белая Русь” на самалётах Л-39. Таксама гледачам была прадэманстравана расійская авіяцыйная тэхніка — група з чатырох Як-130 і бамбардзіроўшчыкі Су-34.


Фота: Віталій Гіль

Завяршылі ваенны парад плац-канцэрт роты ганаровай варты ў складзе больш як ста чалавек і выступленне зводнага ваеннага аркестра Узброеных Сіл Беларусі.

Пасля парада прайшло святочнае шэсце.

Уладзімір Самойлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter