Свята першага спаткання

Нацыянальны канцэртны аркестр прэзентаваў «Пiнскiя спатканнi—2009»

З музычнай гісторыяй свайго краю пінчане знаёміліся пад акампанемент Нацыянальнага канцэртнага аркестра

«Пiнскiя спатканнi—2009» – такую назву атрымаў новы музычны праект Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi пад кiраўнiцтвам маэстра Мiхаiла Фiнберга, якi знакамiтыя артысты ўпершыню прэзентавалi ў сталiцы Беларускага Палесся.

Свята, арганiзаванае з дапамогай Пiнскага гарадскога выканаўчага камiтэта i прымеркаванае да Дня горада, стала новай старонкай у асветнiцкай дзейнасцi заслужанага калектыву краiны, скiраванай на адраджэнне i папулярызацыю нацыянальнай музычнай спадчыны.

— Пiншчына мае цiкавую музычную гiсторыю. Трэба, каб мясцовыя жыхары яе ведалi i ганарылiся ёю, а праз яе ганарылiся i ўсёй нашай Бацькаўшчынай, роднай краiнай, дзе мы жывём, — адзначае народны артыст Беларусi прафесар Мiхаiл Фiнберг.

Мастацкая гiсторыя гэтага краю сапраўды багатая, i менавiта ёй была прысвечана першая iмпрэза «Пiнскiх спатканняў—2009» – творчая сустрэча з доктарам мастацтва-знаўства, прафесарам Беларускай акадэмii музыкi Вольгай Дадзiёмавай.

— Галiна музычнага мастацтва Пiнскага краю прадстаўлена асобай культавай. Гэта славуты Напалеон Орда, кампазiтар, музыкант, мастак, выкладчык, любiмы вучань Шапэна. Яго музычныя i жывапiсныя творы, прызнаныя еўрапейскай культурай, захоўваюць моцны ўплыў даўнiх пiнскiх традыцый. Мацi Напалеона Орды — дачка вядомага ў свой час грамадскага дзеяча, пiнскага старасты Мацевуша Бутрымовiча – Юзефiна Бутрымовiч праславiла Пiнск i Пiншчыну яшчэ ў 18-м стагоддзi. Яна была знакамiтай пiянiсткай, яе вiртуознай iгрой захапляўся вядомы меламан, таксама ўраджэнец Брэстчыны i таксама прадстаўнiк старажытнага беларускага роду, апошнi кароль Рэчы Паспалiтай Станiслаў Аўгуст Панятоўскi. Менавiта з лёгкай рукi мацi прыйшоў у музыку Напалеон Орда i, атрымаўшы, вобразна кажучы, гэтую добрую вестку пра музычны свет, панёс яе далёка па-за межы Беларусi, стаў гонарам не толькi беларускай, але i польскай, i французскай культуры, — гаворыць Вольга Дадзiёмава.

Цiкавы гiстарычны экскурс выдатна iлюстравалi выступленнi ансамбля кларнетыстаў i струннага квартэта Нацыянальнага канцэртнага аркестра, у чыiм выкананнi прагучалi адноўленыя намаганнямi музыкантаў калектыву творы славутых сыноў беларускай зямлi Напалеона Орды, Станiслава Манюшкi, Мечыслава Карловiча.

Мiж тым праграма «Пiнскiх спатканняў – 2009» спалучыла музыку розных плыняў.

Сапраўдным парадам камерных калектываў аркестра (а разам з вышэйзгаданымi гэта яшчэ i ансамблi флейтыстаў, трубачоў, салiстаў на драўляных духавых iнструментах, струнны аркестр) стаў аўтарскi канцэрт, прысвечаны 80-годдзю народнага артыста СССР Яўгена Глебава. На гэтым – у той дзень другiм па лiку — музычным спатканнi пiнчане мелi выдатную магчымасць дакрануцца да творчасцi кампазiтара, якi першым у 20-м стагоддзi адкрыў Заходняй Еўропе прафесiйную акадэмiчную беларускую музыку i стаў прызнаным носьбiтам высокага майстэрства ў мастацкiм свеце.

Трэцяе спатканне прызначыў пiнчанам бiг-бэнд Нацыянальнага канцэртнага аркестра. Прыхiльнiкам джаза пашчасцiла стаць першымi слухачамi новай праграмы, падрыхтаванай да 100-годдзя з дня нараджэння легендарнага дырыжора, кампазiтара, трубача-вiртуоза Эдзi Рознера.

Заключным жа акордам свята ў Пiнску прагучаў вячэрнi гала-канцэрт на цэнтральнай плошчы горада — спатканне з музыкай эстраднай, з вялiкiм саставам знакамiтага аркестра i яго вядучымi салiстамi.

Паводле слоў старшынi Пiнскага гарвыканкама Аляксандра Гордзiча, з боку мясцовых улад ёсць намер зрабiць «Пiнскiя спатканнi» традыцыйнымi.

Так што можна спадзявацца, што спатканнi з сапраўдным мастацтвам у сталiцы Беларускага Палесся яшчэ працягнуцца. Што ж да Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, то, як вядома, яго багаты рэпертуар i выканальнiцкi прафесiя-налiзм дазваляюць прапанаваць для новых сустрэч музыку розных напрамкаў i на любы густ.

Дарэчы, за апошнiя 15 гадоў уласнымi намаганнямi аркестра i яго нязменнага кiраўнiка маэстра Фiнберга, якi з’яўляецца iнiцыятарам i аўтарам iдэi правядзення асветнiцкiх iмпрэз у малых гарадах краiны, арганiзавана больш за 100 музычных свят у Нясвiжы i Заслаўi, Тураве i Мсцiславе, Мiры, Маладзечне, Чачэрску i вось цяпер у Пiнску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter