Свята натхнення

8—10 чэрвеня Маладзечна зноў збярэ да сябе самыя яркія таленты

8—10 чэрвеня Маладзечна зноў збярэ да сябе самыя яркія таленты

Там пройдзе ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Гэты маштабны фэст падорыць прыхільнікам творчасці шмат цикавых падзей і добрых эмоцый, сустрэч з сапраўднымі майстрамі, а таксама аматарамі і юнымі талентамі.

Тэатралы змогуць паглядзець рок-оперу «Курган» Ігара Лучанка па матывах аднайменнай паэмы Янкі Купалы, Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» пакажа спектакль па п’есе Уладзіміра Вольскага «Цудоўная дудка». Прыхільнікі вершаванага слова атрымаюць магчымасць пабываць на літаратурна-музычнай вечарыне «Паэзіі чароўная краса» на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра. У ёй прымуць удзел вядучыя акцёры дзяржаўных тэатраў краіны. Пройдуць паэтычныя сустрэчы з удзелам беларускіх паэтаў, будуць прэзентаваны новыя выданні да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Сапраўднай падзеяй абяцае стаць канцэрт акадэмічнай і джазавай музыкі з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. Маладыя таленты пакажуць сябе падчас канцэрта дзіцячых творчых калектываў і юных чытачоў з розных абласцей краіны і г. Мінска, а таксама канцэрта заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.

Новыя «зоркі» запаліць Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.

Фестываль пачнецца і завершыцца грандыёзнымі гала-канцэртамі. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у амфітэатры, парку культуры і адпачынку імя Перамогі, у Палацы культуры, раённай цэнтральнай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча і на іншых шматлікіх пляцоўках.

У святочныя дні на Цэнтральнай плошчы Маладзечна адбудуцца выступленні аматарскіх калектываў Міншчыны, асобным элементам праграмы стане дэманстрацыя калекцый касцюмаў студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці. Каля канцэртнай пляцоўкі будзе абсталяваны «Горад майстроў», дзе народныя ўмельцы прадставяць выставу-продаж сваіх вырабаў з саломы, лазы, дрэва и скуры.

У святочных мерапрыемствах прымуць удзел дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў. Плануецца, што іх наведаюць і ўдзельнікі першага беларуска-літоўскага форуму рэгіянальнага супрацоўніцтва.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter